9 тысяч беларускіх студэнтаў вучацца за мяжой. У беларускіх ВНУ іншаземцаў – 27 тысяч

У Беларусі вучацца расіяне, кітайцы, выхадцы з паўднёва-ўсходняй Азіі ды з краін постсавецкай прасторы. Туркменаў паменела.

У нашых ВНУ атрымліваюць веды 2155 грамадзян Расіі. У той жа час у суседняй краіне беларускіх грамадзян – 9 тысяч. Усяго ж замежнікаў вучацца ў краіне – 27 тысяч.

Прыкладам інтэграцыі адукацыйных прастор Беларусі і Расійскай Федэрацыі называюць адзін з магілёўскіх універсітэтаў.

Паводле газеты «СБ. Беларусь сегодня», універсітэты Беларусі і Расіі рэалізуюць 15 сумесных адукацыйных праграм. Узаемадзеянне ў адукацыйнай сферы ажыццяўляецца з 73 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.

Прыкладам інтэграцыі адукацыйных прастор Беларусі і Расійскай Федэрацыі лічыцца Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, які знаходзіцца ў Магілёве. Гэта дзяржаўная ВНУ ў сумесным вядзення дзвюх краін.

Таксама ў Беларусі функцыянуюць два расійскія філіялы, якія вядуць адукацыйную дзейнасць паводле заканадаўства Расійскай Федэрацыі і расійскім адукацыйным стандартам з выдачай дыпломаў расійскага ўзору. Гаворка пра філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта і Мінскім філіяле Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.У. Пляханава.

 

Замежныя студэнты за навучанне плацяць удвая больш за беларусаў

На кастрычнік 2021 году ўсяго ў Беларусі вучылася 27 тысяч замежнікаў. Паводле прадстаўніка міністэрства адукацыі Сяргея Каспяровіча сярод замежных студэнтаў пераважаюць прадстаўнікі з постсавецкіх краінаў. Ёсць кітаўцы і студэнты з паўднёва-ўсходняй Азіі.

Па словах урадоўцы раней шмат вучылася грамадзян з Туркменістану, але гэты кантынгент студэнтаў паволі амаль знік.

Замежнікі за навучанне плацяць больш за беларусаў. Паводле Каспяровіча ніжняя мяжа па кошце за год складае крыху больш за $1 тыс. – $1,2 тыс. Верхняя – $1,5 – 1,6 тыс.

«Калі мы гаворым аб замежных грамадзянах, то тут кошт вышэйшы ў два разы, у асобных выпадках – у два з паловай разы, чым для беларускага грамадзяніна», – даводзіць прадстаўнік міністэрства адукацыі.

У медычных ВНУ, – дадае ён, – дзе з-за спецыфікі затраты на навучанне вышэйшыя, плата за навучанне замежных грамадзян можа даходзіць і да $5 тыс. у год.

фота: belta.by 

Былыя студэнты скардзяцца, што без адмысловага дазволу не могуць адведаць універсітэт Куляшова. Пра ўведзеныя абмежаванні інфармацыі няма

Былыя студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту на сустрэчах выпускнікоў не могуць зайсці на свае факультэты. Яны цвердзяць, што наведванне аўдыторый і спатканні з выкладчыкамі абкладзена мноствам бюракратычных працэдур, што робіць такія візіты ў родную альма-матар амаль немагчымымі.

Паведамленні ў сацыяльных сетках пра колькасць неабходных дакументаў на тое, каб наведаць аўдыторыі выглядаюць непраўдападобнымі. Выпускнікі ж настойваюць на сваім.

«Мы пасля кавіду вырашылі адзначыць 50 гадоў нашага выпуску. – адна з былых студэнтак. – Радасныя пайшлі ў будынак, але нас банальна не пусцілі. Патрэбны, нібыта, быў дазвол самаго рэктара! У ранейшыя нашы сустрэчы падобных праблемаў не было. Мы, вядома ж, пасядзелі, пагаварылі, але па-за сценамі ўніверсітэту. У ім нас цяпер прымаюць за чужынцаў».

Студэнты іншага факультэту вырашылі загадзя паклапаціцца і атрымаць дазвол. Ім прапанавалі напісаць на імя рэктара заяву, у якой указаць:

 – усе пашпартныя дадзеныя выпускнікоў,

 – напісаць нумары аўдыторый, у якія ім трэба зайсці, і аргументаваць іх,

 – напісаць спіс выкладчыкаў, з якімі яны будуць сустракацца і прычыны выбару менавіта гэтых выкладчыкаў,

 – прадставіць план правядзення мерапрыемства…

«Там былі яшчэ нейкія паперкі, але мы слухаць далей не сталі. Не ўнівер, а рэжымная ўстанова. Нібы ў турме. Пастаім каля ўнівера, пройдземся па горадзе, потым дзе-небудзь пасядзім. А кіраўніцтву МДУ перакажыце наша палымянае прывітанне», – іранічна выказваецца выпускнік 1992 года.

Пра падобныя патрабаванні да выпускнікоў у іншых магілёўскіх універсітэтаў чуць не даводзілася. У іх усё праходзіць без лішніх бюракратычных працэдур.

Спраўдзіць нараканні былых студэнтаў у адміністрацыі ўніверсітэту не ўдалося. На сайце навучальнай установы адшукаць дакументы, якія рэгламентуюць парадак яе наведвання таксама.