Пачатак будаўніцтва гэтай лякарні шырока асвятляўся праўладнымі медыямі, але пра тэрмін яе ўвядзення ў эксплуатацыю паведамляць пазбягалі.
Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў, нібы між іншым, сказаў, што завяршэнне прац на важным аб’екце для рэгіёну плануецца сёлета.
Магілёў.media звярнуў увагу, што на пашпарце аб’екту, вывешаным на агароджы будоўлі, адсутнічаюць даты пачатку і завяршэння будаўніцтва.
Згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.
26 жніўня тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў» паведаміў, што ўвесці ў эксплуатацыю новы корпус інфекцыйных хваробаў плануюць да канца гэтага году. Кошт аб’екту складзе больш за 50 мільёнаў рублёў. Тое было агучана ў інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандрам Старавойтавым. Асабіста ён даты завяршэння будаўніцтва не назваў.
Па яго словах да неабходнасці ўзвядзення спецыялізаванай лякарні падштурхнула гарадскія ўлады «кавід-інфекцыя».
«Якая прыйшла і мы, скажам так, не зусім былі гатовыя першапачаткова да такога аб’ёму пацыентаў, паказала, у якім напрамку мае развівацца інфекцыйная служба», – казаў Аляксандр Старавойтаў у інтэрвʼю магілёўскім тэлевізійнікам.
Новы корпус называюць альтэрнатывай мясцовай інфекцыйнай больніцы, якая функцыянуе ад 1960 гадоў і месціцца ў невялікім будынку. Ён, як заяўляецца, стане важным этапам цэнтралізацыі інфекцыйных службаў гораду.
У перадачы тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў» згадалі яшчэ адну лякарню, якую цяпер узводзяць у цэнтры гораду – корпус экстраннай хірургіі.
Пра яго таксама пісаў Магілёў.media з акцэнтаваннем увагі на адсутнасць на пашпарце аб’екту датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва. У сюжэце магілёўскіх тэлевізійнікаў іх не назвалі. Агучылі, што кошт будаўніцтва больш за 110 мільёнаў рублёў.