Ад аграгарадкоў да «вёсак будучыні». Эксперыменты з сельскай гаспадаркай працягваюцца

Беларускія ўлады заявілі пра намеры стварыць ува ўсіх рэгіёнах «Вёскі будучыні». Чыноўнікі запэўніваюць, што ў такіх паселішчах будзе забяспечанае камфортнае пражыванне і створаныя новыя працоўныя месцы ды вытворчасці.

Намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч кажа, што ўся тэрыторыя краіны ўжо падзелена на шэсць рэгіянальных груп, дзе адначасова будзе ўкараняцца гэты праект, піша краснапольскае выданне «Чырвоны сцяг».

Вернутыя з савецкай мінуўшычыны – аграгарадкі, якія і тады не далі плёну

Два дзясяткі гадоў таму заяўлялася, што аграгарадкі стануць прыкладна тым жа, што і праектаваная «Вёска будучыні».

У 2003 годзе Лукашэнка даручыў распрацаваць праграму адраджэння вёскі, каб яна стала перспектыўнай і прывабнай для моладзі.

Першым аграгарадком стала вёска Язёры Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласці.

Феномен «аграгарадка» – не выдумка цяперашняй улады ў Беларусі. Яе прататыпы ў БССР з’явіліся яшчэ ў 1950 гадах, калі ўзяліся ўзбуйняць калгасы. Новых паселішчаў стварылі 3852. Тагачасныя аграгарадкі не выратавалі вёску ад дэградацыі, не затрымалі там і моладзь.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў савецкі досвед узгадалі. Планавалася, што да канца 2011 года будзе завершана стварэнне сеткі аграгарадкоў, а іх колькасць перавысіць 1,5 тысячы. У 2014 годзе іх было 1512. Аграгарадок стаў афіцыйным відам сельскага паселішча.

У ідэале аграгарадок меўся быць забяспечаны сувяззю, электрычнасцю, газам, водаправодам, крамамі, сталоўкамі, поштай, ашчаднай касай, установамі медыцыны, адукацыі, культуры, спорту.

На справе ж многія аграгарадкі не адпавядалі крытэрыям такой інфраструктуры. Толькі 93 % жыллёвага фонду газіфікавана, 76 % забяспечана водаправодам, 72 % каналізацыяй, 65 % цэнтральным ацяпленнем, 50% гарачай вадой. Насельнікі аграгарадкоў не маюць абяцаных высокіх заробкаў, а адсутнасць перспектыў не прываблівае ў іх моладзь.

Пра “Вёскі будучыні” чыноўнікі кажуць ужо пяць гадоў

У лістападзе 2017-га тагачасны віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы абвясціў, што ў Беларусі выбралі пасёлкі, якія ператворацца ў «вёскі будучыні». Іх збіраліся ствараць на базе аграгарадкоў і, нібыта, тады ўжо былі падрыхтаваныя тыпавыя праекты «вёсак будучыні».

У якасці прыкладу, да чаго павінны імкнуцца такія вёскі, чыноўнік назваў аграгарадок Верцялішкі і вёску Копысь, пісала   «БелТА». 

Копысь адметная тым, што праз Дняпро родная вёска Лукашэнкі, а ў копысеўскай лякарні ён нарадзіўся і, таму, па словах мясцовых жыхароў, па асабліваму ставіцца да гэтага паселішча.

Як вынікала з тлумачэньняў Русага, тагачасныя намеры ў стварэнні «вёсак будучыні» не былі прапрацаваныя, бо, як ён адзначыў, толькі ў 2018 збіраліся іх «юрыдычна ўзаконьваць».

Мінула 5 гадоў і чынавенства зноў загаварыла пра “Вёскі будучыні” ўжо вуснамі намесніка міністра эканомікі Таццяны Бранцэвіч.

З яе слоў, праўда, незразумелая прынцыповая розніца паміж «вёскай будучага» і аграгарадком. Яна амаль цытуе Русага, але спасылаецца на «Канцэпцыю рэгіянальнага развіцця», якую толькі разглядае Лукашэнка.

«Ужо вызначаны населеныя пункты, падрыхтаваны комплекс мер. – запэўнівае яна – Дадаткам да гэтай канцэпцыі зʼяўляюцца палепшаныя сацыяльныя стандарты пражывання ў гэтых населеных пунктах».

Высновы…

Чыноўнікі не могуць зразумець, што толькі прыватная ўласнасць паставіць усё на свае месцы без аграгарадкоў, «вёсак будучыні», а сусветны вопыт паказвае, што без прыватніка-гаспадара свайго лёсу і не будзе гэтай «будучыні».

Кожны новы віток рэфармавання вёскі чыноўноўнікамі вядзе да змяншэння колькасці сельскага насельніцтва, дэградацыі сяла, нягледзячы на вялізныя фінансавыя затраты, датацыі ў аграпрамысловы комплекс, ад якіх не багацеюць ні краіна, ні яе грамадзяне.

Фота з рэсурсаў: komandirovka.ru, tourister.ru, pniva.by, mezcisetki.mogilev.edu.by, rodniva.by,  be.wikipedia.org