Пад Шкловам закапаюць самавольную сажалку, за якую некалькі гадоў змагаюцца мясцовыя жыхары

Жыхары вёскі Вялікая Камароўка, што знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, не змаглі адстаяць сваю сажалку.

Штучны вадаём быў злучаны з бліжэйшай рачулкай для зарыблення, аднак размешчаны ён – на сельскагаспадарчых землях філіяла РУП “Магілёўаблгаз” СП “Газавік-Сіпакава”. 

На нядаўна праведзеным сельскім сходзе жыхароў вёскі  Вялікая Камароўка з прадстаўнікамі ўлады было прынята рашэнне аб ліквідацыі самавольна выкапанай сажалкі – піша раённая газета “Ударны фронт”.

Яшчэ ў 2021 годзе дзеянні сялян былі прызнаныя незаконнымі, спецыялістамі райінспекцыі Мінпрыроды вынесена папярэджанне. Тады працы былі спыненыя. Але ў 2022 годзе, нягледзячы на забарону, мясцовыя жыхары працы аднавілі. Са сваімі просьбамі захаваць сажалку мясцовыя жыхары дагрукаліся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама, але і на прыёме ў губернатара ім было адмоўлена ў захаванні вадаёма.

На сельскім сходзе сяльчанам было даведзена, што ў 2023 годзе “Белводгас” завершыць работы па праектаванні аб’екта “Асушэнне высокаўрадлівых зямель у суседняй вёсцы Літоўск, на землях СП “Газавік-Сіпакава”. Праектам прадугледжваецца будаўніцтва магістральнага меліяратыўнага канала, які будзе праходзіць праз самавольную сажалку.

Акрамя таго, сяльчанам паведамілі, што іх самавольныя дзеянні па ўзвядзенні сажалкі на чужым зямельным участку з’яўляюцца парушэннем зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства і, паколькі, яны незаконныя, то прыводзяць да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафаў, аднак, не вынесена, але жыхарам давядзецца аднавіць ранейшы выгляд самавольна занятага ўчастка прадпрыемства СП «Газавік-Сіпакава» і ліквідаваць сажалку.

Фота ілюстрацыйнае.

Кожны чацвёрты – асацыяльная асоба?

На сельскім сходзе ў аграгарадку Мілаславічы пад Клімавічамі прагучалі нечаканыя
звесткі.

Падчас сходу старшыня Мілаславіцкага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай
Людагоўскі агучыў колькасць асацыяльных асоб на тэрыторыі сельсавета – 125
чалавек – піша газета “Родная ніва”.

І гэтая лічба ўражвае, бо ўсяго ў сельсавеце 12 населеных пунктаў і 893 жыхары (на
1.01.2022 года). Сярод жыхароў 511 чалавек працаздольнага ўзросту, 228 пенсіянераў.
Дык вось атрымліваецца, што з 739 чалавек дарослых – 125 асацыяльных тыпаў, што
выглядае зашмат, бо гэта 17% насельніцтва, а калі ад працаздольнага – амаль усе
25%.

У цэлым асацыяльнасць паводзін на вёсцы нарастае, разам з нарастаннем
сацыяльна-эканамічных праблем. Раней некаторыя эксперты казалі аб долі
асацыяльных элементаў да 7-10%, але ў Міласалавічах мы бачым іншыя лічбы, няхай
гэта не 25%, а 17%, усё роўна гэта страшная статыстыка.

Наша даведка. Мілаславічы – старое пасяленне, за 23 кіламетры ад райцэнтра,
вядомае з ХVІ стагоддзя. У аграгарадку 210 двароў, 504 жыхары. У 1773–1777 гадах
мела статус горада, у 1784-1935 гадах – мястэчка. Былі значным і ўплывовым
мясцовым культурна-гаспадарчым цэнтрам і ў 1924–1927 гадах цэнтрам
Мілаславіцкага раёна. Мілаславічы былі ў 1943 годзе спалены фашыстамі, пасля
вайны адноўлены.

Фота: “Родная ніва”