Дзень у гісторыі. 25 лістапада. Дзень без пакупак. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне. Семежаўскі парад войск БНР

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын

Дата абраная ў гонар сясцёр Мірабаля, трох палітычных актывістак з Дамініканскай Рэспублікі, якія былі па-зверску забітыя ў 1960 годзе падчас дыктатуры Рафаэля Трухільё.

Жанчыны часта становяцца ахвярамі розных відаў гвалту амаль ва ўсім свеце. Няма дзяржавы, рэгіёна або супольнасці, дзе б не было гвалту ў адносінах да жанчын. Выпадкі дыскрымінацыі і дамаганняў у дачыненні да жанчын назіраюцца паўсюль, дома або ў офісе. 

«Ёсць адна ўніверсальная ісціна, прыдатная да ўсіх краін, культур і суполак: гвалт у адносінах да жанчын ніколі не прымальны, ніколі не можа быць апраўданым, ніколі не дапускаецца», – канстатуе Генеральны сакратар Пан Гі Мун.

uniquenewsonline.com

  Дзень без пакупак (Buy Nothing Day, з 1992 года). 

Міжнародны дзень пратэсту супраць культуры спажывецтва. Ён адзначаецца на “радзіме”, у Паўночнай Амерыцы ў пятніцу пасля Дня Падзякі ў ЗША, у дзень пачатку калядных распродажаў («Чорная пятніца»), у Еўропе – на наступны дзень, у суботу.

Галоўным ініцыятарам кампаніі з’яўляецца міжнародная сетка Adbusters Media Foundation (СМІ супраць рэкламы), якая аб’ядноўвае мастакоў, пісьменнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў, прадпрымальнікаў.

Упершыню «Дзень без пакупак» адзначаўся ў Канадзе ў верасні 1992 года.

Акцыя праводзіцца ў знак пратэсту супраць звышспажывання ў развітых краінах, якое шмат у чым штучна навязваецца рэкламай, а таксама супраць няроўнага размеркавання матэрыяльных даброт у свеце. 

У гэты дзень праводзяцца тэатралізаваныя шэсці, паказы, транслююцца антырэкламныя ролікі, публікуюцца антырэкламныя аб’явы.

ki.ill.in.ua

1714 год. Нарадзіўся Тамаш Жэброўскі

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

Памёр 18 сакавіка 1758 года.

wikimedia.org

1795 год. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад стальца Рэчы Паспалітай на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. 

Пасля таго, як выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны. У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, што ў цяперашнім Камянецкім раёне, у 1994 годзе ў варшаўскі кафедральны касцёл.

1908 год. нарадзіўся Анатоль Волкаў

Беларускі мастак-графік і жывапісец.

Сын Народнага мастака Валянціна Волкава, аўтара выяў герба БССР узораў 1927 і 1938 гадоў, мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

Выкладаў выяўленчае мастацтва ў Магілёве, Мінску.

Працаваў у галіне выяўленчай сатыры, кніжнай і станковай графікі, жывапісу.

Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» і «Новая зямля» Я. Коласа, некаторыя з кніг А. Куляшова, М. Багдановіча, А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лынькова, Я. Купалы, Я. Маўра і іншых.

Сярод станковых твораў вядомы: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары», «Юныя мінчане».

Аўтар многіх жывапісных палоцен, сярод якіх «Янка Купала на адпачынку», «Першага верасня»,  серыі акварэляў, прысвечаных Мінску.

Памёр у 1985 годзе.

1911 год. Нарадзіўся Яўген Ціхановіч.  

Беларускі мастак.

Брат мастака-графіка Валянціна Ціхановіча. Быў жанаты з дачкой У. Галубка.

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, жывапісца М. Крыжаноўскага і іншых, шматлікіх жанравых кампазіцый, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

Працаваў у галіне эстампу (у асноўным лінагравюры), майстра экслібрысу (адзін з першых увёў у гэты жанр партрэт).

Аўтар публіцыстычных артыкулаў-успамінаў, публікаваных у розных беларускіх перыядычных выданнях.

Памёр 5 ліпеня 2005 года.

1920 год. Падчас Слуцкага паўстання ў Семежаве (зараз Капыльскі раён) прайшоў парад беларускіх аддзелаў. 

Галоўным чынам былі прадстаўлены часці 2-га Грозаўскага палка 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войска Беларускай Народнай Рэспублікі. 

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. Грозаўскі полк складаўся з двух батальёнаў. Камандзір палка – капітан Лукаш Сяменік, намеснік – капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў – капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. У палку было каля 2 тысяч чалавек. 

На фота: Лукаш Сяменік у цэнтры, server667765.nazwa.pl

1925 год. Нарадзіўся Анатоль Дзям’янаў

Беларускі скульптар і педагог. Выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча.

Працаваў у станковай скульптуры. Сярод найбольш яго вядомых твораў: «Маладая калгасніца», «Маці», «Кубінец», «Паўночніца», партрэты Фідэля Кастра, Якуба Коласа. Работам уласцівы абагульненасць пластыкі, манументальнасць вобразнага ладу.

Памёр 6 лістапада 1972 года.

1936 год. Нарадзіўся Іван Крэнь. Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук, прафесар.

Працаваў у школах, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, у якім прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара, загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, дэкана факультэта гісторыі і культуры.

Вывучаў гісторыю грамадскіх арганізацый, населеных пунктаў Гродзеншчыны, пытанні краязнаўства. Плённа займаўся навукова-метадычным забеспячэннем курсаў гісторыі Беларусі і дапаможных гістарычных дысцыплін.

Памёр 4 мая 2014 года.

nashi-lyudi.by

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Казулін. Беларускі навуковец, палітык, грамадскі дзеяч. Палітзняволены, вязень сумлення.

Акадэмік Акадэміі адукацыі Беларусі, Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафесар МДУ імя М. Ламаносава, віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў. Кандыдат фізіка-матэматычных, доктар педагагічных навук, прафесар. Рэктар БДУ (1996-2003).

Падчас працы рэктарам БДУ выявіў сябе як рэфарматар. БДУ першым у краіне ажыццявіў пераход на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі адмыслоўцаў па ўзоры вядучых еўрапейскіх універсітэтаў. Па выніках прэзідэнтскіх выбараў 2001 года ў БДУ Лукашэнку падтрымала толькі пятая частка студэнтаў і супрацоўнікаў.

У 2005 годзе абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы па стварэнні Агульнанацыянальнага руху «Воля народа», быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. На выбарах паводле афіцыйных дадзеных атрымаў 2,3 % галасоў.

25 сакавіка 2006 года быў арыштаваны падчас масавых выступаў грамадзян супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды. Прызнаны «Міжнароднай Амністыяй» Вязнем сумлення.

1988 год. Загінула Яўгенія Янішчыц. Беларуская паэтэса, перакладчыца. “Самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі” (Васіль Быкаў). 

Аўтар вершаў, зборнікаў лірыкі, выбраных твораў, паэм, літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай.

Яе асобныя вершы пакладзены на музыку.

Паэтычная спадчына паэткі – адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Цяжка і марудна папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты. Па афіцыйнай версіі, паэтка загінула трагічна: выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў.

Яе імя носіць школа ў в. Парэчча Пінскага раёна.

wikimedia.org

2019 год. У афрыканскай краіне Малі загінуў Андрэй Жук. 

Беларус, французскі ваеннаслужачы, кавалер Ордэна Ганаровага легіёна пасмяротна. 

Удзельнік міжнародных антытэрарыстычных аперацый ў Аўганістане, Гвіяне, Малі.