Дзень у гісторыі. 11 лістапада. Завяршэнне Першай сусветнай вайны. Успыхнуў першы ў свеце Вечны агонь над магілай невядомага салдата ў Парыжы. Час стрыжкі авечак, мядзведзю класціся ў бярлогу, частавацца смажанай гуссю. Пад Хоцінам Ян Сабескі выкарыстаў ракеты

Міжнародны дзень энергазберажэння (з 2008 года). 

Асноўная мэта свята – прыцягненне ўвагі грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў

Дзень энергазберажэння – гэта выдатная нагода яшчэ раз пагаварыць аб энергаэфектыўных тэхналогіях, аб важнасці выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, аб спосабах энергазберажэння дома і ў офісе. А лепш не толькі пагаварыць, але і прымяніць атрыманыя веды на практыцы: напрыклад, не пакідаць электрапрыборы, уключанымі ў рэжыме чакання, замяніць лямпачкі ў кватэры на энергазберагальныя, выключаць ваду падчас чысткі зубоў, карыстацца душам замест ванны і г.д. і меры рэсурсазберажэння – адмовіцца ад пластыкавых упаковак, асобна збіраць і перапрацоўваць адыходы. 

Настасся (народны каляндар, праваслаўныя). 

“Настуся стрыжэ авечкі”. Пастухі ў гэты дзень гасцявалі па сялянскіх хатах. Сяляне дзякавалі ім добрымі словамі і добрымі сталамі за тое, што збераглі авечак. 

З гэтага дня пачыналася стрыжка авечак. 

Лічыцца, што на Настассю мядзведзь кладзецца ў бярлогу.

Свята млынароў. 

Марцін (народны каляндар, каталікі). 

“Марцін святы – губіцель гагаты”.

З даўніх часоў на свята прынята рэзаць гусей ды адзначаць дзень рознымі стравамі, печанай ці смажанай гуссю – “птушкай Марціна”. 

Калісьці дзень быў адным з самых прыкметных у каталіцкім календары (урачыстасьці доўжыліся тры дні, з 10 па 12), а сам Марцін – адным з самых улюбёных святых з агульнаеўрапейскім культам. 

У праваслаўнай традыцыі гэтага святога называюць Марцінам Міласэрным і адзначаюць ягоную памяць 13 лютага.

Рымскі легіянер Марцін (імя ў гонар Бога вайны Марса) хрысціўся, стаў пачынальнікам гальскага (пазней французскага) манаства. Яго супраць волі гараджане абралі біскупам горада Тур. 

Народная традыцыя сцвярджае, што Марцін спачатку здолеў уцячы ад сваіх надакучлівых прыхільнікаў і схавацца ў гусятніку, але колішнія выратавальнікі Рыму выдалі яго сваім гергетаннем. 

Марцін – святы патрон Францыі. 700 населеных пунктаў Францыі, больш за 3 600 французскіх парафіяў носяць ягонае імя. 

У Рэчы Паспалітай яму было прысвечана больш за 200 касцёлаў.

Да 2005 года Чавусы мелі герб з выявай Св. Марціна, які быў нададзены ў 1634 годзе разам з Магдэбургскім правам.

1673 год. Пад час Хоцінскай бітвы ў страшэнную завіруху аб’яднанае польска-літоўскае войска Яна Сабескага разграміла 35-тысячную асманскую армію Гусейна-пашы, якая месцілася ў Хоцінскай крэпасці.

У гэтай бітве кароль і вялікі князь Ян Сабескі паспяхова выкарыстаў ракеты. Ракеты былі вынайдзены ўраджэнцам Магілёўшчыны генерал-лейтэнантам Казімірам Семяновічам (1600-1651).

На выяве – К. Семяновіч, wikimedia.org

 1714 год. Нарадзіўся Марцін Матушэвіч. Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Належыць да шляхты герба “Лебядзь”.

Берасцейскі кашталян.

Аўтар мемуараў «Дыярыуш майго жыцця, колькі магу памятаць» (4 тома). У іх паказаны ўнутрыпалітычныя падзеі Вялікага Княства Літоўскага, норавы і звычаі шляхты,  шляхецкая ментальнасць.

Пераклаў на польскую мову «Сатыры» Гарацыя, далучыў да іх тры свае вершаваныя «Дадаткі». Пісаў вершы на польскай і лацінскай мовах.

Памёр 21 лістапада 1773 года.

1821 год. Нарадзіўся Фёдар Дастаеўскі. 

Расійскі пісьменнік і філосаф. Паходзіў з літоўскага шляхецкага роду Дастаеўскіх герба «Радван», які меў маётак Дастоева на Піншчыне.

Вайсковы інжынер. Перакладчык «Яўгеніі Грандэ» Бальзака.

З выхадам першага свайго твора «Бедныя людзі» адразу здабыў папулярнасць.

За ўдзел у рэвалюцыйным гуртку М.Петрашэўскага арыштаваны (1849), асуджаны да пакарання смерцю, якое было заменена на катаргу ў Омску. Пасля катаргі, пераведзены радавым у лінейны сібірскі батальён.

Аўтар многіх вядомых твораў, у тым ліку «Злачынства і пакаранне», «Ідыёт», «Браты Карамазавы».

Фрыдрых Ніцшэ прызнаваў, што Дастаеўскі адзіны, хто здолеў яму растлумачыць, што такое чалавечая псіхалогія.

wikimedia.org

1875 год. Нарадзіўся Альберт Паўловіч

Беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак. Найбольш значная постаць беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагоддзя.

Вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваннем розных краявідаў, два з якіх дэманстраваліся на мастацкай выставе ў 1914 годзе.

Калекцыянер манет, пёраў, паштовак з пейзажамі, марак.

Друкаваўся у «Нашай Ніве». Аўтар 175 гумарыстычных, 120 лірычных вершаў.

Перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і іншых.

Распрацоўшчык беларуска-польскага слоўніка.

Аўтар шматлікіх копіяў карцін Левітана, Шышкіна і іншых мастакоў.

Памёр 17 сакавіка 1951 года ў Курску.

wikimedia.org

1903 год. Нарадзіўся Аляксандр Ільінскі

Беларускі тэатральны акцёр, народны артыст Беларусі і СССР. 

Працаваў у віцебскім тэатры імя Якуба Коласа (з 1926 года).

Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за выкананне галоўнай ролі ў спектаклі «Несцерка» В. Вольскага.

Сцэнічную дзейнасць пачаў у Мінску ў 1919 годзе.

Валодаў вялікай сцэнічнай прывабнасцю, выразнай мімікай.

Як акцёр-імправізатар, ён выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўсё багацце творчай фантазіі і разнастайныя выразныя сродкі.

Памёр 28 сакавіка 1967 года ў Віцебску.

wikimedia.org

1910 год. Нарадзіўся Антон Каржанеўскі

Беларускі мастак. Працаваў пераважна ў галіне жывапіснага пейзажу.

У час Вялікай Айчыннай вайны немцамі ўзнагароджаны «Мэдалём для Ўсходу» за ўдзел у мастацкай выставе.

Арыштаваны 16 снежня 1944 года, асуджаны да лагераў, але ўжо ў жніўні 1945 года быў вызвалены.

Найбольш вядомыя і запамінальныя яго творы «Над Свіслаччу», «Сафійскі сабор у Полацку», «Горад над Дзвіной», «Стары Віцебск», «Богаяўленскі сабор у Полацку» і іншыя.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Віцебскім краязнаўчым музэі, мэрыі  Масквы.

Памёр 19 красавіка 1991 года.

1918 год. У Камп’енскім лесе заключана перамір’е паміж Германіяй, з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і іншымі краінамі антыгерманскай кааліцыі – з другога. 

Завяршэнне Першай сусветнай вайны паражэннем Германіі. 

Падпісанне адбылося ў чыгуначным вагоне маршала Фердынанда Фоша у Камп’енскім лесе, у французскай Пікардыі, недалёка ад горада Камп’ен і за 70 км на поўнач ад Парыжа. 

У 5:10 раніцы было падпісана пагадненне. Перамір’е набыло моц у 11:00. Быў дадзены 101 залп – апошнія залпы Першай сусветнай вайны. Канчатковыя вынікі вайны падвёў Версальскі мірны дагавор.

Мінула без малога 22 гады, і 22 чэрвеня 1940 года Гітлер прымусіў пераможаных французаў падпісаць капітуляцыю ў тым жа чыгуначным вагоне-салоне і ў тым жа Камп’енскім лесе.

tunnel.ru

1923 год. Успыхнуў першы ў свеце Вечны агонь над магілай невядомага салдата каля падножжа парыжскай Трыўмфальнай аркі. 

Прымеркаваны да 5-й гадавіны заканчэння Першай сусветнай вайны.  Яго запаліў міністр абароны Андрэ Мажыно.

Гэты Вечны агонь стаў першым у свеце “дзяржаўным” мемарыяльным агнём пасля таго, як у 391 годзе па распараджэнні візантыйскага імператара Феадосія I, хрысціяніна, было згашана культавае вогнішча, якое стагоддзямі гарэла ў рымскім храме багіні хатняга агменю Весты. Пазней такія аформленыя помнікі з’явіліся ў мностве гарадоў – Рыме, Амстэрдаме, Вашынгтоне, Маскве, Пецярбургу, Сафіі, Магілёве.

tunnel.ru

 1929 год. Нарадзіўся Леанід Сушчэня

Беларускі гідрабіёлаг. Член-карэспандэнт Акадэміі Навук СССР, акадэмік, Прэзідэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1992-1997).

Доктар біялагічных навук, прафесар.

Скончыў  БДУ. Працаваў на Севастопальскай біялагічнай станцыі АН СССР, у Інстытуце біялогіі паўднёвых мораў АН УССР, у Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН БССР, дырэктарам Інстытута заалогіі АН БССР

Аўтар прац па першаснай і другаснай прадукцыі вадаёмаў, экалагічнай фізіялогіі, харчаванню, дыханню, росту і балансу энергіі водных беспазваночных, ахове прыроды і навакольнага асяроддзя.

Памёр 19 красавіка 2015 году.

csl.bas-net.by

1955 год. Нарадзілася Галіна Тычка. 

Беларускі літаратуразнавец і крытык. Доктар  філалагічных навук, прафесар.

Настаўнічала ў Шклоўскім раёне, працавала гідам-перакладчыкам польскай мовы ў «Спадарожніку», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», дацэнтам БДПУ імя М. Танка, прафесарам БДУ, загадчыцай кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вывучае працэсы фармавання новай беларускай літаратуры, сучасныя літаратурныя працэсы на Беларусі ў еўрапейскім кантэксце.

1975 год. Памёр Пётр Савачкін. Беларускі гісторык. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1955-1973).

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Даследаваў гісторыю ўстанаўлення савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі.

Працаваў загадчыкам кафедры, намеснікам дырэктара Мінскай школы прафруху ВЦСПС (1950-1955), загадчыкам кафедры гісторыі СССР і дэканам гістарычнага факультэта БДУ.

hist.bsu.by