Міжнародны дзень барацьбы супраць рачных плацін, за рэкі, ваду і жыццё (International Day Against Dams, з 1997 года).
З’явіўся па ініцыятыве амерыканскай грамадскай арганізацыі “Міжнародная сетка рэк” падчас правядзення І Міжнароднай канферэнцыі супраць будаўніцтва буйных плацін у бразільскім горадзе Курытыба.
За апошнія паўстагоддзя ва ўсім свеце ў выніку будаўніцтва буйных плацін было пераселена 60 мільёнаў чалавек. З-за будаўніцтва плацін было затоплена ў агульнай складанасці больш за 400 000 кв. км самых урадлівых земляў і каштоўных лясоў. Плаціны – асноўная прычына таго, што адна пятая відаў прэснаводных рыб у свеце або знікла, або знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
З 177 найбуйных рэк свету толькі траціна не маюць дамбаў ці іншых збудаванняў на сваім галоўным рэчышчы. Будаўніцтва дамбаў на рэках – небяспечная тэндэнцыя, якая пагражае прыродзе ўсёй планеты.
У апошнія 11 гадоў на Беларусі пабудаваны плаціны Гродзенскай, Полацкай і Віцебскай ГЭС.
Міжнародны дзень ліку Пі (International day of pi, з 1988 года) адзначаецца аматарамі матэматыкі а 1:59:26.
Пі – матэматычная канстанта, адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У лічбавым выразе “Пі” пачынаецца як 3,141592 і мае бясконцую матэматычную працягласць.
Упершыню Дзень быў адзначаны ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музеі “Эксплораторыум” у Сан-Францыска, бо дата 14.03 – гэта ў амерыканскім запісе 3/14, што супадае з першымі разрадамі ліку “Пі” = 3,14…
Да свята, якое было прызнана амерыканскім кангрэсам, паступова далучыліся фізікі і матэматыкі з усяго свету. У гэты дзень праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваныя на павышэнне цікавасці да матэматыкі.
У англійскай мове словы pie (пірог) і pi (лік π) гучаць аднолькава, таму прыгатаванне і паяданне пірагоў стала вясёлай часткай свята.
Аўдоцця-вясноўка і Гуканне вясны (народны каляндар). Новы год паводле сакавіцкага каляндарнага стылю – непрацоўны дзень.
На Аўдокі голы бокі.
Калі Аўдоцця чырвоная – і вясна чырвоная.
На Аўдоццю цёплы вецер – будзе лета цёплае і мокрае.
Калі Аўдоцця з дажджом – быць лету мокраму.
1167 год. Памёр Расціслаў Мсціславіч (1100/1110-1167).
Князь смаленскі (1125-1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159-1167), заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў, горада Мсціслаў (1136).
У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя з Копыссю, Лучынам, Басеяй, Мірачыцамі, Вітрына, Прупоем, Крэчутам і Верхняга Паволжа, падпарадкаваў сабе радзімічаў.
У 1158 годзе аказаў дапамогу полацкаму князю Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі сталец і падтрымліваў яго пазней.
Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.
1633 год. Кароль Уладзіслаў IV Ваза афіцыйна прызнаў Праваслаўную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Яго прывілеем зацверджана праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая была выдзелена са складу Полацкай епархіі (створана ў 992 годзе) 11 лістапада 1632 года як Аршанская, Мсціслаўская і Магілёўская.
Ліквідавана ў 1937 годзе, аднаўлялася пры немцах у 1943, зачынялася пры М. Хрушчове, адноўлена 6 ліпеня 1989 года.
24 снежня 2004 года з яе складу выдзелена самастойная Бабруйская і Быхаўская епархія.
1708 год. У Магілёўскі замак з пышнай світай дэлегацыі ад саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй прыбыў першы саветнік Пятра I князь Аляксандр Меньшыкаў.
А 8 верасня 1708 года праваслаўны і саюзны Магілёў будзе спалены прадстаўнікамі “дружалюбных рускіх войскаў” і “рускага праваслаўнага свету”.
1850 год. Вядомы французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак за 5 месяцаў да сваёй смерці абвянчаўся ў Бердзічаве (цяпер Жытомірская вобласць Украіны) з графіняй Эвелінай Ганскай (народжанай Ржавускай).
52-гадовая ўдава паходзіла са старажытнага ваяўнічага польскага роду. Адным са сведкаў быў граф Георг Мнішак, які быў у сваяцтве з “хуткацечнай” рускай царыцай Марынай Мнішак – жонкай Лжеідзмітрыя І, Лжэдзмітрыя ІІ, з уладальнікам Крычава Ежы Мнішак.
Пасля цырымоніі Бальзак заявіў Эве: “Ура! Я зрабіў тое, чаго не змог Банапарт!.. У тваёй асобе я пакарыў Расію”.
1920 год. Пачалося будаўніцтва Шухаўскай вежы на Шабалаўцы ў Маскве.
Наватарская для XX стагоддзя гіпербалоідная канструкцыя, выкананая ў выглядзе апорнай сталёвай сеткаватай абалонкі. Пабудавана да 1922 года па праекце акадэміка У. Шухава.
Усяго ў свеце пабудавана 11 металічных гіпербалоідных канструкцый. Цікава, што чатыры з іх былі пабудаваны на Беларусі, захаваліся дзве: ваданапорныя вежы ў Барысаве і на чыгуначнай станцыі Коханава Талачынскага раёна. Апошняй, што пабудавана ў 1929 годзе, нададзены статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
1931 год. Нарадзіўся Павел Місько.
Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.
Працаваў у розных газетах, у тым ліку «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Аўтар апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, сатыры і гумару, вершаў, кніг нарысаў, раманаў, у тым ліку «Мора Герадота», рамана ў вершах, аднаактовых п’ес, вершаў, прыгодніцкіх кніг і кніг фантастыкі для дзяцей.
Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.
Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.
Памёр 9 чэрвеня 2011 года.
1938 год. Нарадзіўся Мікалай Цішачкін.
Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.
Усё жыццё служыў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.
Выконваў вострахарактарныя ролі, якія вызначаліся выразным пластычным малюнкам. Іграў у спектаклях «Несцерка» В. Вольскага, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка), «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, па творах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, Н. Думбадзе, К. Гальдоні, У. Караткевіча, У. Шэкспіра і іншых.
Памёр 30 красавіка 1993 года.
1943 год. У Празе памёр Васіль Захарка (1877-1943).
Прэзідэнт БНР (1928-1943).
Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898-1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).
Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».
Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.
Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».
Пахаваны на Альшанскіх могілках.
1954 год. Памёр у харвацкім Дуброўніку Людамір Рагоўскі (1881-1954).
Польскі кампазітар і дырыжор.
Вучыўся музыцы ў Варшаве, Лейпцыгу, Мюнхене, Рыме і Парыжы.
У 1909-1912 гадах кіраваў віленскім сімфанічным аркестрам, выкладаў у школе арганістаў, быў музычным крытыкам газеты «Літоўскі кур’ер».
Захапляўся беларускім фальклорам, сябраваў з Янкам Купалам, І. Луцкевічам і А. Уласавым. Паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?».
Кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў», які прапагандаваў беларускія нацыянальныя песні. Напісаў сімфанічную «Беларускую рапсодыю» для малога аркестра «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі».
Напісаў 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у тым ліку «Купала», шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.
Падарыў музычныя інструменты ў калекцыю І. Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні.
1976 год. Памёр Віктар Заўрыеў (1908–1976).
Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ.
Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь.
Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр.
З яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі.
Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый.
1992 год. Пачатак актыўных баявых дзеянняў урадавых войск Малдовы супраць сепаратыстаў з Прыднястроўя.
Прыднястроўе, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) – непрызнанае міжнароднай супольнасцю дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі усходняй Малдовы. Мяжуе з Украінай. Сталіца – Ціраспаль. Нацыянальны склад насельніцтва: малдаване 34%, рускія – 28%, украінцы – 26%. Сепаратысцкая рэспубліка – ачаг нестабільнасці ў рэгіне, яе актыўна падтрымлівае Масква.
2 верасня 1990 года Ціраспаль абвясціў незалежнасць ПМР ад Малдовы. Урад Малдовы не прызнаў гэтага рашэння і накіраваў у рэгіен паліцыю. Пачаліся сутыкненні паміж паліцыяй і прыднястроўскімі апалчэнцамі, якія перараслі 2 сакавіка 1992 года ў канфлікт, 14 сакавіка – у баявыя дзеянні, якія працягваліся да 21 ліпеня 1992 года. З абодвух бакоў загінула каля 2000 чалавек.
2006 год. Адкрыццё Палескага драматычнага тэатра ў Пінску.
29-ы прафесійны тэатр дзяржаўнага падпарадкавання ў краіне.
Вытокі тэатра сыходзяць у 1939 год, калі быў створаны Палескі абласны драматычны тэатр. У 1949-1954 гадах працаваў як Пінскі абласны драмтэатр.
У 1954 годзе тэатр пераехаў у Магілёў, а будынак перадалі гарадскому дому культуры, і ў яго сценах працавала самадзейная тэатральная трупа.
Тэатр размяшчаецца ў былым будынку кінематографа «Казіно», помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Тэатр працуе пяць дзён на тыдзень.
2020 год. Памёр Ігар Есьман (1932-2020).
Беларускі архітэктар, дызайнер, вынаходнік. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі архітэктуры, Беларускай акадэміі архітэктуры.
Працаваў у інстытутах будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, «Мінскпраект», дырэктарам Творчай майстэрні, у «Мэта-Інтэрнэшнл».
Сярод яго галоўных работ у Мінску – карпусы інстытутаў замежных моў, політэхнічнага, педагагічнага, народнай гаспадаркі, студэнцкіх інтэрнатаў, дашкольныя установы, жылыя дамы, вяслярная станцыя на Заслаўскім вадасховішчы, турысцкая гасцініца, станцыя метро «Пушкінская».