Дзень у гісторыі. 13 снежня. Дзень апостала Андрэя Першазванага. Раскол Рады БНР. Дагавор аб Еўрапейскай супольнасці

Дзень святога апостала Андрэя Першазванага (праваслаўны каляндар).

Святы апостал Андрэй родам з Віфсаіды Галілейскай. Стаў першым вучнем Хрыста і першым вызнаў Яго Збаўцам, прывёў да Хрыста свайго старэйшага брата Сымона, будучага апостала Пятра.

Паводле паданняў Андрэй з пропаведзямі прайшоў Малую Азію, Фракію, Македонію, Скіфію, Прычарнамор’е, прайшоў па Дняпры – да месца, дзе цяпер Кіеў і паставіў крыж на кіеўскіх гарах, потым пайшоў да будучага Ноўгарада праз сучасныя беларускія землі. 

Пакутніцкую смерць прыняў у Патрасе. Тыран горада, язычнік Эгеат загадаў не прыбіваць рук і ног яго да крыжа, а прывязаць іх. Крыж меў форму літары “Х” і атрымаў назву “Андрэеўскі крыж”.

У 357 годзе мошчы святога апостала Андрэя Першазванага перанесены ў Канстанцінопаль у храм Святых Апосталаў, у 1208 годзе перавезены ў Італію і змешчаны ў кафедральным храме ў Амальфі.

У даўніну на Андрэя слухалі ваду: раніцай ішлі на раку, рабілі палонку, перш чым зачэрпнуць вады, апускаліся на калені на край палонкі, дакраналіся вухам да лёду і слухалі:

Калі шумная вада, то трэба чакаць завеі, сцюжы.

Калі ціхая вада на Андрэеў дзень, то зіма будзе ціхай, добрай.

 

Дзень святой Люсіі (у каталіцкай і пратэстанцкай царкве).

У гэты дзень ў 304 годзе забіта пасля асляплення за веру ў Хрыста пакутніца з Сіракузаў – Святая Люсія, (286-304). 

Апрача гэтага, існуе легенда, што нейкая Люсія жыла ў Сярэднявеччы і была жонкай шведскага рыбака. Аднойчы яе муж адправіўся ў мора, але разгулялася бура. Нячыстая сіла, якая гуляла па Зямлі ў гэтую ноч, пагасіла маяк, і тады Люсія выйшла на высокую скалу з ліхтаром, каб асвятляць любімаму дарогу да прычала. Чэрці раззлаваліся, напалі на дзяўчыну і адрэзалі ёй галаву. Але нават пасля смерці яе прывід стаяў на скале з ліхтаром.

У дзень святой Люсіі ў Стакгольме і Хельсінкі праходзяць цырымоніі выбараў і каранацыі Люсіі, якую ўпрыгожваюць у белую сукенку і апранаюць вянок з запаленых свечак, пасля чаго пачынаецца ўрачыстае карнавальнае шэсце дзяцей. У кожнай школе таксама выбіраюць сваю Люсію і ладзяць святы са спевамі традыцыйных гімнаў.

Фота: Святочная працэсія ў гонар Св. Люсіі, Швецыя, 2007

 

1581 год. У вёсцы Ківерава Гара каля Яма Запольнага, у 80 км ад Пскова, пачаліся руска-польскія перамовы.

У студзені 1582 года было заключана 10-гадовае Ям-Запольскае перамір’е з Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава адмаўлялася ад Лівоніі і беларускіх земляў.

 

1826 год. Пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. 

Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму. Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».

У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены  мармуровы бюст.

Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.

https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG

https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG

1887 год. Нарадзілася Луцыя Балзукевіч

Вядомая польская мастачка. Працавала на Гродзеншчыне. Дачка скульптара Вінцэнта Балзукевіча, сястра мастакоў Баляслава і Юзафа Балзукевічаў.

Працавала ў жанрах партрэта і пейзажа, кветкавым нацюрморце, пісала інтэр’еры архітэктурных помнікаў, займалася рэлігійным жывапісам, роспісам касцёлаў (“Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне”, «Сакрыстыя ў касцёле бэрнардынаў у Вільні”).

Творы захоўваюцца ў музейных зборах Вільні, Варшавы, Коўна, у касцёлах Гродна.

Яе творы належаць розным напрамкам жывапісу: з мадэрністычнай дэкаратыўнасцю, сімвалічныя сваім містычным настроем, вытанчаныя па малюнку і каларыце сецэсійны абраз «Святы Губерт» і рэалістычныя партрэты Антонія Вівульскага і Вінцэнта Сляндзінскага.

Памерла  11 мая 1976 года ў польскім Любліне.

 

1901 год. Нарадзілася Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Пад час акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

 Памерла 8 студзеня 1967 года ў Мюнхене.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч)
магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч)

 

1907 год. Нарадзіўся Мікалай Лапіцкі

Дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны святар, публіцыст, педагог.

Актыўна ўдзельнічаў у Мінскім царкоўным саборы (1942), які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.

У нямецкім Рэгенсбургу арганізаваў беларускі праваслаўны прыход, пабудаваў царкву Ефрасінні Полацкай, быў  дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.

Настаяцель беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы.

Памёр 8 жніўня 1976 года ў Беларускім адпачынкавым цэнтры «Бэлэр-Менск» каля Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

 

1919 год. Адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду і Народную Раду БНР.

Прадстаўнікі партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў і  сацыялістаў-федэралістаў абвінавацілі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) засталася дзейнічаць пад неафіцыйнай назвай Народная рада БНР на чале з абраным старшынёй П. Крэчэўскім, а меншыня (37 чалавек) выйшла з яе складу і на наступны дзень, 14 снежня, сфарміравала Найвышэйшую раду БНР на чале з Язэпам Лёсікам.  Польскія ўлады прызналі апошнюю, аднак мала лічыліся з ёй. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР.

Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, на якой Найвышэйшая Рада спыніла сваю дзейнасць.

 

Язэп Лёсік, старшыня Найвышэйшай Рады БНР

  

1942 год. У Магаданскім канцлагеры загінуў Яфім Бялевіч

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны (штабс-капітан).

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920-1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення.

 

2007 год. Падпісаны Лісабонскі дагавор аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўрапейскім саюзе і Дагавор аб заснаванні Еўрапейскай супольнасці. 

Міжнародны дагавор, падпісаны на саміце ЕС у манастыры іеранімітаў ў Лісабоне.

Закліканы замяніць сабой Канстытуцыю ЕС, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесці змены ў дзеючыя пагадненні аб Еўрапейскім саюзе ў мэтах рэфармавання сістэмы кіравання ЕС.

Набыў моц 1 снежня 2009 года.

 

Дзень у гісторыі. 3 снежня. Магілёўскую Стаўку заняў бальшавік Крыленка. Самая страшная хімічная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. Заканчэнне “халоднай вайны”. Дзень нараджэння SMSкі.

Міжнародны дзень інвалідаў (International Day of the Disabled, з 1992 года). 

Аб’яўлены Генеральнай Асамблеяй ААН.  Дзень інвалідаў Беларусі.

У гэты дзень не будзе залішнім нагадаць усім пра тое, што сярод нас жывуць людзі, якія заслугоўваюць не толькі спачування, але перш за ўсё дапамогі, забеспячэння іх правоў на годнае жыццё, працу, адпачынак. 

У свеце жыве каля мільярда чалавек з інваліднасцю – амаль 15% насельніцтва Зямлі. У Беларусі доля людзей з інваліднасцю 6%. Асоб з інваліднасцю ў працаздольным узросце – каля 200 тысяч.

 

Сусветны дзень адмовы ад пестыцыдаў (Global No Pesticides Use Day, з 1998 года) у  памяць аб экалагічнай катастрофе, якая адбылася 3 снежня 1984 года на пестыцыдным заводзе ў індыйскім Бхапале.

Мэта – прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да вырашэння праблем, якія ўзніклі ў выніку вытворчасці і выкарыстання гэтых небяспечных хімікатаў.

Пестыцыды – гэта сінтэтычныя хімічныя рэчывы, якія многія краіны шырока выкарыстоўвалі для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.

Аднак, як высветлілася пазней, прамысловы выпуск гэтых хімікатаў прынёс насельніцтву планеты больш шкоды, чым карысці.

Менавіта пестыцыды, на думку экспертаў ААН, сталі галоўнай прычынай “ціхай катастрофы” – так называюць сённяшні стан глеб у Еўропе. Больш за тое, высветлілася, што стойкасць пестыцыдаў настолькі высокая, а іх распаўсюджванне настолькі глабальна, што іх выявілі нават у арганізмах пінгвінаў Антарктыкі, куды пестыцыды былі занесены паветранымі і акіянскімі патокамі.

 

1586 год. У Англію з Амерыкі упершыню завезена бульба. 

Solanum tuberosum, L. — аднагадовая (у культуры) ці шматгадовая (у дзікім стане) травяністая расліна сямейства паслёнавыя, якая аб’ядноўвае да 150 дзікіх і культурных разнавіднасцей. 

Першымі паспыталі бульбу іспанскія маракі, а потым бульба патрапіла ў Іспанію ў 1551 годзе, потым – у Італію, дзе перуанскі «папу» назвалі «тартуфолі». 

Пасля гэтага бульба патрапіла ў іншыя еўрапейскія краіны як дэкаратыўная расліна. Лічылася, што яна не з’яўляецца здаровай для хрысціян. 

У Рэчы Паспалітай бульба стала вядомая ў XVII стагоддзі. Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасня 1683 года).

Сучасную навуковую назву культуры ў 1596 годзе ўвёў Каспар Баўгін.

Беларуская назва віду паходзіць ад агульнаўжывальнай назвы тапінамбура — «бульва», які быў шырока распаўсюджаны ў Рэчы Паспалітай з першай паловы XVIII стагоддзя і быў выцеснены ў канцы XVIII стагоддзя падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла яго назву (у літоўскай мове «бульба» — bùlvė).

Сярод іншых беларускіх назваў можна згадаць такія, як паслён клубняносны, канцадалы, картопля, картохля, кунада, курдопа, кардока, картошка, картохі, карточка.

Беларусь па вытворчасці бульбы займае звычайна 11-14 месцы ў свеце (1,5%). Больш за беларусаў бульбы збіраюць ў КНР, Індыі, Расіі, ЗША,  Украіне, ФРГ, Бангладэш, Францыі, Польшчы, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, у асобныя гады – у Перу, Канадзе. Амаль столькі ж, як у Беларусі збіраюць ў Егіпце і Турцыі, толькі больш таварнай.

 

1907 год. Нарадзіўся Рыгор Крушына (Казак) 

Беларускі паэт, празаік, крытык. Член літаб’яднання «Маладняк».

З 1944 года жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене на радыё «Свабода». 

Адзін з заснавальнікаў у 1951 годзе Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні». Аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, паэм, апавяданняў, крытычных артыкулаў, нарысаў, у тым ліку пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў.

Упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам. 

Першы беларускі пісьменнік – член Міжнароднага ПЭН-клуба.

Памёр 27 сакавіка 1979 года. Пахаваны на беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

 

1917 год. Магілёўская Стаўка занята войскамі Чырвонай Арміі Мікалая Крыленкі. 

Крыленка адхіліў ад пасады кіраўніка Стаўкі генерала М. Духоніна. Генерал быў арыштаваны і на аўтамабілі прывезены на чыгуначны вакзал, дзе яго адвялі ў вагон Крыленкі, але рэвалюцыйныя салдаты і матросы выцягнулі Духоніна з цягніка і забілі. 

Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага дзейнічала ў Магілёве да 26 лютага 1918 года і была пераведзена ў Арол у сувязі з набліжэннем да горада аўстра-германскіх войскаў. 

У Магілёве на вуліцы Крыленкі, 2 устаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: “Пад яго камандаваннем рэвалюцыйныя войскі ліквідавалі контррэвалюцыйную стаўку ў г. Магілёве 20 лістапада/3 снежня 1917 года”.

 

1918 год. Рада і Урад Беларускай Народнай Рэспублікі пакідаюць Мінск

Перад захопам Мінска бальшавікамі Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым, у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх ваенізаваных фарміраванняў, у Гродна. 

Гародня была сталіцай БНР да верасня 1919 года. 

БНР створана 9 сакавіка, яе незалежнасць была абвешчана раніцай 25 сакавіка 1918 года. Беларуская мова ў якасці дзяржаўнай абвешчана 28 красавіка 1918 года. 

Мела дзяржаўныя атрыбуты: Часовую канстытуцыю (11 кастрычніка 1918), пячатку (28 красавіка 1918), сцяг і герб (чэрвень 1918), пашпарты грамадзян БНР (лета 1918). Галоўным кіраўнічым органам была Рада БНР, выканаўчы орган Народны Сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 года перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР.

Фота: Тэрыторыя БНР

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро: на працягу 3 снежня на паўночным захадзе ад Гомеля савецкія войскі “з баямі занялі больш за 100 населеных пунктаў; сярод іх буйныя населеныя пункты Шапчыцы, Доўск, Свержань, Малашкавічы, Доўцы, Красніца, Каменка Рыскоўская, Хімы, Стоўпня, Вуглы, Буда-Люшэўская, Новая Слабада, Старая Рудня, Пірэвічы, Кругавец, Рудзянка, Скепня і чыгуначная станцыя Салтанаўка… Знішчана звыш 700 нямецкіх салдат і афіцэраў і 8 танкаў праціўніка… Вызвалена 10 тысяч савецкіх грамадзян, якіх немцы вывозілі на катаргу ў Нямеччыну”.


 1955 год. Пры ЮНЕСКА прынята рашэнне аб заснаванні Міжнароднага Агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ). 

Заснавана ў 1957 годзе. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Вене. Агенцтва створана як незалежная міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН, а са з’яўленнем Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі яго праца набыла асаблівае значэнне.

Мэта работы Агенцтва ў краіне — канстатаваць, што працы у мірнай ядзернай галіне не пераключаюцца на ваенныя мэты. Дзяржава, падпісваючы такое пагадненне нібы гарантуе, што не праводзіць даследаванняў ваеннай накіраванасці, таму гэты дакумент і называецца пагадненнем аб гарантыях.

 

1984 год. Адбылася самая страшная хімічная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. 

Каля 4000 чалавек загінулі і тысячы атрымалі калецтвы ў выніку таго, што воблака метылавага ізацыяніду накрыла паселішчы вакол завода карпарацыі “Юніён карбід” па вырабу пестыцыдаў у індыйскім Бхапале.

 

1989 год.  Заканчэнне “халоднай вайны”. 

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш і генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў падчас Мальтыйскага саміта (2-3 снежня) заявілі, што іх краіны больш не з’яўляюцца супернікамі. Гэта адбылося менш як праз месяц пасля падзення Берлінскай сцяны.

1992 год. Дзень нараджэння SMSкі. 

У Вялікабрытаніі адбылася першая ў свеце перадача SMS-паведамлення: супрацоўнік Sema Group Н. Папуорт пры тэставанні новай тэхналогіі перадачы тэксту з персанальнага кампутара на мабільны тэлефон аператара сотавай сувязі Vodafone адправіў свайму калегу паведамленне: “Merry Christmas”. SMS – Short Messaging Service – “служба кароткіх паведамленняў”.

Упершыню ідэя SMS была выказана фінскім інжынерам М. Макконенам яшчэ ў 1984 годзе на канферэнцыі па будучыні мабільных камунікацый у Капенгагене. У 1985 годзе нямецкі даследчык Ф. Хілебранд распрацаваў фармат SMS, які прадугледжваў не больш за 160 знакаў для кожнага паведамлення. У 1989 годзе ідэя перасылкі тэкстаў з дапамогай мабільных тэлефонаў была рэалізавана групай інжынераў, сярод якіх былі Ф. Хілебранд, Б. Жыльбер, Ф. Тросбі, К. Холі, Й. Харыс.

Характэрна, што спачатку SMS адпраўлялі з кампутара, і толькі пазней удалося наладзіць прамую перапіску паміж мабільнымі прыладамі.

Толькі ў нулявыя гады XXI стагоддзя эсэмэскі сталі звыклымі і даступнымі кожнаму.

 

1994 год. Памерла Ірына Ждановіч. 

Беларуская артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатр імя Янкі Купалы. Народная артыстка. Рэжысёр.

У 11-гадовым узросце сыграла хлопчыка ў пастаноўцы «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы, у 14 гадоў была ў штаце Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Выконвала ролі сваіх сучасніц, раскрывала духоўны свет гераінь А. Астроўскага, У. Шэкспіра, Г. Ібсена, Лопэ дэ Вэгі. Значнае месца ў творчасці актрысы занялі ролі ў п’есах А. Маўзона «Канстанцін Заслонаў»,  Максіма Горкага, В. Віткі, Л. Талстога.

 

2002 год. Сур’ёзныя для пачатку зімы маразы былі зафіксаваны метэаролагамі на захадзе Якуціі: мінус 56°С на метэастанцыі Хабардзіна Мірнінскага ўлуса, столькі ж – у Нюрбе і мінус 60°С у гэтым жа ўлусе на метэастанцыі Чумпурук.

Адмоўныя анамаліі былі амаль на ўсім Еўразійскім мацерыку – ад узбярэжжа Ціхага акіяна да Германіі. У Арктыцы, на востраве Візе быў абноўлены гістарычны мінімум –43,7°С. На Еўрапейскай частцы Расіі тэмпература трымалася на 12-22° градусаў ніжэй за норму, у Арэнбургу зафіксавана тэмпература −36,8°С. На Урале і Заходняй Сібіры маразы дасягалі −30 −35°С, ва Усходняй Сібіры да −57°С. У Германіі замерз Дунай, былі спынены рухі суднаў, таўшчыня лёду месцамі дасягала да 70 см, замерзлі лагуны ў Венецыі. 20-30 градусныя маразы назіраліся ва Украіне, Беларусі, Румыніі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літве. У Кітаі тэмпература апускалася да –30 –35°С.