Дзень у гісторыі: 31 жніўня. Улады закрылі беларускамоўнае «Радыё 101,2». Пачаўся працэс аб’яднання Германіі. Нарадзіўся паўстанец Людвік Нарбут. «Вечны мір» з Масковіяй. Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім

1432 год. Грамадзянская вайна у Вялікім Княстве Літоўскім.

Двое ўплывовых дзеячаў Літвы Жыгімонт Кейстутавіч і Сямён Гальшанскі спрабавалі забіць лідэра краю Свідрыгайлу, якому пашчасціла збегчы ў Полацк.

Свідрыгайла, хоць і быў каталіком, але падтрымліваў праваслаўных вернікаў краіны. У яго былі складаныя адносіны з польскім каралём Ягайлам, якія прывялі да разрыву Літвы з Польшчай.

Па ўцёках Свідрыгайлы, уладу ў Літве захапіў Жыгімонт.

Грамадзянская вайна трывала пяць гадоў. У выніку адзінаўладным Князем стаў Жыгімонт.

Супраць яго таксама ўчынілі змову, за якой стаялі прыхільнікі Свідрыгайлы. Жыгімонта забілі ў Троцкім замку.

1449 год. Паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім падпісаны «дагавор пра вечны мір».

За Вялікім Княствам Літоўскім Масква прызнавала Смаленск і шэраг гарадоў на тэрыторыі цяперашняй Расіі, а таксама землі Украіны. Масковія ж завалодала Ноўгарадам, Ржэвам ды Псковам.

Аддаўшы гэтыя гарады Літва страціла на ўсходніх землях уплыў і саюзнікаў.

1832 год. Нарадзіўся Людвік Нарбут.

Вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

У 1850 годзе арыштаваны за спробу стварыць «общество патриотов с целью произвести восстание», а ў 1851 сасланы ў салдаты на Каўказ.

Адным з першых стварыў атрад з паўстанцаў у Беларусі, з якімі з лютага па красавік 1863 году змагаўся супраць расійскіх войск. Быў ваенным начальнікам Лідскага павета, палкоўнікам.

Загінуў у баі пад Дубічамі.

1885 год. Нарадзіўся Генадзь Багдановіч.

Грамадскі дзеяч.

Выдавец віленскай газеты «Незалежная думка», выкладаў у віленскай гімназіі, віцебскіх педагагічным тэхнікуме і ветэрынарным інстытуце.

15 ліпеня 1930 году арыштаваны савецкімі органамі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». У 1931-ым сасланы ў Кіраўскую вобласць Расіі. 

Паўторна арыштаваны 25 ліпеня 1937 году. Загінуў у зняволенні. Абставіны смерці невядомыя.

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957.

1922 год. Нарадзіўся Ўладзімір Шыцік.

Журналіст, пісьменнік.

Працаваў на шклоўскай папяровай фабрыцы «Спартак», у шэрагу газет.

Аўтар фантастычных твораў і дэтэктываў.

1990 год. Пачаўся працэс аб’яднання Германіі.

У Берліне падпісаны Дагавор аб устанаўленні германскага адзінства паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай.

Афіцыйнае абʼяднанне ФРГ і ГДР адбылося 3 кастрычніка 1990 года.

ГДР спыніла сваё існаванне як дзяржава, а Заходні Берлін перастаў быць самастойнай палітычнай адзінкай з асаблівым міжнародным статусам.

1996 год. Спыненае вяшчанне незалежнай беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё 101,2».

Была спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якую зачынілі ў 1994 годзе незадоўга да першых прэзідэнцкіх выбараў. За тым рашэннем стаяў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

Фармальнай прычынай для закрыцця Радыё 101,2 стала тое, што, нібы, перадатчык радыёстанцыі стварае перашкоды міліцэйскім каналам «Алтай».

Частата 101,2 FM была перададзеная пазней для вяшчання іншым радыёстанцыям. З 2003 года на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілот ФМ», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

На «Радыё 101,2» аўтарскія перадачы і эфіры вяліся па-беларуску, была ўведзеная прынцыповая адмова ад рускамоўных песень.

Улетку 1996 года радыёстанцыя выйшла на самаакупнасць.

“Радыё 101,2” – першай распачало практыку выступленняў музычных гуртоў у жывым эфіры.

Па  закрыцці  радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў