У Магілёве можна бясплатна навучыцца на кіроўцу – запрашае ваенкамат

А таксама – на электрыка і спецыяліста сувязі. Запрашаюць юнакоў не маладзейшых за 17 гадоў.

Ім прапануецца атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі “С” за 4 месяцы. Таксама магчыма перападрыхтоўка з “В” на “С” за паўтара месяцы. Акрамя гэтага, прапануецца бясплатна прайсці навучанне на спецыяльнасць электрык асвятляльных прыбораў за 4 месяцы і на спецыяліста сувязі за два.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў паведамленні “Магілёўскіх ведамасцяў” пра бясплатныя курсы нідзе не гаворыцца пра далейшую неабходнасць юнака пайсці на тэрміновую службу ў войска.

Між тым, як паведамілі Магілёў.media ў ваенным камісарыяце Магілёва і Магілёўскага раёна, навучальныя курсы праводзяцца на базе ДТСААФ, а пасля іх малады чалавек адразу накіроўваецца ў войска.

У Чэрыкаве ўхіліста пакаралі 200 гадзінамі грамадскай працы. Адна з гісторыяў нежадання служыць у беларускім войску

18-гадовы хлопец не з’явіўся ў ваенкамат па атрыманні позвы, а паехаў на заробкі.

У ваенкамат ён мусіў прыйсці неўзабаве, як адзначыў паўналецце. У прызначаны для праходжання медычнага агляду дзень хлопец кінуўся ў заробкі. Па вяртанні ў ваенкамат таксама не пайшоў, піша рэсурс Cherikovnews.

Хлопца адшукалі і ў суд. Выданне піша, што ён раскаяўся ў сваім учынку, поўнасцю прызнаў сваю віну.

«Улічваючы гэта, суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац тэрмінам на 200 гадзінаў», адзначае Cherikovnews, спасылаючыся на звесткі раённай пракуратуры.

Гісторыя 18-гадовага прызыўніка з Чэрыкаўскага раёну адна з шматлікіх. Магілёў.media пісаў, як адбываецца прызыўная кампанія і, наколькі служба ў беларускім войску папулярная ў моладзі. Многія маладзёны шукаюць нагоды, каб пазбегчы яе.

У кожным беларускім рэгіёне знаходзіцца да 100 і болей маладых людзей, якія не прыходзяць на прызыўныя пункты. Летась за першыя паўгода ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў паступіла блізу 5 тысяч зваротаў па ўхіленні і 3 тысяч – аб прыцягненні прызыўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці. Сёлетнюю статыстыку па ўхілістам адшукаць не ўдалося.

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі.

 

У Магілёве шукаюць ахвотных паслужыць у войску кантрактнікам. Аб’явы з’явіліся ў грамадскім транспарце (фотафакт)

Пасажыры звярнулі ўвагу, што плакаты з заклікам паслужыць па кантракту датаваныя мінулых годам. Такая выснова зробленыя імі, бо памер грашовай заахвоты для кантрактнікаў пададзены па стане на 1 сакавіка 2021 году.

Пасажыры настойваюць, што падобных аб’яваў раней не было ў грамадскім транспарце і іх зʼяўленне сёлета, калі трывае вайна ва Ўкраіне, выклікае напружанне.

Паводле звестак на плакатах, кантрактніку абяцаюць заробак ад 833 рублёў і поўны пакет сацыяльных прэферэнцыяў.