6 чэрвеня ў гісторыі. Параза рускіх войскаў. Першыя джынсы. Згарэў лепшы магілёўскі бардэль. Аперацыя “Аверлорд”. Нарадзіліся Э. Ажэшка, А. Пушкін, А. Дудараў.

1633 год. Ліпнішкі атрымалі Магдэбургскае права.

Самакіраванне і герб «у чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ».дараваны каралём і вялікім князем Уладзіславам Вазай.

Зараз Ліпнішкі – аграгарадок у Іўеўскім раёне, на рацэ Аліта, цэнтр сельсавета з насельніцтвам больш за 1 тысячу жыхароў. Упершыню згадваюцца ў XV стагоддзі. У XVI стагоддзі атрымалі статус мястэчка.

1664 год. Войскі ВКЛ перамаглі маскоўскіх захопнікаў пад Віцебскам.

Бітва адбылася на рацэ Лучоса падчас Трынаццацігадовай вайны. Вясной 1664 года  Масква “выпаліла і весекла” Дуброўна, Оршу, Чарэю і Талачын, “паліла да самога Барысава”.

Падчас бітвы разбітыя ноўгарадскія казакі ўцякалі да самога Ноўгараду, а рэшткі рускіх войск Хаванскага схаваліся ў Віцебску.

Віцебск у сярэдзіне XVII стагоддзя.

1799 год. Нарадзіўся Аляксандр Пушкін (1799-1837).

Сусветна вядомы паэт, драматург, празаік. З гэтай нагоды ў Расіі сёння – Пушкінскі дзень, дзень рускай мовы.

Верагодна, род Пушкіна бярэ свой пачатак з беларускага Наваградку. Бацькі жадалі, каб сын атрымаў адукацыю у полацкім калегіуме, але на гэта не хапіла сродкаў. 

Пушкін двойчы быў у Магілёве і на тэрыторыі Магілёўскай губерні (1820, 1824). У гонар гэтага на будынку па Ленінскай, 33 усталявана шыльда з выявай паэта. У абласным цэнтры Пушкіну прысвечаны тры помнікі, названы праспект (былая Нова-Чарнігаўская вуліца).

Увогуле, вуліцы імя Пушкіна ёсць ва усіх абласных і бальшыні раенных цэнтраў Беларусі. У гонар паэта ўстаноўлена шмат помнікаў, названы Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, шматлікія ўстановы культуры.

Яго ўнучка Наталья Варанцова-Вельямінава (1859-1912) жыла ў Бабруйску і маёнтку Вавулічы пад Бабруйскам, займалася  дабрачыннасцю, была старшынёй Бабруйскага дабрачыннага таварыства. Ёй з мужам належаў дом у Бабруйску, які быў знесены ў канцы 1960-х гадоў і на яго месцы пабудаваны палац шлюбу. У 1902 годзе быў асвечаны Храм у гонар Святога Мікалая ў Цялушы, пабудаваны на сродкі Варанцовых-Вельямінавых.

Н. Варанцова-Вельямінава.

1841 год. Нарадзілася Эліза Ажэшка (1841-1910).

Польская пісьменніца беларускага паходжання.

Дапамагала паўстанцам у 1863-1864 гадах, хавала ў сябе Р. Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу.

У творчасці выступала за раўнапраўе жанчын, з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў, адлюстроўвала жыццё беларускай вёскі, падзеі паўстання 1863-1864 гадоў. Двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію: у 1904 і 1909 гадах.

У першы раз большасць членаў камітэта прагаласавала за творчасць этнічнага беларуса Генрыка Сянкевіча, у другі раз узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф. У Гродна працуе Дом-музей Элізы Ажэшка, там жа ёсць вуліца яе імя і пастаўлены помнік.

1850 год. Лівай Страус зрабіў свае першыя блакітныя джынсы.

Штаны імгненна раскупілі. Лівай і яго зяць Дэвід Стэрн адкрылі ў Сан-Францыска галантарэйны магазін. У 1853 годзе Страус заснаваў фірму “Levi Strauss & Co”. Замест парусіны штаны пачалі шыць з мякчэйшай французскай тканіны, якую назвалі “дэнім” (ад горада Нім у Паўднёвай Францыі, дзе гэтая тканіна першапачаткова выраблялася).

1909 год. У моцным пажары згарэў будынак Магілёўскага народнага дома, які быў ўрачыста адкрыты ў 1900 годзе.

А роўна праз год, у 1910-м здарыўся самы моцны пажар у гісторыі задняпроўскага Магілёва і самаго Магілёва: за адзін дзень поўнасцю выгарэла Лупалава – 700 дамоў, 2 царквы, найлепшы ў губернскім цэнтры бардэль, загінула 20 чалавек, некалькі пажарнікаў. Некалькі тысяч жыхароў засталіся без даху над галавой, сотні сталі жабракамі. Страты склалі 2 290 000 рублёў, а ўсе гадавыя даходы горада складалі толькі 439 552 рублі 02 капейкі.

1934 год. Пайшоў з жыцця Браніслаў Эпімах-Шыпіла  (1859-1934).

Прафесар, член Інбелкульта, дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец.

Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі “Круг беларускі”, у стварэнні беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, студэнцкага “Беларускага навукова-літаратурнага гуртка”, лектар на беларускай мове ў Петраградзе,  старшыня навуковага “Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі”. 

Аўтар першай хрэстаматыі беларускай літаратуры. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Янкі Купалы. На радзіме, у в. Залессе Полацкага раёна ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак, а ў Ветрынскай СШ заснаваны музей Б. Эпімах-Шыпілы.

1937 год. Нарадзіўся Іван Некрашэвіч (1937-2009).

Заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у праектных інстытутах, галоўным архітэктарам Мінскай вобласці.

Сярод асноўных работ – Віцебскі і  Брэсцкі ўсходнія прамысловыя вузлы, генпланы прамысловых вузлоў у Гродне, Магілёве, Бабруйску, комплекс БелАЗ, забудова сельскіх пасяленняў, у тым ліку в. Гавяды Шклоўскага раёна.

1944 год. Пачалася аперацыя “Аверлорд” – адкрыццё другога фронта ў Заходняй Еўропе.

Да чэрвеня 1944 года саюзнае камандаванне засяродзіла на брытанскіх астравах 25 пяхотных, 10 бранятанкавых і 4 паветрана-дэсантных дывізій. Уся гэтая групоўка прызначалася для высадкі на ўзбярэжжа Францыі з мэтай адкрыцця другога фронта супраць немцаў.

Высадку забяспечвалі 6 000 караблёў, 11 000 баявых і 2 400 транспартных самалётаў, 850 дэсантных планёраў. Агульная колькасць экспедыцыйных сіл дасягнула 2 876 000 чалавек. Нямецкія войскі ў Францыі налічвалі 60 дывізій з некамплектам 20-30% па людзях і значна большым па тэхніцы. У танкавых дывізіях было 90-100 танкаў.

Адкрыццё другога фронту адцягнула на сябе частку нямецкіх дывізій, знізіла ваенны патэнцыял Германіі, які мог быць накіраваны супраць СССР.

Англа-амерыканскі дэсант у Нармандыі стаў адным з найбуйных у ваеннай гісторыі. Саюзнікам прыйшлося пераадолець адчайныя контратакі суперніка. Часам здавалася, што аперацыя “Аверлорд” проста асуджаная на няўдачу. Але ў падтрымку саюзнікаў 10 чэрвеня 1944 года савецкія войскі пачалі гіганцкі наступ на Усходнім фронце, які гітлераўцам удалося прыпыніць толькі ля Варшавы. 

Узаемадзеянне саюзніцкіх войскаў на Захадзе і Усходзе стала найважнейшым фактарам канчатковай змены ваенна-стратэгічнай сітуацыі ў Еўропе на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У верасні 1944 гады супраць Германіі выступілі ўжо яе былыя партнёры: Румынія, Фінляндыя, Балгарыя.

1950 год. Нарадзіўся Аляксей Дудараў (1950-2023).

Беларускі драматург, сакратар Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра юнага гледача, галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Аўтар апавяданняў, казак, зборнікаў апавяданняў, п’ес. Па яго сцэнарыях пастаўлены шматлікія фільмы, у тым ліку “Суседзі”, “Белыя росы”. Аўтар п’ес аб гісторыі шлюбу Рагнеды і Уладзіміра, аб Вялікай Айчыннай вайне, міжусобнай барацьбе ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, па матывах паэмы М. Гусоўскага. Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра “Рычард III”.

Памёр 27 лютага 2023 года.

1951 год. Нарадзіўся Канстанцін Бандарэнка.

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі. Выхаванец і рэктар МДУ імя А. Куляшова (2003-2017). У 2010 г. занесены ў “Кнігу славы Магілёўшчыны”.

1956 год. У СССР адменена плата за навучанне ў старэйшых класах сярэдніх школ і ў ВНУ.

26 кастрычніка 1940 года была ўведзена пастанова №638 “Аб устанаўленні платнасці навучання ў старэйшых класах сярэдніх школ і ў вышэйшых навучальных установах СССР і аб змяненні парадку прызначэнняў стыпендый”.

Навучанне ў сталічных школах каштавала 200 рублёў у год, у правінцыйных – 150, а за навучанне ў інстытуце ўжо даводзілася выкладваць 300-400 рублёў.

Сума гадавой аплаты за навучанне ў школе і ВНУ адпавядала сярэдняй месячнай намінальнай зарплаце савецкіх працоўных. Аднак, увядзенне нават такой сціплай платы для многіх савецкіх грамадзян закрыла магчымасць прадоўжыць адукацыю пасля 7 класа. А калгаснікі тады ўвогуле заробку не атрымлівалі і працавалі за працадні.

У выніку праведзеных “рэформ” колькасць выпускнікоў сярэдніх школ (8-10 класы), сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ скарацілася ўдвая.

2011 год. Памёр Уладзімір Конан (1934-2011).

Беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык, доктар філасофскіх навук, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны.

Даследаваў тэарэтына-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.

 

«Ці адчуваюць вяскоўцы сваю спрычыненасць да працэсаў на сяле». Гэтаму мае садзейнічаць сельсавет, а ці садзейнічае?

На тэму мясцовага самакіравання разважае незалежны эксперт у гэтай галіне.

На ягоны погляд эфектыўнае самакіраванне на мясцовым узроўні – гэта міф. Пакуль у нас не будзе сумленных, празрыстых выбараў, лічыць ён, ніякія «асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя ліній» не паспрыяюць, каб грамадзяне адчувалі сваю спрычыненасць да працэсаў у вёсцы.

 

Заслуга сельсавету – паставілі плот на могілках

Нагодай, каб пагутарыць пра ролю органаў мясцовага самакіравання ў жыцці грамадства стаў артыкул у газеце Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва». Ужо ў самой назве публікацыі закладзенае пытанне, ці патрэбныя ў цяперашняй сістэме ўлады такія структуры, як сельсаветы.

rodniva.by

З артыкулу вынікае, што яны занятыя рамонтам агароджаў, упарадкаваннем тэрыторыяў, выдаленнем паваленых дрэваў і нагадваннем жыхарам пра пажаранебясьпечны стан іх жытла.

Публікацыя ў раёнцы завяршаецца словамі, што грамадзяне «павінны адчуваць сваю спрычыненасць да ўсіх працэсаў, што адбываюцца на сяле, бо толькі з’яднаная праца дае станоўчыя вынікі».

 

А што кажа закон пра сельсаветы

Згодна з законам «Аб мясцовым упраўленні і самаўпраўленні ў Рэспубліцы Беларусь» сельсаветы ў тым ліку зʼяўляюцца формай арганізацыі і дзейнасці насельніцтва, што пражывае на адпаведнай тэрыторыі:

avatars.mds

– для самастойнага вырашэння непасрэдна, альбо праз выбраныя ім органы сацыяльных, эканамічных і палітычных пытанняў мясцовага значэння,

– зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян,

– асаблівасцяў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак,

– на аснове ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прыцягнутых сродкаў.

 

Сістэма мясцовага самакіравання ў Беларусі «нібыта існуе»

Магілёў.media звярнуўся да эксперта ў пытаннях развіцця органаў самакіраваньня, які займаецца гэтай тэмаю больш за 30 гадоў. Ён назваўся М. Русак.

Артыкул у Клімавіцкай раёнцы ён ахарактарызаваў, як «вельмі бадзёры». На ягоны пагляд сістэма мясцовага самакіравання ў Беларусі «нібыта існуе».

«Чаму нібыта існуе?», – адзначае ён і тлучачыць сваю пазыцыю.

marshryt.by

Паводле яго, мясцовае самакіраванне – гэта тформа кіравання, якая дазваляе насельніцтву самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння праз дэмакратычна абраных прадстаўнікоў, дэпутатаў.

Больш за ўсё, падкрэслівае ён, набліжаных да насельніцтва сельскіх саветаў дэпутатаў. Паколькі гэта невялікія тэрыторыі, дзе практычна ўсе адзін аднаго ведаюць, а выбраныя дэпутаты з’яўляюцца блізкім усяму насельніцтву людзьмі. І ўжо таму ўсе рашэнні такой мясцовай улады фактычна прымаюцца ўсім насельніцтвам.

Вышэйшая службовая асоба на тэрыторыі сельсавету залежная ад вышэйшага начальніка, а не ад насельніцтва.

Аднак гэта свайго роду ідэал, а як яно на практыцы, – пытаецца эксперт і адказвае.

Вось, прыклад з іншага сельсавету, які характарызуе ўсю сістэму так званага самакіравання, а насамрэч цэнтралізаванага кіравання ў краіне.

Старшынёй сельскага выканкаму можа быць абраны толькі той чалавек, які атрымаў адабрэнне на гэта ад старшыні адпаведнага райвыканкаму. А калі яго не абяруць, то старшыня райвыканкаму мае права яго прызначыць.

encrypted-tbn0.gstatic.com

Гэта прапісана ў Палажэнні аб прызначэнні на пасады і вызвалення ад пасад кіраўнікоў і іншых членаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Вось і ўсё мясцовае самакіраванне.

Вышэйшая службовая асоба на тэрыторыі сельсавету цалкам і поўнасцю залежыць ад вышэйшага начальніка, а не ад насельніцтва.

Гэта вышэйшая службовая асоба як заўгодна можа казаць пра сваю блізкасць з насельніцтвам, а даваць справаздачу ён пойдзе ў райвыканкам старшыні.

 

Заступілася за народ звольнілі

Пару гадоў таму звольнілі з пасады старшыню Вейнянскага сельвыканкаму. Яна была заўважаная ў сімпатыях да насельніцтва, якое пратэставала супраць будаўніцтва хімічна шкоднага прадпрыемства, узведзенага на тэрыторыі сельсавету.

Пасля гэтага ўжо два гады выканаўцам абавязкаў старшыні сельскага выканкаму з’яўляецца не абраны дэпутатам сельскага савету чалавек. На гэтую пасаду паставілі адданага ўладзе чалавека – выхадца з БРСМ.

pniva.by

Ён не павінен вагацца вакол лініі ўлады, і ніводнаму жыхару не дазваляць перашкаджаць і надалей развівацца хімічнай прамысловасці літаральна пад ягоным плотам.

Бадзёрую справаздачу аб тым, як у нас павышаюць ролю органаў мясцовага самакіравання, напісаць можна, бо, абвяргаць напісанае ўсё роўна ніхто не будзе.

Гэта папросту небяспечна.

Вось таму і з’яўляюцца міфы аб эфектыўным мясцовым самакіраванні.

Пакуль у нас не будзе сумленных, празрыстых выбараў, ніякія згаданыя ў артыкуле «асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя ліній» не забяспечаць таго, каб грамадзяне адчувалі сваю датычнасць да ўсіх працэсаў, якія адбываюцца на вёсцы. І ніякай згуртаванай сумеснай працы, як напісана ў артыкуле, не будзе. Будзе не абмен, а падман вопытам працы.