Нямецкі вайсковец Рыка Крыгер, якога асудзілі ў Беларусі да смяротнага пакарання, мог займацца арганізацыяй дыверсій на транспарце, працуючы на расійска-беларуска-украінскім сумежжы, мяркуюць аўтары прапагандысцкага расійскага пабліка Readovka. Яго дзейнасць магла быць сканцэнтраваная на тэрыторыі Бранскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
Беларускаму КДБ Рыка Крыгера перадалі, па меркаванні выдання, расійскія спецслужбы, затрымаўшы яго на тэрыторыі РФ. Грамадзянін Германіі пры гэтым звязваецца ў публікацыях канала з дзейнасцю палка Кастуся Каліноўскага. Нібыта Рыка Крыгер падчас пошуку працы ў 2023 годзе высылаў свае рэзюмэ і знайшоў вакансію ў шэрагах абаронцаў Украіны. Раней, з 2014 па 2017 гады ён працаваў у якасці афіцэра пры Дзяржаўным Дэпартаменце ЗША ў Берліне. Паведамляецца, што ў гэты час ён працаваў ахоўнікам пры амерыканскім пасольстве.
Грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера асудзілі да смяротнага пакарання ў Мінскім абласным судзе 21 чэрвеня 2024 года. Яго абвінавацілі ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, прывядзенні ў непрыдатнасць транспарту або шляхоў зносін, стварэнні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім» фармаванні, агентурнай дзейнасці, наймітніцтве і акце тэрарызму.
Фота: LinkedIn Рыка Крыгера