Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі ў сектары Газа, перамоваў пра лёс закладнікаў не вядзецца – СМІ

Прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху рыхтуецца да наземнай аперацыі і пагражаае адказам, які зменіць увесь Бліжні Ўсход – піша Middle East Online.

Спасылаючыся на ізраільскі канал “А24” выданне паведамляе, што Нетаньяху патэлефанаваў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і заявіў, што ў Ізраіля не будзе іншага выбару, акрамя як пачаць наземную аперацыю ў Газе.

Размова паміж Нетаньяху і Байдэнам у нядзелю стала другой пасля нечаканай атакі ХАМАС на Ізраіль. Паводле крыніц, Нетаньяху праінфармаваў Байдэна падчас тэлефоннай размовы, што нельга праяўляць слабасць на Блізкім Усходзе, і гэта прымусіць Ізраіль дзейнічаць з вялікай сілай. 

Нагадаем, у суботу ХАМАС нанёс ракетны ўдар, і яго байцы праніклі праз сушу, мора і праз памежную агароджу ў населеныя пункты, якія атачаюць Газу. Гэта стала самым жорсткім нападам на Ізраіль за апошнія дзесяцігоддзі.

На фота: атака на музычны фестываль у Ізраілі баевікамі ХАМАС

Ізраільская армія адказала інтэнсіўнай бамбардзіроўкай сектара Газа, які кантралюецца ісламскім рухам ХАМАС і знаходзіцца ў аблозе Ізраіля з 2007 года.

У выніку эскалацыі з ізраільскага боку загінула больш за 800 чалавек, у сектары Газа – 560. З абодвух бакоў – тысячы параненых.

Крыніцы адзначылі, што прэзідэнт ЗША спытаў Нетаньяху аб дадатковых сцэнарах эскалацыі пазней, і Байдэн адзначыў, што паведамленні, якія дайшлі да ЗША з Лівана, заключаліся ў тым, што дадатковы фронт не будзе адкрыты. Нетаньяху адказаў Байдэну, што яго турбуе сцэнар адкрыцця дадатковага фронту на поўначы, і што Ізраіль рыхтуецца да гэтага.

Адносна пытання закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках ХАМАС у Газе, Нетаньяху сказаў, што Ізраіль не зацікаўлены ў правядзенні якіх-небудзь перамоваў па гэтым пытанні на дадзеным этапе: «Ніякіх перамоў няма».

Як паведамляе ізраільскі канал, амерыканская крыніца, знаёмая са зместам размовы, заявіла, што Байдэн не спрабаваў пераканаць Нетаньяху не праводзіць наземную аперацыю ў Газе: «Мы не спрабуем пераканаць ізраільцян у гэтым пытанні, таму што мы падтрымліваем права Ізраіля абараняць сябе, і гэта адпавядае нашым уражанням. Мы лічым, што пераканаць ізраільцян у гэтым прама цяпер немагчыма».

Фота: nbcnews.com

Ізраіль – баі на поўдні краіны, мінамёты Хізбалы абстралялі спрэчныя тэрыторыі на поўначы

Сёння, у нядзелю, ліванская радыкальная групоўка Хізбала выйшла на лінію аперацыі “Паводка Аль-Акса”, распачатай байцамі ХАМАС у Ізраілі пасля раптоўнай атакі з сушы, паветра і мора, якая працягваецца другі дзень запар.

Мінамётамі Хізбалы былі абстраляныя тры ізраільскія пазіцыі на фермах Шэбаа – паведамляе Bloomberg. Гэтыя тэрыторыі з’яўляюцца спрэчнымі паміж Ізраілем і Ліванам. Аналітыкі заўважаюць, што адказ ізраільскай арміі на бстрэл быў стрыманым. Ізраільскія сілы абмежаваныя, і хочуць пазбегнуць адкрыцця новага фронту супрацьстаяння, пасля самай небяспечнай атакі за апошнія 50 гадоў. Аднак, ізраільцяне адказалі артылерыйскімі ўдарамі па Ліване і атакай беспілотнікаў на пост Хізбалы недалёка ад мяжы.

Тым часам Армія абароны Ізраіля працягвае аперацыю па ліквідацыі баевікоў ХАМАС на поўдні краіны. Раніцай у нядзелю ізраільскія вайскоўцы заявілі, што іх сілы ўсё яшчэ змагаюцца з уварваннямі ваяўнічай ісламісцкай групоўкі ў васьмі месцах, і што дзве сітуацыі з закладнікамі былі «вырашаныя», але не ўдакладнілі, ці былі ўсе закладнікі выратаваны жывымі.

Па дадзеных Цахала, за ноч Ізраіль паразіў 426 цэляў у сектары Газа, зраўняўшы з зямлёй жылыя дамы гіганцкімі выбухамі. Гэта ўключала 14-павярховую вежу, у якой размяшчаліся дзясяткі кватэр, а таксама офісы ХАМАС у цэнтры горада Газа і мячэці (на фота). У выніку ракетных удараў на тэрыторыі сектара Газа загінула больш за 230 чалавек. Колькасць ахвяр сярод жыхароў Ізраіля ў выніку атакі ХАМАС налічвае каля 300 чалавек, мяркуецца што яшчэ 50 застаюцца ў закладніках. 

Перад світаннем у нядзелю баевікі выпусцілі яшчэ некалькі ракет з сектара Газа, паразіўшы бальніцу ў ізраільскім прыбярэжным горадзе Ашкелон.

У тэлезвароце ў суботу ўвечары прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што вайскоўцы будуць выкарыстоўваць усю сваю сілу, каб знішчыць магчымасці ХАМАСа і “адпомсціць за гэты чорны дзень”. Але ён папярэдзіў: «Гэтая вайна зойме час. Гэта будзе складана.”

Фота: Said Khatib/AFP

Двое кітайцаў прабілі дарогу праз Вялікую кітайскую сцяну, каб скараціць сабе шлях

Паліцыя кітайскай правінцыі Шансі затрымала двух мужчын, якія абвінавачваюцца ў нанясенні незваротнай шкоды аднаму з участкаў Вялікай кітайскай сцяны. Мужчыны падазраюцца ў разбурэнні часткі сцяны экскаватарамі – піша Guardian. Пацярпелы ўчастак, размешчаны прыкладна ў шасці гадзінах язды на захад ад цэнтра Пекіна, узыходзіць да часоў кітайскай дынастыі Мін з XIV па XVII стагоддзе.

У панядзелак кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва CCTV паведаміла, што падазраваныя нанеслі «незваротную шкоду» сцяне эпохі Мін, якая была апісана як «адносна некрануты» ўчастак, які мае значную даследчую каштоўнасць.

На кітайскім тэлебачанні паказалі выяву, дзе пыльная дарога была прарэзана праз доўгі ўзвышаны ўчастак зямлі, які, верагодна, раней быў рэшткамі старажытнага бар’ера.

«У цяперашні час двое падазраваных затрыманыя ва ўстаноўленым законам парадку, расследаванне справы працягваецца» — паведамляе CCTV. Мяркуецца, што яны прабілі дарогу праз сцяну з-за таго, што былі незадаволеныя неабходнасцю рабіць вялікі аб’езд.

Фота: Guardian

Зграі дзікіх сабак дзінга перыядычна нападаюць на людзей на запаветнай выспе каля Аўстраліі

Жанчына была дастаўлена ў бальніцу з ранамі канечнасцяў і тулава пасля “шматлікіх укусаў”. Раней у гэтым месяцы на васьмігадовага хлопчыка напалі на пляжы, а ў чэрвені дзінга зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка – піша Guardian. 

Раніцай у панядзелак 17 ліпеня тры сабакі дзінга напалі на 24-гадовую дзяўчыну, калі яна бегала на пляжы Архідэя на паўночным усходзе выспы Кгары, што раней насіла імя Фрэйзера. Дзяўчыне прыйшлося забегчы ў ваду, спрабуючы выратавацца ад іх.

Двое мужчын на пікапе ўбачылі інцыдэнт і кінуліся ў акіян, каб дапамагчы дзяўчыне. Яны паклалі параненую ў заднюю частку свайго аўтамабіля і адвезлі яе ў бяспечнае месца. Потым яе даставілі ў шпіталь горада Харві-Бэй, на кантыненце, верталётам.

Нягледзячы на ​​рост колькасці нападаў сабак дзінга на выспе Кгары, мясцовыя рэйнджары гнеўна адхіляюць заклікі знішчыць папуляцыю ў гэтым папулярным турыстычным месцы. Востраў Кгары ўнікальны тым, што гэта самы вялікі пясчаны востраў на планеце, а таксама ён знакаміты сваімі “вісячымі азёрамі”. На выспе знаходзіцца каля 40 прэсных азёр, якія размяшчаюцца вышэй за ўзровень акіяна. Выспа ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як непаўторны прыродны помнік.

“Выбракоўка [дзінга] ў сітуацыі на К’гары не з’яўляецца варыянтам. – расказала выданню Лінда Берэндорф, адказны наглядчык на выспе – Наша задача мінімізаваць рызыкі.”

Прынамсі адна з жывёл у зграі, што атакавала дзяўчыну, была аднесена да групы рызыкі і мае нашыйнік з прыладай для адсочвання руху і паводзін.

“Гэта жывёла з патэнцыялам высокай рызыкі. – ахарактарызавала сабаку Берэндорф. – Адзін з дзінга, якога мы ідэнтыфікавалі, удзельнічаў у папярэднім інцыдэнце.”

Раней у гэтым месяцы сабакі дзінга напалі на пляжы на васьмігадовага хлопчыка, а ў чэрвені яны зацягнуў пад ваду 10-гадовага хлопчыка. Яго ўдалося выратаваць, калі ўмяшалася яго 12-гадовая сястра.

У мінулым месяцы рэйнджары таксама ўсыпілі аднаго дзінга пасля некалькіх месяцаў нападаў, падчас якіх сабака ўкусіў сямігадовага хлопчыка і 42-гадовую жанчыну.

Рэйнджары звязваюць рост колькасці нападаў з ростам колькасці людзей, якія ігнаруюць абмежаванні на кармленне і ўзаемадзеянне з жывёламі. Паводле ацэнак, на востраве пражывае ад 100 да 200 дзінга.

Фота: Adam Benko/Getty Images/iStockphoto

Паслядоўніца Чарльза Мэнсана можа выйсці на волю пасля 50 гадоў турмы

19-гадовая Лэслі Ван Хаўтэн удзельнічала ў забойстве бакалейшчыка Лена Лаб’янкі і яго жонкі Размары ў 1969 годзе. Зараз ёй 72 гады і праз пару тыдняў яна можа выйсці па ўмоўна-датэрміновым вызваленні – піша The Guardian.

Забойства бандай Чарльза Мэнсана – якую прынята таксама называць дэструктыўнай сектай, а самі яны называлі Сям’ёй – некалькіх чалавек у 1969 годзе стала адной з самых гучных крымінальных гісторый у масавай свядомасці. Сярод ахвяр секты была жонка знакамітага рэжысёра Рамана Паланскі актрыса Шэран Тэйт на дзявятым месяцы цяжарнасці. Усяго банда Мэнсана забіла сама меней дзевяць чалавек. 9 жніўня 1969 года імі была забітая сямейная пара Лаб’янка, Лена і яго жонка Размары.

У дзень забойства сям’і Лаб’янка група ўдзельнікаў секты Мэнсана на чале з ім самім некалькі гадзін кружыла па Лос-Анджэлесе ў пошуках выпадковых ахвяр. Позна вечарам група спынілася каля прыватнага дома, які належаў уладальнікам сеткі невялікіх крам – Лена і Размары Лаб’янка. Мэнсан і галоўны злачынца ў бандзе Тэкс Уотсан праніклі ў дом, напалі на гаспадароў, звязалі іх і заткнулі ім раты. Пасля гэтага сам Мэнсан і яшчэ трое ўдзельнікаў з’ехалі, а да Тэкса Уотсана далучыліся Патрыцыя Крэнуінкл і Лэслі Ван Хаўтэн. Тэкс забіў Лена Лаб’янка, а наверсе ў спальні Ван Хаўтэн і С’юзан Аткінс спрабавалі забіць Размары, але тая вырвалася. Тэкс, які прыйшоў на дапамогу, дапамог паваліць Размары Ла-Б’янка, пасля чаго Ван Хаўтэн забіла яе нажом.

У 1971 годзе Лэслі Ван Хаўтэн разам з іншымі членамі секты Мэнсана была асуджаная да смяротнага пакарання, якое ў 1972 годзе ёй замянілі на пажыццёвае зняволенне. 

Злева направа – Сьюзан Аткінсан, Патрыцыя Крэнуінкл і Лэслі Ван Хаўтэн падчас суда. Фота: Anonymous/AP

На працягу наступных дзесяцігоддзяў Ван Хаўтэн некалькі разоў падавала на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, і нягледзячы на чатырохразовае станоўчае рашэнне камісіі па вызваленні, яе выхад на волю блакіраваўся рашэннем губернатара штата Каліфорнія.

Цяпер жа, на пяты раз, губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам абвясціў, што не будзе прасіць Вярхоўны суд штата заблакіраваць умоўна-датэрміновае вызваленне Ван Хаўтэн. Гэта адкрывае ёй магчымасць выйсці з турмы ўжо на працягу бліжэйшых тыдняў.

Фота: Stan Lim/AP

Глабальнае пацяпленне выйшла з-пад кантролю – ААН

Свет пабачыў самы гарачы тыдзень за ўсю гісторыю метэаралічных назіранняў.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што «змены клімату выйшлі з-пад кантролю», паколькі неафіцыйны аналіз дадзеных паказаў, што сярэднія сусветныя тэмпературы за сем дзён да мінулай серады былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў – піша The Guardian.

«Я думаю, што мы рухаемся да катастрафічнай сітуацыі, як дэманструюць два апошнія тэмпературныя рэкорды» – сказаў Антоніу Гутэрыш, маючы на ​​ўвазе сусветныя тэмпературныя рэкорды, пабітыя ў панядзелак і аўторак.

Сярэдняя глабальная – па ўсім свеце – тэмпература паветра ў аўторак склала 17,18 градусаў па Цэльсію, перасягнуўшы 17,01, адзначаныя ў панядзелак.

«Хутчэй за ўсё, ліпень будзе самым цёплым за ўвесь час, а разам з ім і самым гарачым месяцам за ўвесь час… «за ўвесь час», гэта значыць з часоў Ээмія [міжледавіковага перыяду], які адбыўся каля 120 000 гадоў таму» – сказаў доктар Карстэн Хаўштэйн, навуковы супрацоўнік у галіне атмасфернай радыяцыі ў Лейпцыгскім універсітэце.

Самыя розныя часткі свету перажываюць хвалі спякоты, і ў чацвер служба маніторынгу клімату ЕС заявіла, што ў мінулым месяцы ў свеце быў самы гарачы чэрвень за ўсю гісторыю.

Выключна мяккая зіма ў Антарктыцы найбольш спрыяла рэкордам цяпла на гэтым тыдні. Тэмпература некаторых частак кантынента і блізкага акіяна была на 10-20 градусаў вышэй, чым у сярэднім з 1979 па 2000 год.

«На гэтым тыдні тэмпература над акіянам і асабліва вакол Антарктыкі была незвычайнай, таму што франты ветру над Паўднёвым акіянам моцна штурхаюць цёплае паветра глыбей на поўдзень» – сказаў Рагу Муртугудэ, прафесар навукі аб атмасферы, акіяне і зямных сістэмах з Універсітэта Мэрыленда. 

Фота: BBC

Перуанскія археолагі знайшлі ў Ліме 3000-гадовую мумію

Перуанскія археолагі выявілі ў Ліме мумію узростам каля 3000 гадоў, якая была закладзена падчас будаўніцтва храма ў якасці рытуальнай ахвяры.

Даследчыкі і студэнты з Універсітэта Сан-Маркас падчас археалагічных раскопак спачатку знайшлі рэшткі валасоў і чэрапа муміі ў баваўняным вузле падчас раскопак, а затым выявілі астатнюю яе частку. 

Па меркаванню археолагаў, мумія, верагодна, належала да манчайскай культуры, якая развівалася ў далінах Лімы паміж 1500 і 1000 гадамі да нашай эры. Яна была звязана з будаўніцтвам храмаў, якія ўзводзілі ў форме літары U, звернутай да ўзыходу сонца.

Знойдзеная мумія – гэта чалавек пакінуты ў якасці ахвяры на апошнім этапе будаўніцтва гэтага храма і адбылося гэта каля 3000 гадоў таму – паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters.

У выніку археалагічных раскопак былі знойдзены розныя прадметы і расліны, пахаваныя разам з целам, у тым ліку кукуруза, лісце кокі і насенне, якія, на думку даследчыкаў, маглі быць часткай паднашэння. Цікава, што даследаванні ўжо не першы год праходзяць у межах сучаснай густазаселенай сталіцы Перу – Лімы, якая з’яўляецца адным з самых вялікіх гарадоў Паўднёвай Амерыкі і налічвае боль за 9,6 мільёнаў жыхароў. 

Фота Reuters

Для фільма пра Барбі спатрэбілася столькі ружовай фарбы, што яна стала дэфіцытнай ва ўсім свеце

У глабальнай кампаніі Rosco, буйным пастаўшчыку фарбавальнікаў пацвердзілі, што на фільм “Барбі” ім прыйшлося аддаць апошнія запасы ружовай фарбы.

Мастак-пастаноўшчык фільма “Барбі” Сара Грынвуд распавяла, што падчас будаўніцтва Барбіленду і версій лялечнага Дома мараў у натуральную велічыню, “у свеце скончыўся ружовы колер”.

У размове з Architectural Digest рэжысёр фільма Грэта Гервіг і мастак-пастаноўшчык фільма Сара Грынвуд распавялі аб будаўніцтве Барбіленда, які амаль цалкам флуарэсцэнтна-ружовага колеру, ад «Дома мары» ў натуральную велічыню да дарог і ліхтарных слупоў.

Ларэн Прауд, віцэ-прэзідэнт па глабальным маркетынгу Rosco, кампаніі па вытворчасці фарбаў, выкарыстанай у фільме, падзялілася падрабязнасцямі з Los Angeles Times .

Яна пацвердзіла, што ў фільме «было столькі ж фарбы, колькі ў нас было», але адзначыла, што вытворчасць Барбі супала з больш шырокімі праблемамі ў глабальнай ланцужку паставак падчас Covid-19, а таксама з экстрэмальным надвор’ем у Тэхасе ў пачатку 2021 года, якое паўплывала на жыццёва важныя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся каб стварыць фарбу.

“Быў гэты дэфіцыт, і тады мы далі ім усё, што маглі.” – сказала яна – “Яны сапраўды ачысцілі нас ад фарбы”.

У інтэрв’ю Architectural Digest рэжысёрка Грэта Гервіг расказала, што ярка-ружовае адценне ў фільме было важным для «захавання «дзіцячага» выгляду» эстэтыкі твору, і што дызайн Барбіленда быў натхнёны домам Каўфмана ў Палм-Спрынгс, карцінамі Уэйна Цібо і іншымі.

– Я хацела, каб ружовыя былі вельмі яркімі, і каб усяго было занадта шмат. – сказала Гервіг, дадаўшы, што яна не хацела «забываць тое, што прымусіла мяне палюбіць Барбі, калі я была маленькай дзяўчынкай».

У фільме «Барбі» галоўныя ролі выконваюць Марго Робі і Раян Гослінг у ролі лялечнага кавалера Кена. Фільм выходзіць у сусветны пракат 21 ліпеня.

Фота з адкрытых крыніц

 

У Індыі сутыкнуліся тры цягнікі, загінулі больш за 300 чалавек

Прычынай буйнейшай за апошнія 30 гадоў катастрофы маглі стаць чалавечы фактар, альбо памылковы сігнал семафора.

У пятніцу вечарам у раёне Баласор ва ўсходнім штаце Індыі Адыша пасажырскі экспрэс “Шалімар – Чэннай Карамандэл” сышоў з рэек і часткова перавярнуўся на суседнія пуці, дзе ў яго ўрэзаўся іншы поезд – экспрэс “Есвантпур – Хаора”, які не паспеў скінуць ход – паведамляе BBC. Зараз вядома пра больш чым 300 ахвяр трагедыі.

Ад 10 да 12 вагонаў аднаго цягніка сышлі з рэек, і абломкі некаторых сапсаваных вагонаў упалі на суседні шлях. У абломкі ўрэзаўся іншы пасажырскі цягнік, які йшоў з супрацьлеглага напрамку, у выніку чаго некалькі вагонаў другога цягніка таксама сышлі з рэек, перадае Guardian словы Амітабха Шармы, пресс-сакратара міністэрства чыгунак.

Пасля гэтага адбылося яшчэ адно сутыкненне, ужо з таварным складам, які стаяў на пуцях.

“Сіла, з якой сутыкнуліся цягнікі, прывяла да таго, што некалькі вагонаў аказаліся цалкам раздушаныя” – распавёў Атул Карвал, кіраўнік Нацыянальных сіл рэагавання на стыхійныя бедствы Індыі.

Адзін з тых, хто выжыў, распавёў індыйскаму навінаваму агенцтву ANI, што, калі здарылася аварыя, на яго ўпалі 10-15 чалавек.

“Я пашкодзіў руку і шыю. Калі я выбраўся з вагона, я ўбачыў, што нехта страціў руку, нехта страціў нагу, а ў кагосьці быў знявечаны твар” – сказаў ён.

У Індыі дзейнічае адна з найбуйнейшых чыгуначных сетак у свеце. Аварыі на чыгунках тут здараюцца дастаткова часта, нягледзячы на тое, што ўлады інвестуюць сотні мільёнаў долараў у паляпшэнне інфраструктуры.

У 1995 годзе каля Нью-Дэлі сутыкнуліся два цягнікі, загінулі 358 чалавек. Гэта стала адной з самых страшных чыгуначных аварый у Індыі. У 2016 годзе пасажырскі цягнік саслізнуў з рэек паміж гарадамі Індаур і Патна, у выніку чаго загінулі 146 чалавек.

У большасці чыгуначных аварый у Індыі вінавата чалавечая памылка або састарэлае сігнальнае абсталяванне. Гэтыя дзве прычыны разглядаюцца зараз як асноўныя версіі падзей, што прывялі да катастрофы. 

Фота: BBC

У Сіднэі адкрыўся Vivid – знакаміты фестываль святла, фарбаў, музыкі і ідэй

Буйнейшы горад Аўстраліі ў канцы мая і ў чэрвені на тры тыдні ператвараецца ў яркі калейдаскоп і прымае мільёны наведвальнікаў.

Фестываль Vivid праходзіць пачынаючы з 2009 года, а ствараўся ён як фестываль разумнага святла ў імя энергаэфектыўнасці. За 14 гадоў ён стаў буйнейшай фестывальнай пляцоўкай у краіне, а адной з традыцыйных «пляцовак» фестывалю з’яўляецца будынак Сіднэйскай оперы, на які мастакі праецыруюць розныя маляўнічыя выявы.

У гэтым годзе гасцям фестываля прапанавана светлавая прагулка працягласцю 8,5 кіламетры ад Опернага тэатра да Цэнтральнага вакзала.

На сваім вэб-сайце Vivid цяпер прапагандуе тое, што арганізатары называюць сваёй “прыхільнасцю да ўстойлівай і экалагічнай адказнасці”.

У паведамленні арганізатараў гаворыцца, што аднаўляльныя крыніцы энергіі, акрэдытаваныя экалагічна чыстымі, сілкавалі больш за 80 працэнтаў асвятляльных установак у мінулым годзе.

Vivid адкрыўся ў пятніцу ўвечары і з’яўляецца штогадовым фестывалем святла, музыкі, ідэй і ўпершыню – ежы. Ён будзе доўжыцца да 17 чэрвеня і на разнастайных пляцоўках чакаюцца каля двух мільёнаў наведвальнікаў – паведамляе ABC News.

Фота з адкрытых крыніц і з сайта фестываля vividsydney.com