На ўскрайку вёскі Шчэцінка Чэрыкаўскага раёна мясцовыя жыхары знайшлі парэшткі ваўчынай здабычы. Драпежнікі некалькі дзён паядалі сваю здабычу.
Рэшткі касулі з парваным бокам некалькі дзён таму знайшоў мясцовы жыхар – мужчына выявіў іх на ўездзе ў вёску, насупраць дома аднавяскоўкі. Жанчына, што жыве ў ім, паведаміла “Весніку Чэрыкаўшчыны”, што таксама пару тыдняў таму бачыла зграю ваўкоў каля свайго дома.
Жыхарка распавяла, што на працягу апошніх некалькіх дзён зграя ваўкоў кожны вечар вярталася на гэтае ж месца, пакуль не скончыла даядаць сваю ахвяру.
Мужчына, што выявіў парэшткі, кожны дзень карыстаецца дарогай, каля якой ваўкі здабылі свой трафей, і справядліва баіцца за сваю бяспеку.
На пытанне выдання аб тым, чаму дзікія зверы настолькі асмялелі, што не баяцца падыходзіць да жылля людзей, адказаў галоўны паляўніцтвазнавец мясцовага лясгаса Уладзімір Касмачоў:
– Гэта звязана з наступствамі урагану. На працягу ўсяго мінулага года ў лесе працавала вельмі шмат тэхнікі і людзей. Відаць, блізкасць чалавека і прывяла да таго, што ваўкі ў нейкай меры перасталі іх баяцца. Плюс да гэтага тут спрацаваў і закон палявання драпежнікаў. Дзе яны дагналі сваю ахвяру, там з ёй і расправіліся.
Палаўніцтвазнавец дадаў, што іх служба ўжо даўно ведае пра зграю ваўкоў каля Шчэцінкі. Ужо чатыры разы ладзіліся аблавы на драпежнікаў, але пакуль безвынікова.
– Пакуль нашы спробы не ўвянчаліся поспехам. – расказаў Уладзімір Касмачоў – Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ў кожнай зграі ваўкоў свая, досыць шырокая тэрыторыя пасялення. Днём драпежнікі адпачываюць, а ноччу ў пошуках здабычы праходзяць каля 40 км. У кожным “раёне” сваёй тэрыторыі яны знаходзяцца на працягу 3-4 дзён. Не выключана, што зараз яны знаходзяцца ў іншым месцы. У нас ёсць спосабы вылічыць, калі прыблізна яны зноў з’явяцца ў раёне вёскі Шчэцінка. Што да страху перад зверам, то вялікай небяспекі для людзей ваўкі не ўяўляюць. Звычкі драпежніка такія, што ён імкнецца абыходзіць чалавека бокам. Выпадак у Шчэцінцы – гэта хутчэй выключэнне з правілаў іх паводзін.
Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”