Сусветны дзень радыё (World Radio Day, з 2013 года).
Абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА у гонар стварэння ў 1946 годзе Радыё ААН. Ініцыятыва заснавання Дня належыць прэзідэнту Іспанскай акадэміі радыё Хорхе Альварэсу.
Для развіцця сучаснага радыё ўнеслі свой ўклад з 1820 года дзясяткі вучоных, такіх як Г. Эрстэд, Ф. Генры, М. Фарадэй, Дж. Максвел, М. Луміс, Д. Хьюз, Т. Эдзісан, Г. Герц, М. Тэсла, Т. Марконі, Э. Рэзерфорд і іншыя.
У 1890 годзе беларускі вучоны Я. Наркевіч-Ёдка вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці – першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае яго прыярытет – пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).
Рускі вучоны А. Папоў сваё вынаходніцтва прадставіў толькі 7 мая 1895 года. А першым падаў на атрыманне патэнту на вынаходніцтва радыё 2 чэрвеня 1896 года італьянец Т. Марконі.
1241 года. Параза польскіх войск пад Турскам ад мангола-татараў.
У студзені 1241 года мангольскія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы і сённяшняй Беларусі. Адзін атрад пад кіраўніцтвам Байдара праз Люблін дайшоў да Завіхоста, а другі – праз Брэст да Драгічына.
Частка мангольскіх войскаў дайшла да Навагрудка, а на зваротным шляху ў лютым узялі Сандамір. Вялікія страты несла насельніцтва. Польскія войскі рушылі да Сандаміра, манголы пачалі адступаць пад Турск-Вельке.
Паводле Яна Длугаша, у выніку першай атакі палякам удалося прымусіць манголаў адступіць, а таксама вызваліць палонных. Аднак неўзабаве аказалася, што гэта была толькі стратэгічная хітрасць манголаў, накіраваная на парушэнне баявога парадку суперніка. Мангольская конніца перайшла ў атаку, пераадолела цяжка браніраваных малапольскіх рыцараў і нанесла польскім войскам паражэнне.
1705 год. Нарадзілася Францішка Уршуля Радзівіл.
Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург Вялікага Княства Літоўскага, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.
Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.
Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”
Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Аднак пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся ў 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».
Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядомае шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе у свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.
Памерла 23 мая 1753 года ў Навагрудку.
1806 год. Нарадзіўся Юльян Корсак.
Беларускі паэт і перакладчык. Блізкі сябар А. Міцкевіча і А. Адынца.
Аўтар двух зборнікаў вершаў, якія змяшчаюць і творы беларускай тэматыкі: «Да Нёмана», «Да І. Дамейкі» i іншыя.
Развіваў рамантычны стыль лірычнай паэзіі, у якой выкарыстоўваў класічныя i беларускія фальклорныя матывы.
Перакладчык на польскую Дантэ, Ф. Шылера, Дж. Байрана, У. Шэкспіра. Некаторыя вершы пакладзены на музыку С. Манюшкам.
Памёр 30 жніўня 1885 года.
1824 год. У Маскве выйшаў зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат».
Першы зборнік гістарычных дакументаў беларускіх земляў.
Уключаў 57 актаў пра палітычныя сувязі князёў і феадалаў дзеля падтрымкі і ўмацавання праваслаўнай царквы ў Беларусі. Змяшчаў дакументы пра развіццё беларускіх местаў і гандлю, дзейнасць царкоўных брацтваў. З архіўных сховішчаў Магілёва паходзіла 55 актаў, па аднаму з Аршанскага мужчынскага і Мсціслаўскага Пустынскага манастыроў.
Папярэдне сабраў рукапісы ў Магілёве і Мсціславе ўраджэнец Прапойска І. Грыгаровіч (1792–1852), пасля чаго падрыхтаваў зборнік у Гомелі.
Выданне ажыццявілі на сродкі графа М. Румянцава. Зборнік адкрыў перад тагачаснымі даследчыкамі шматвяковую гісторыю Беларусі.
1863 год. Падчас Нацыянальна-вызвольнага паўстання на пэўны час вызвалены Пружаны з-пад расійскага панавання.
Вызвалілі мястэчка аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага – каля 100 чалавек пад кіраўніцтвам С. Сангіна і Р. Рагінскага. Жыхары места спачувальна паставіліся да паўстанцаў, і мясцовыя ўлады не далі рады даць адпор «каліноўцам».
1873 год. Нарадзіўся Фёдар Шаляпін.
Сусветна вядомы рускі оперны спявак. Першы савецкі народны артыст (1918–1927). Ён злучыў у сваёй творчасці «прыроджаную музычнасць, яркія вакальныя дадзеныя, незвычайнае акцёрскае майстэрства». Займаўся таксама жывапісам, графікай і скульптурай.
Аказаў вялікі ўплыў на сусветнае опернае мастацтва. У кінафільме “Цар Іван Васільевіч Грозны» (1915) выканаў галоўную ролю.
Меў узнагароды Расіі, Бухарскага эмірату, Прусіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі.
Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Падчас знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.
Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых, на адкрыццё ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.
У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнаго артыста і права вяртання ў СССР.
Памёр 12 красавіка 1938 года ў Парыжы.
1895 год. Браты Луі і Агюст Люм’ер запатэнтавалі камбінаваную кінакамеру для здымак.
Луі Люм’ер сцвярджаў, што вынайшаў кінематограф за адну бяссонную ноч, калі яго мучыў галаўны боль. У праектары новай прылады быў усталяваны кулачковы механізм падачы перфараванай плёнкі.
Ужо 28 снежня 1895 года браты прадставілі парыжскай публіцы сваё новае вынаходства на першым публічным платным кінасеансе ў мурах “Гран кафэ” на Бульвары Капуцынаў. Менавіта з камерцыйнага паказу авангарднага фільма “Прыбыццё цягніка на вакзал Ла Сьёта” пачалася гісторыя сусветнага кіно.
1902 год. Нарадзіўся Сымон Хурсік.
Беларускі пісьменнік, перакладчык.
Скончыў Мінскі педтэхнікум, БДУ. Настаўнічаў на Дрысеншчыне, Полацку, працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына».
Аўтар апавяданняў, аповесцей, вершаў, зборнікаў апавяданняў.
Двойчы быў рэспрэсаваны (1930, 1947), сасланы ў Паволжжа, Казахстан. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, двойчы кантужаны.
Пасля вяртання са зняволення да пісьменніцкай працы не вярнуўся.
Памёр 31 сакавіка 1972 года.
1973 год. Нарадзіўся Андрэй Хадановіч.
Беларускі літаратар, паэт, перакладчык.
Аўтар вершаў, лімерыкаў, 13 кніг. Друкуецца ў часопісах «Arche», «Дзеяслоў», газеце «Наша Ніва». Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы.
Па меркаванні крытыкаў, яго паэзія – прыкметная з’ява сучаснай беларускай літаратуры, у яго творчасці, якая адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперыментамі, дасягненні ўсходнееўрапейскай «кніжнай» паэзіі спалучаюцца з элементамі «нізавой» культуры (рок, рэп, гарадское прастамоўе).
Перакладае на беларускую мову з англійскай, польскай, рускай, украінскай, французскай, у тым ліку Ч. Мілаша, З. Гербэрта, С. Жадана, Ш. Бадлера, А. Рэмбо, С. Алексіевіч, С. Ханіна.
Лаўрэат шматлікіх беларускіх, польскіх прэмій, у тым ліку «Залаты апостраф», «Залатая літара» (двойчы), імя К. Шэрмана, Н. Арсенневай, Е. Гедройца.
1974 год. Памерла Паўліна Мядзёлка (1893–1974).
Дзеяч беларускай культуры, артыстка, педагог, мемуарыстка. Заслужаны дзеяч культуры.
У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, БССР. Працавала ў школах, Інбелкульце, Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.
Арыштоўвалася польскімі ўладамі і ДПУ БССР (1930), саслана ў Казань.
Аўтар мемуараў «Сцежкамі жыцця».
Дзень свайго сыходу яна вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання – выпрабавання адзінотай. Пахавана ў Будславе.
2009 год. Памёр Валянцін Тарас.
Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Неман». У 1968 годзе звольнены з працы «за антысавецкія размовы» і на працягу 8 гадоў яго не друкавалі, не дазвалялі здымаць фільм паводле яго сцэнарыя, не выпускалі за мяжу.
З пачаткам перабудовы быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, член Беларускага ПЭН-клуба. Адзін з стваральнікаў Хартыі-97.
Аўтар вершаў, шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў, мемуараў, літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Па яго творах здымаліся фільмы на Кіеўскай кінастудыі імя А. Даўжэнкі і на «Беларусьфільме».
Перакладаў п’есы для купалаўскага тэатра, на рускую мову пераклаў шматлікія творы, кнігі, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Р. Барадуліна, М. Стральцова, К. Чорнага, Я. Брыля, В. Быкава і іншых.