У Мікалаеве, былым горадзе пабраціме Магілёва, забіты вядомы ва Ўкраіне бізнесовец і ягоная жонка. У іх дом трапіла расійская ракета

У выніку начнога абстрэлу Мікалаева трагічна загінулі генеральны дырэктар кампаніі «Нібулон» Аляксей Вадатурскі і яго жонка Раіса Вадатурская. У іх дом пацэліла ракета.

«Аляксей Апанасавіч шмат зрабіў для Мікалаеўскай вобласці, шмат для Украіны. Яго ўклад у развіццё сельскагаспадарчай і суднабудаўнічай галін, развіццё рэгіёну неацэнны, адзначаў  кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

Аляксею Вадатурскаму было 74 гады. Ён уваходзіў у топ-100 найбагацейшых украінцаў. У 2021 годзе Forbes Украіна ацэньваў яго багацце ў 430 мільёнаў долараў. Вадатурскі ўганараваны званнем Герой Украіны.

У ноч на 31 ліпеня пасля 01:00 Мікалаеў зазнаў масіраваны абстрэл. Акрамя загінулых Вадатурскіх паведамляецца яшчэ пра двух параненых. Пашкоджаныя аб’екты інфраструктуры: гасцініца, спартыўны комплекс, дзве ўстановы адукацыі, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, а таксама жылыя дамы.

Мікалаеў абстрэльваюць штодзённа.

30 ліпеня горад уначы быў атакаваны з рэактыўных сістэм залпавага агню «Смерч-С». Адзін чалавек загінуў, шэсць атрымалі раненні.

29 ліпеня ў выніку ракетнага абстрэлу Мікалаева загінула 7 і было параненых 7 чалавек. У момант выбуху людзі стаялі на прыпынку грамадскага транспарту.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».