У магілёўскай псіхіятрычнай лякарні знайшоўся мужчына, які 25 гадоў лічыўся зніклым без вестак

Дзякуючы ДНК-тэсту, судовыя эксперты змаглі ідэнтыфікаваць чалавека, які трапіў у магілёўскую псіхіятрычную бальніцу яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Пра гэты выключны выпадак паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Больш за дваццаць гадоў таму ў псіхіятрычную бальніцу ў Магілёве паступіў малады мужчына без якіх-небудзь дакументаў, які назваў даволі сціслыя звесткі пра сябе – прозвішча, імя і год нараджэння, як пасля аказалася, не праўдзівымі. Іншыя звесткі, у тым ліку месцажыхарства, у сілу свайго псіхічнага здароўя, пацыент паведаміць не змог. Прынятыя спробы вышуку сваякоў поспеху не мелі.

У 2024 годзе ў пацыента адабралі ўзор букальнага эпітэлія і змясцілі яго генатып на ўлік даных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пры праверцы па базе высветлілася, што яго генетычныя характарыстыкі адпавядаюць генетычным характарыстыкам жыхара Віцебскай вобласці, 1945 года нараджэння. Гэта сведчыла аб тым, што пацыент бальніцы і выяўлены грамадзянін магчыма з’яўляюцца сваякамі першага парадку (біялагічны бацька і сын).

Пацвердзіць або выключыць сваяцтва мужчын магла б генетычная экспертыза, аднак жыхар Віцебскай вобласці памёр 9 гадоў таму, у той час як у яго засталіся дзеці, якія жывуць у Віцебскай вобласці. Стала вядома, што адзін з дзяцей у іх сям’і, які пакутаваў на псіхічнае захворванне, знік без вестак у 1998 годзе.

Для правядзення судовай генетычнай экспертызы былі адабраны біялагічныя ўзоры ў 40-гадовага сына памерлага мужчыны 1945 года нараджэння. Па выніках было ўстаноўлена, што пацыент псіхіятрычнага шпіталя і 40-гадовы жыхар Віцебскай вобласці з высокай ступенню верагоднасці з’яўляюцца біялагічнымі сваякамі па мужчынскай лініі, у тым ліку могуць з’яўляцца роднымі братамі.

Такім чынам, вынікі экспертызы дапамаглі не толькі ўстанавіць асобу пацыента бальніцы – ім аказаўся ўраджэнец Віцебскай вобласці, 1973 года нараджэння, але адыгралі вельмі важную ролю ў далейшым жыцці мужчыны. Праз 25 гадоў чалавек зноў здабыў сям’ю – сваякі забралі яго з лякарні дадому.

Фота: Судовыя экспертызы

92-гадовая жыхарка Магілёва пераплаціла за дзве коўдры, адумалася і выбіла грошы назад

Прыклад мужнага адстойвання сваіх правоў паказала 92-гадовая жыхарка абласнога цэнтра. Спачатку яна паддалася на ўгаворы незнаёмкі, што пагрукалася ў яе кватэру ў сярэдзіне жніўня гэтага года і прапанавала выгадна набыць добры тавар.

Незнаёмка прадавала коўдру з авечай поўсці і плед – усё разам за 180 рублёў. Пажылая жанчына набыла тавар, але праз некалькі дзён засумнявалася, што заплаціла сапраўды выгадную суму – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. 

92-гадовая магілявянка звярнулася ў міліцыю, каб там дапамаглі ўстанавіць сапраўдны кошт коўдраў і разарваць здзелку. Экспертыза пастанавіла, што рэальны кошт тавараў у тры разы меншы – 61 рубель за ўсё. Была знойдзеная таксама і незнаёмка, што прадала пенсіянерцы коўдру і плед – 50-гадовая жыхарка Магілёва. Яна вярнула бабулі ўсе грошы.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

І нават фарфоравыя статуэткі – бабруйскага злодзея знайшлі па адбітку пальца

Калі 62-гадовая жыхарка Бабруйска прыйшла з працы дахаты, то не знайшла ў сваёй кватэры ноўтбук, фен і фарфоравых статуэтак. А знайшла п’янага сына, які адпачываў пасля кампаніі з выпадковым знаёмым. Пакуль маці была на працы, сын выпіваў і дазволіў незнаёмаму мужчыне правесці сябе дадому. Тут двое субутыльнікаў працягвалі даганяцца півам, а калі гаспадар заснуў, госць вынес з кватэры што ўдвлося.

Злодзея знайшлі дзякуючы адбітку пальца – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Ім апынуўся 39-гадовы жыхар Бабруйска. Сваю віну ён прызнаў цалкам, але рэчы не вярнуў, бо ўжо паспеў прадаць.

Фота: Судовыя экспертызы

“Укралі са склада” – двое работнікаў шчыра прызналіся свайму кіраўніку, адкуль вязуць зерне

Двух работнікаў сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Горацкім раёне позна вечарам на дарозе сустрэў кіраўнік гэтай арганізацыі. Ён пабачыў, што мужчыны вязуць на падводзе два мяшкі зерня. Як потым высветлілася, на 820 кілаграмаў. На пытанне кіраўніка, адкуль узялі мяшкі, работнікі шчыра прызналіся, што скралі іх са склада арганізацыі. Начальнік выклікаў міліцыю і дзежураваў каля злодзеяў да прыезда праваахоўнікаў.

Камітэт судовых экспертыз пацвердзіў – пранікнуць на склад прасцей простага, а на ўваходзе быў выяўлены адбітак абутку аднаго з работнікаў, затрыманых дырэктарам – паведамляе прэс-служба Камітэта.

Фота: Прэс-служба Камітэта судовых экспертыз