Дзень у гісторыі. 31 кастрычніка. Halloween. Пачатак Рэфармацыі. З’яўленне “зебры”. Адкрыццё мемарыялу чатырох прэзідэнтаў ЗША. Дзень памяці гісторыка Міхася Ткачова

Міжнародны дзень Чорнага мора (з 1996 года).

У 1996 годзе Балгарыя, Румынія, Турцыя, Грузія, Расія і Украіна падпісалі Стратэгічны план дзеянняў па рэабілітацыі і абароне Чорнага мора. 

Стан прыроды Чорнага мора значна пагоршыўся з лютага 2022 года, калі Расія распачала агрэсію супраць Украіны. Чорнае мора зноў з ініцыятывы Расіі стала зонай баявых дзеянняў.

Halloween – ноч перад Днём усіх святых.

Хэлоўіну не менш за 2000 гадоў, ён бярэ пачатак з кельцкай культуры. У кельтаў свята азначалася ў гонар прыхода зімы 31 кастрычніка.

У VII стагоддзі Папа Баніфацый IV зацвердзіў 1 лістапада Днём усіх святых, каб адцягнуць ангельцаў ад паганскіх звычаяў. 

Пазней 2 лістапада стала Днём усіх душ – калі паміналі ўсіх памерлых. 

Аднак традыцыі захаваліся ў народнай памяці.

На Хэлоўін дзеці апранаюцца ў касцюмы пачвар і ходзяць па суседскіх дамах, выгандлёўваючы прысмакі. Уладкоўваюцца маскарады.

У акно выстаўляецца абалонка гарбуза (прыдумка амерыканцаў) з выразанымі вачамі і ротам і свечкай усярэдзіне, каб адпудзіць духаў. У старажытнасці жудасныя маскі, у якія ўстаўлялі свечкі, выразалі з рэпы, буракоў.

У Германіі ў замак Франкенштэйна ў Дармштаце сцягваюцца тысячы наведвальнікаў, перапранутыя ў касцюмы монстраў, а мясцовыя жыхары вераць, што ў гэтую ноч прывід гаспадара з’яўляецца на даху замка.

Самыя ўражальныя шэсці Францыі праходзяць у прыгарадзе Парыжа ў Дыснэйлэндзе і ў Ліможы. Тут праходзяць самыя запамінальныя парады гоблінаў, вампіраў і зданяў, якія асвятляюць свой шлях ліхтарамі-гарбузамі. У гэтую ноч бары і кавярні французскіх гарадоў прапануюць “вядзьмарскія” стравы, а наведвальнікі апранаюцца не менш маляўніча, чым удзельнікі парадаў і шэсцяў.

1517 год. Пачатак Рэфармацыі, лютэранства. 

Марцін Лютэр прымацаваў 95 тэзісаў на дзвярах сабора ў нямецкім Вітэнбергу. 

Магілёў і Вітэнберг (Лютэрштат) маюць статус пабрацімаў і падтрымліваюць шчыльныя неафіцыйныя культурныя адносіны.

Марцін Лютэр (1483-1546), былы каталіцкі святар, прафесар багаслоўя. Выступіў супраць продажу індульгенцый, аспрэчваў правы Папы Рымскага, навучаў, што Біблія – адзіная крыніца абсалютных ведаў, выступаў супраць забароны на шлюб святарам, за танную народную царкву, за яе сціпласць.

Пераклаў Біблію на нямецкую мову, што зрабіла Святое Пісанне больш даступным шырокім саслоўям, што аказала велізарны ўплыў на царкву і нямецкую культуру.

Першая лютэранская царква ў Беларусі заснавана ў Брэсце ў 1553 годзе. 

Да канца XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве існавала каля 10 лютэранскіх парафій. Першая лютэранская абшчына ў сучаснай Беларусі зарэгістраваная ў 1993 годзе. Дзейнічаюць два дзясяткі абшчын двух аб’яднанняў. 

Адзіны дзейны гістарычны лютэранскі храм знаходзіцца ў Гродне. У будынку лютэранскай кірхі ў Полацку размешчаны краязнаўчы музей.

1885 год. Нарадзіўся Міхайла Грамыка. 

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты. 

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. 

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». 

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча. 

1951 год. У Лондане з’явіліся першыя пешаходныя пераходы тыпу “зебра” з белымі палосамі.

У ФРГ “зебра” з’явілася ў верасні 1953 гады, у Беларусі толькі ў сярэдзіне 1960-х.

Знак “пешаходны пераход”, якім прынята дубляваць “зебру” у нашай краіне, не такі ўжо агульнаўжывальны, як здаецца. Без яго абыходзяцца многія пешаходныя пераходы ў Японіі, ЗША, Германіі, Брытаніі. 

tunnel.ru

1930 год. Нарадзіўся Леў Гумілеўскі. Беларускі скульптар.

Працаваў у манументальнай і станкавай скульптуры. 

Аўтар і суаўтар бюстаў, помнікаў, мемарыяльных комплексаў  Янку Купале (Мінск, Масква), Я. Янішчыц, А. Міцкевічу, Ал. Клімавай (усе – Мінск), Кірылу Тураўскаму (Гомель), Ф. Багушэвічу (Смаргонь), Юрыю Нясвіжскаму, Радзівілу Сіротке (Нясвіж), «Барацьбітам за савецкую ўладу» і «Плошча Славы» (Магілёў), станкавых кампазіцый «Кастусь Каліноўскі», «Ценям Касцюшкі» і іншых.

Памёр 3 ліпеня 2021 года.

belta.by

1934 год. Нарадзіўся Тадэвуш Кокштыс.  

Беларускі акцёр. Народны артыст. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прэміі імя І. Буйніцкага.

Найбольш значныя вобразы, створаныя на коласаўскай сцэне: Труфальдзіна (“Слуга двух спадароў” К. Гальдоні), Благое (“Доктар філасофіі” Б. Нушыча), Жабрак (“Сымон – музыка” Якуба Коласа) і іншыя.

Асноўныя працы ў кіно: “Зорка Венера”, “Маленькі баец”, “Новая зямля”(тэлефільм), “Круіз на кані”(тэлефільм), “Палеская хроніка”, “Чырвоны востраў”.

avatars.mds.yandex.net

 1941 год. Завершана збудаванне нацыянальнага мемарыяла ЗША на гары Рашмор у штаце Паўднёвая Дакота.

Манумент чатырох прэзідэнтаў Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Абрагама Лінкальна і Тэадора Рузвельта – нацыянальны сімвал Амерыкі, сусветна папулярны турыстычны аб’ект. 

Размешчаны на вышыні 1750 метраў над узроўнем мора на 500 гектарах.

Збудаванне пачалося 4 кастрычніка 1927 года. 

На будаўніцтве было занята каля 400 працоўных, якія ўручную секлі граніт. 90% усёй горнай пароды выдалілі з дапамогай зарадаў дынаміту.

Кожны барэльеф мае вышыню больш за 18 метраў, і ён бачны з адлегласці 100 км.

Кожнае вока – у 3,5 метра, а даўжыня насоў больш за 7 метраў – так што, калі пачынаўся дождж, працоўныя хаваліся ў ноздрах.

Фігура Вашынгтона была адкрыта першай у 1930 годзе, Джэферсан з’явіўся ў 1936, Лінкальн – у 1937, Рузвельт – у 1939 годзе.

tunnel.ru

 1992 год. Памёр ураджэнец Мсціслава Міхась Ткачоў.  

Беларускі гісторык, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Загадчык рэдакцыі гісторыі,  галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. 

Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Вывучаў ваенна-абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.

Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва».

Першым прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

У яго памяць у Гродна і Мсціславе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

nashi-lyudi.by

2013 год. Памёр Аляксей Кузьміч. Беларускі мастак-жывапісец.

Пісаў навакольны свет, людзей. 

Галоўнай гераіняй яго жывапісу заўсёды была Жанчына (Мадонна).

Сам мастак характарызаваў сваё крэда наступным дэвізам: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае бог». 

Напісаў шэраг партрэтаў вядомых дзеячаў культуры, у тым ліку Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Здзіслава Стомы, Міхаіла Пташука.

wikimedia.org