9 жніўня 2020 года – што было ў першы дзень пратэстаў у Магілёве

Узгадаем, як у Магілёве праходзіў першы дзень пратэстаў пасля прэзідэнтскіх выбараў 2020 года.

Вечарам 9 жніўня 2020 года пасля закрыцця выбарчых участкаў у шматлікіх гарадах Беларусі пачаліся стыхійныя акцыі пратэсту. У Магілёве жыхары горада збіраліся на плошчы каля “Атрыўма”. Сотні чалавек запоўнілі цэнтр горада. Тут і пачаліся першыя затрыманні.

протесты в могилеве 2020
Пакуль міліцыянеры з гвалтам затрымліваюць мірнага пратэстоўцу, адзін з сілавікоў адмахваецца ад уяўных праціўнікаў. Фота: TUT.BY

На плошчы, якую потым назавуць “плошчай Адзінства” вечарам 9 жніўня затрымалі каля дзясятка чалавек. Пратэстоўцы, рассеяныя па бліжэйшых вуліцах і дварах, спарадычна збіраліся ў невялікія групы і апладзіравалі ў далоні, альбо крычалі Жыве Беларусь!”. Міліцыянты ў поўным абмундзіраванні шэрэнгамі хадзілі па вуліцах і зрэдчас накідваліся на выпадковых мінакоў, збіваючы іх і затрымліваючы. Наэлектрызаваныя, гараджане палівалі іх крыкамі і лаянкай. З вокан навакольных дамоў увесь вечар можна было чуць крыкі жыхароў, назадаволеных дзеяннямі міліцыі. Атмасферу гэтага дня і вечара – глядзіце ў нашай невялікай відэападборцы.

Адначасова сілавікі палявалі за актывістамі на выбарчых участках. Так, назіральніка Паўла Мельянцава і яго калегу некалькі АМАПАўцаў арыштавалі вечарам 9 жніўня адразу пасля заканчэння працы выбарчых участкаў. Затрыманых, прычым, павезлі не ў магілёўскі ІЧУ, а ў Шклоў – улады відавочна рыхтаваліся да далейшых зачыстак Магілёва. 

Некаторых іншых актывістаў затрымалі яшчэ за некалькі дзён да выбараў. Так, яшчэ 5 жніўня сілавікі затрымалі журналіста партала 6tv.by Аляксандра Буракова і праваабаронцу Аляксандра Хамратава. А калі ў той жа дзень да будынка Ленінскага РАУС падыйшоў яшчэ адзін журналіст, Уладзімір Лапцэвіч, то арыштавалі і яго. Непасрэдна перад пачаткам галасавання затрыманы быў і галоўны рэдактар 6tv.by Зміцер Салаўёў.

протесты в могилеве 2020
Уваход у магілёўскі ІЧУ ў першыя дні пасля пачатку пратэстаў. Фота: mogilev.media

Усяго ў першы дзень пратэстаў у Магілёве, паводле прыблізных падлікаў праваабаронцаў, было затрымана каля 300 чалавек. У наступны дзень, 10 жніўня – яшчэ каля 30. А ўсяго з 9 па 11 жніўня паводле падлікаў цэнтра “Вясна” – каля 500. 

Фота і відэа: mogilev.media і з адкрытых крыніц.

Магілёўскі палітзняволены Валадар Цурпанаў выйшаў на волю

Паводле праваабаронцаў, магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў 19 студзеня вызваліўся пасля двух гадоў зняволення. Ён адбыў увесь тэрмін да канца.

Нагадаем, аднаго з лідэраў пратэстаў 2020 года ў Магілёве Валадара Цурпанава 5 чэрвеня 2021 года суд Круглянскага раёна прыгаварыў да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, якога да гэтага асудзілі на тры гады “хіміі”, стала нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку ў ведамстве. Так, на Цурпанава накладвалі дысцыплінарныя спагнанні за тое, што ён у «недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы». 

Першапачаткова Цурпанаў адбываў пакаранне ў калоніі №3 “Віцьба”. У красавіку 2022 года яму замянілі калонію на турму і адправілі адбываць пакаранне ў Гродне.

Фота з адкрытых крыніц.