Жыхары Асіповічаў прачынаюцца пад гукі моцных выбухаў

Мірнаму жыццю жыхароў Асіповіцкага раёна замінаюць не толькі падрывы, але і баявыя стрэльбы беларускіх і расійскіх вайскоўцаў. Яны на палігоне інтэнсіўна праходзяць з красавіка бягучага года. 

Гукі падрываў на палігоне пад Асіповічамі чуе палова жыхароў раёна і нават пасажыры цягнікоў Мінск – Гомель, ці Мінск – Магілёў. Падрыўныя працы небяспечныя, нягледзячы на меры аховы.

Падрывы, як паведамляе «Асіповіцкі край», увесь снежань праводзяцца ў працоўныя дні з 7:00 да 16:00. 

За гадзіну да пачатку падрываў на палігоне паднімаюць чырвоны сцяг і выстаўляюць ачапленне, за 10 хвілін падаецца ўмоўны гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу на працягу 2-3 хвілін.

Падрывы гэтыя вельмі небяспечныя. Людзям забаронена набліжацца да межаў палігона ў радыусе 2 кіламетры. Да ведама, ускраек Асіповічаў знаходзіцца ў 3-х кіламетрах, а аграгарадок Пратасевічы яшчэ бліжэй – 1,5 кіламетра.

 

Жыхары Асіповічаў прачынаюцца пад гукі моцных выбухаў

 

Знаходжанне грамадзян у межах палігона ў любы час забаронена і небяспечна, можа пагражаць штрафам у 10-30 базавых велічыняў, грамадскімі работамі або адміністрацыйным арыштам. За збор снарадаў на тэрыторыі палігона пагражае крымінальная адказнасць.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.