Свіны грып не пускае кракен на Магілёўшчыну

Па дадзеных беларускага Міністэрства аховы здароўя кракен пакуль не выяўлены ў Магілёўскай вобласці. Яго распаўсюджванню замінае эпідэмія свінога грыпу. 

Калісьці словам “Кракен” назвалі легендарную марскую пачвару, вядомую па апісаннях ісландскіх маракоў. А цяпер так называецца самы заразны штам кавіду. Кракен выдатна абыходзіць імунную абарону, якая магла з’явіцца ў чалавека праз вакцынацыю ад кавіду ці перанесеную хваробу. Ён суперзаразны, але не такі небяспечны, як першыя штамы.

Мутацыя штама амікрон, вядомая таксама пад назвай ХВВ.1.5 ці “Кракен” шырока распаўсюджана ў ЗША і Кітаі. Хутка ён таксама можа стаць дамінуючым штамам кавіду ў Еўропе. 

Сёння кракен лічаць самым заразным, але не такім небяспечным як папярэднія штамы кавіду. Людзі з добрым імунітэтам у некаторых выпадках могуць хварэць бессімптомна, але найчасцей заражэнне кракенам суправаджаецца наступнымі сімптомамі: кашаль, гарачка, парушэнне нюху ці смаку, ахрыпласць, галаўны боль, боль у горле і мускулах, задышка, закладзенасць носа, стомленасць, страта апетыту, дыярэя.

Пакуль невядома, наколькі вакцына абараняе ад заражэння кракенам. Тым не менш, наяўнасць прышчэпкі зніжае імавернасць цяжкага працякання кавіду, калі чалавек захварэе.

Распаўсюджванню кракена пакуль замінае эпідэмія грыпу. Як ужо пісалі mogilev.media, “канкурэнцыя” інфекцый зменшыла для чалавецтва небяспеку кавіднага захворвання, але павялічыла магчымасць захварэць на грып. 

Пакуль што ў нашай краіне не было зафіксавана выпадкаў кракену. Што не азначае, што яго ў нас няма.

Выява з адкрытых крыніц. 

«Рэгіструецца невялікі рост», міністр Піневіч пра сітуацыю з захворваннямі на грып і кавід

У Беларусі рэгіструецца невялікі рост вострых рэспіраторных захворванняў, грыпу і кавіду, аднак тэмп прыросту ў два разы ніжэйшы, чым восенню 2021 года, перадае словы міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч тэлеграм-канал “Официальный Минздрав”.

Па словах урадоўцы, рост захворвальнасці звязаны, у тым ліку, з умовамі надвор’я. «У гэты час заўсёды рост інфекцыйнай захваральнасці», цытуе яго БелТА.

«Цяпер невялікі рост існуе, але ён значна меншы, чым у летась. Мы працуем у зусім спакойным рэжыме», – кажа Дзмітрый Піневіч.

Ён заўважае, што ў параўнанні з нагрузкай, якую адчувалі медыкі летам, зараз яна, вядома, вышэйшая.

У Магілёве агучаны арыенціровачны тэрмін завяршэння будаўніцтва корпусу інфекцыйных хваробаў. Яснасці не стала болей

Пачатак будаўніцтва гэтай лякарні шырока асвятляўся праўладнымі медыямі, але пра тэрмін яе ўвядзення ў эксплуатацыю паведамляць пазбягалі. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў, нібы між іншым, сказаў, што завяршэнне прац на важным аб’екце для рэгіёну плануецца сёлета.

Магілёў.media звярнуў увагу, што на пашпарце аб’екту, вывешаным на агароджы будоўлі, адсутнічаюць даты пачатку і завяршэння будаўніцтва.

Згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

26 жніўня тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў» паведаміў, што ўвесці ў эксплуатацыю новы корпус інфекцыйных хваробаў плануюць да канца гэтага году. Кошт аб’екту складзе больш за 50 мільёнаў рублёў. Тое было агучана ў інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандрам Старавойтавым. Асабіста ён даты завяршэння будаўніцтва не назваў.

Па яго словах да неабходнасці ўзвядзення спецыялізаванай лякарні падштурхнула гарадскія ўлады «кавід-інфекцыя».

«Якая прыйшла і мы, скажам так, не зусім былі гатовыя першапачаткова да такога аб’ёму пацыентаў, паказала, у якім напрамку мае развівацца інфекцыйная служба», – казаў Аляксандр Старавойтаў у інтэрвʼю магілёўскім тэлевізійнікам.

Новы корпус называюць альтэрнатывай мясцовай інфекцыйнай больніцы, якая функцыянуе ад 1960 гадоў і месціцца ў невялікім будынку. Ён, як заяўляецца, стане важным этапам цэнтралізацыі інфекцыйных службаў гораду.

У перадачы тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў» згадалі яшчэ адну лякарню, якую цяпер узводзяць у цэнтры гораду – корпус экстраннай хірургіі.

Пра яго таксама пісаў Магілёў.media з акцэнтаваннем увагі на адсутнасць на пашпарце аб’екту датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва. У сюжэце магілёўскіх тэлевізійнікаў іх не назвалі. Агучылі, што кошт будаўніцтва больш за 110 мільёнаў рублёў.