Чарговы тытунёвы кіёск з’явіўся ў Крычаве ў раёне т.зв. “Маскоўскай”, дзе знаходзіцца гарадская аўтастанцыя – і гэта пры тым, што асобная “Табакерка” размешчана ўсяго ў некалькіх дзясятках метрах ад новага прыпыначнага комплексу.
З’яўленне новага прыпынка з кіёскам па продажу тытунёвай прадукцы адбылося на фоне закрыцця па ўсяму Крычаву шапікаў “Белсаюздрук”, якія прапаноўвалі мясцовым жыхарам разнастайную друкаваную прадукцыю і ў першую чаргу айчынныя газеты і часопісы. Магілёў.media шмат пісалі пра гаротны стан і банкруцтва дзяржаўнага прадпрыемства дробнага гандлю.
Адзначым, што ў Крычаве “Табакеркі” ўжо ёсць практычна па ўсім горадзе, а ў раёне аўтастанцыі іх цяпер будзе цэлых дзве. Выглядае, што следам за абласным цэнтрам, па ўсёй магілёўскай глыбінцы адбылася змена манапаліста ў галіне дробнага гандлю. Такія тэндэнцыі ў горадзе наўрадці спрыяюць падтрымцы здаровага ладу крычаўлянаў, выклікаючы адваротныя працэсы. Пры тым, што ў розных частках гораду развешаны банеры, якія прапагандуюць спорт і здаровы лад жыцця.