Спяшаючыся паспець да “Дажынак”, галоўную архітэктурную славутасць Клімавіч знішчылі цалкам, хоць гарадскія ўлады пераконвалі, што будзе поўнае аўтэнтычнае аднаўленне.
Пра тое, што камяніца з багатым дэкорам у Касцюковічах была знішчана, рупліўцы даведаліся толькі па зменах на Google-мапах.
У Касцюковічах да верасня 2019 года незаўважна для ўсіх знішчылі руінаваную гістарычную камяніцу з вельмі складаным і багатым дэкорам фасадаў – піша Telegram-канал aktahon. Будынак размяшчаўся па адрасе Юнацкая вуліца, 16, недалёка ад цэнтральнай плошчы. Знос быў выяўлены выпадкова пры аналізе спадарожнікавых здымкаў у Google Earth.
Фотаздымкаў страчанай архітэктурнай каштоўнасці захавалася вобмаль, і ўсе яны – дзесяцігадовай даўніны. Будынак не ўваходзіў у спіс прызнаных дзяржавай гісторыка-культурных помнікаў. Але гэта агульная бяда ўсіх гістарычных аб’ектаў у Касцюковіцкім раёне – у Дзяржаўны спіс тут унесены толькі дзве брацкія магілы (якія і так знаходзяцца пад аховай паводле іншых заканадаўчых актаў).
“То бок на тэрыторыі ўсяго раёна не знайшлося ніводнага пацверджання жыцця людзей: ні археалагічных помнікаў, ні архітэктурных. – са скрухай піша aktahon – Тут людзі выключна паміралі. Толькі да такой высновы можна прыйсці, праглядаючы аб’екты, унесеныя па гэтым раёне ў Спіс.”