На працягу чатырох месяцаў у Крычаўскім раёне ідзе маніторынг медыцынскай сферы. Ён паказаў розныя праблемы: адсутнасць лекараў на працоўных месцах, недастатковы кантроль над працоўным часам спецыялістаў з боку адміністрацыі медыцынскай установы, дагэтуль маюць месца хамства і абыякавасць.
Члены маніторынгавай групы ў Крычаве зафіксавалі шэраг сур’ёзных надахопаў у працы ўстановы аховы здароўя, а менавіта – адсутнасць адразу некалькіх урачоў на сваіх рабочых месцах у працоўны дзень, графік работы дактароў установы не адпавядаў таму графіку, што адміністрацыя бальніцы прадаставіла райвыканкаму. Таксама адзначана была сітуацыя, калі на адным з кабінетаў вісіць аб’ява, што трэба звяртацца ў іншы кабінет, а на дзвярах таго самага другога кабінета таксама аб’ява – “Доктар у адпачынку”.
Кіраўнік Крычаўскага раёна Андрэй Седукоў на спецыяльным пасяджэнні прызнаў – кідаеццца ў вочы поўная і сістэмная неарганізаванасць рэгістратуры, а таксама складанасць праходжання медыцынскіх камісій. Па яго словах, медыцынскую камісію не назавеш іначай як хаджэнне па пакутах, бо людзі ходзяць тыднямі, па некалькі гадзін стаяць у чэргах і не могуць дачакацца прыёму.
Седукоў адзначыў, што рэгістратура не працуе сістэматычна. Больш за тое, ёсць факты, калі людзей не абслугоўваюць, пацыенты знаходзяцца ў чарзе гадзінамі, а таксама не могуць датэлефанавацца на стацыянарны тэлефон бальніцы. У сваю чаргу пракурор і кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў адзначылі, што адсутнасць дактароў на працоўным месцы можна кваліфікаваць як раскраданне дзяржаўных бюджэтных сродкаў – паведамляе раённая газета “Крычаўкае жыццё”.
Разынкай на торце паседжання сталіся пагрозы Седукова звольніць кіраўніка адміністрацыі бальніцы Аляксандра Плятнёва, калі той не разбярэцца з праблемамі, каб палепшыць якасць медыцынскіх паслуг жыхарам Крычаўскага раёна.
Ад рэдакцыі. Шмат якія заявы правільныя, але праблемы паднятыя існуюць ўжо не першы год. Прамовы з высокіх трыбунаў пахнуць звычайным папулізмам, бо шмат якія праблемныя моманты, якія хвалююць людзей, у папярэнія месяцы і гады не вырашаліся. Затое лёгка звальнялі медсясцёр і дактароў па палітычных матывах.
Фота ілюстрацыйнае