“Трапіла колам у яміну і ў гэты момант з рота нешта вылецела. Аказалася, гэта была ўстаўная сківіца”.
Першую веладарожку ў Чэрыкаве пабудавалі ў 2017 годзе – усяго нейкіх пяць гадоў таму, паведамляе мясцовая раёнка. Яе маршрут быў адмыслова пракладзены паміж воркаўт-пляцоўкамі, размешчанымі каля гарадскога возера, на стадыёне і каля школы №1. Дарожка знаходзіцца ў самым цэнтры горада,
Сучасны стан веладарожкі лепш за ўсё апісвае карціна, сведкам якой стала аўтар нарыса пра яе ў раённай прэсе, журналістка Надзея Казанкова.
“Пакуль я ледзь ішла па дарожцы на абцасах, выварочваючы ногі аб камяні, якія там тырчаць, мяне імкліва абагналі дзве жанчыны “ва ўзросце”. – піша Надзея Казанкова – Абедзве былі на веласіпедах і для іх узросту, скажу я вам, ліха імчалі да вуліцы Касманаўтаў. Пры гэтым жанчыны бурна абмяркоўвалі нейкую жыццёвую сітуацыю. У адзін з момантаў адна з іх зрабіла няўдалы манеўр, патрапіла колам у яму, і ў гэты момант на паўслове ў яе з рота нешта вылецела. Аказалася, гэта быў зубны пратэз, прасцей кажучы, устаўная сківіца. Сама, дзякуй Богу, не ўпала. Пажылая жанчына так хутка, наколькі змагла, спынілася і падняла “страту”. Але далей гэты ўчастак веласіпеднай дарожкі абедзве пераадольвалі спешыўшыся і моўчкі.”
Вострыя гравійныя камяні, яміны амаль на ўсю шырыню дарожкі, а часам і арматура на ўзбочынах. У выніку веладарожкай не ў стане карыстацца не толькі раварысты, але і звычайныя мінакі. Акрамя гаротнага стану, яна не адпавядае і самаму мінімальнаму патрабаванню да падобных камунікацый – не абсталяваная адмысловымі дарожнымі знакамі, якія абмяжоўваюць выкарыстанне дарожкі толькі веласіпедыстамі.