Пілотны праект на аграэкасядзібе “Лілея” ў Чэрыкаўскім раёне атрымаў міжнародны грант і цяпер яго вопыт плануюць распаўсюджваць у рэгіёне.
З падтрымкай Праграмы развіцця ад Арганізацыі аб’яднаных нацый на Магілёўшчыне рэалізавана безліч праектаў. У Чэрыкаўскім раёне ажыццявілі шэсць ініцыятыў – гэта workout-пляцоўкі, устаноўленыя на гарадскім стадыёне і возеры, велапаркоўкі і так званы “смарт-куратнік” у аграсядзібе “Лілея” Сяргея Дубяга.
Вопыт разумнага куратніка прыехала вывучаць цэлая дэлегацыя з Быхаўскага, Краснапольскага, Клічаўскага і Слаўгарадскага раёнаў – піша “Веснік Чэрыкаўшчыны”. Прадстаўнікі “Цэнтра інавацыйнага развіцця”, якія курыруюць рэалізацыю грантавых праграм ад ААН, адсочваюць эфектыўнасць гэтага пілотнага праекта.
– Задача была стварыць аўтаматызаваны догляд за курамі. – расказала дырэктар цэнтра Алена Вярбіцкая – Мы сочым за тым, наколькі праект эфектыўны. Трэба сказаць, што дзякуючы аўтаматызацыі, можна падоўжыць і светлавы дзень, калі ён становіцца карацей, і стварыць камфортную цеплыню, калі паніжаецца тэмпература навакольнага асяроддзя.
Ініцыятыву пракаментавала таксама дырэктар Фонду мясцовага развіцця “Старт-Усход” з Краснаполля Наталля Андрэенка:
– Для асабістай падсобнай гаспадаркі і аграсядзіб смарт-куратнік вельмі эфектыўны. Асабліва такі аб’ект будзе карысны тым, хто прыязджае на лецішча раз у тыдзень. Як ідэяй мы зацікавіліся, удакладнілі кошт праекту, яго моцныя і слабыя бакі. Можна ўключыць у праект, мультыпліцыраваць ініцыятыву ў іншыя раёны, паколькі ўсе нашы раёны – сельскагаспадарчыя, ёсць асабістыя падсобныя гаспадаркі. Думаю, што гэта ўстойлівы праект, які будзе надалей паспяхова існаваць не толькі ў Чэрыкаўскім раёне. Трэба расказваць пра гэты праект, магчыма, нехта ў дачным пасёлку або на сваім участку паўторыць гэты вопыт.
Смарт-куратнік, гэта папулярная інавацыя сярод дачнікаў у апошнія гады. Гэта нярэдка самаробнае памяшканне для дробнай хатняй жывёлы, абсталяванае аўтаматызаванымі сістэмамі для ацяплення, асвятлення і кармёжкі. Такі куратнік дазваляе гаспадарам трымаць хатнюю жывёлу на дачным участку, наведваючы яго адзін-два разы на тыдзень.
Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны” і з адкрытых крыніц