Бабруйская бабёраманія – бабры засяляюць горад. Нядзельны фотарэпартаж

Бабёр стаў візіткай і брэндам горада, а бабры засялілі вуліцы, плошчы, аркі і крамы горада так шчыльна, што гараджанам ужо становіцца цесна ў горадзе.

Назва Бабруйска пайшла ад рэчкі Бабруйкі, якая ўпадае ў Беразіну ў межах горада. А назва Бабруйка, як мяркуецца, пайшла ад баброў, якія жылі на яе берагах. Таму нядзіўна, што выява бабра эксплуатуецца і бізнесам і ўладамі горада. 

Яшчэ некалькі гадоў таму бронзавы Самуілавіч ля рынку быў ледзь не адзіным сімвалам горада. Яго паміналі ўсе турыстычныя даведнікі. Асобныя кропкі на ягонай фігуры дапамагаюць у грашовых справах, а іншыя, як даказваюць на сваім прыкладзе прадаўцы сувеніраў, дапамагаюць і ў сексуальным жыцці. 

Затым з’явіўся вальяжны прайдоха, які заманьвае ў бабруйскія кавярні. 

Цяпер вялізны бабёр пужае дзетак у арцы на Сацыялістычнай 95. 

“Красны пішчавік” вырабіў чырвонага рэвалюцыйнага бабра. 

Самыя папулярныя сувеніры – таксама бабры.  

Нядзіўна, што бабры сталі адным з важных экспанатаў мясцовага музея. 

Як бачым, у паўднёвай сталіцы Магілёўшчыны імкліва пашыраецца бабёраманія. Бабры тут паўсюль. Ці застанецца ў Бабруйску месца для людзей, або берагі Бабруйкі ізноў заселяць бабры – пакажа будычыня.