Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі з заражэннем шаленствам жыхароў пасёлка Хімік пад Магілёвам

Нядаўна mogilev.media пісалі пра надзвычайную сітуацыю ў дачным пасёлку Хімік (яшчэ яго называюць Сідаравічамі) пад Магілёвам. Нагадаем, на незалежных Тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што больш за дваццаць дзяцей былі шпіталізаваныя з падазрэннем на шаленства – усе яны гуляліся з шчанюкамі хворай сабакі.

Зараз жа з’явіліся падрабязнасці гэтай гісторыі. Вялікі матэрыял, прысвечаны сітуацыі ў пасёлку Хімік, апублікаваны каналам “Белыя халаты”. Па інфармацыі рэсурса, на пачатку лета ў дачным пасёлку з’явілася бадзяжная сабака. Неўзабаве ў яе нарадзілася сем шчанюкоў, з якімі пастаянна гулялі мясцовыя дзеці. У сярэдзіне жніўня двух шчанят жыхары пасёлка забралі да сябе дадому.

У канцы жніўня бадзяжная сабака, маці шчанятаў, пакусала жанчыну і пасля гэтага высветлілася, што яна хворая на шаленства. Пасля гэтага больш за дваццаць дзяцей, што кантактавалі з шчанюкамі, былі шпіталізаваныя дзеля праверкі на шаленства. З сямі шчанят чацвярых удалося знайсці і вылавіць. Зараз яны знаходзяцца ў ізаляцыі і пад назіраннем. Яшчэ двух – тых, каго забралі дадому дачнікі – цяпер шукаюць. Шукаюць, відаць, і сёмага.

Мясцовыя жыхары – піша выданне – звяртаюць увагу, што ў чатах дачнага пасёлка даўно звярталі ўвагу на сабаку. Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму ў пасёлку ўжо адбываўся напад іншага (як потым стала вядома, здаровага) сабакі на дзяўчынку.

Усе прэтэнзіі, натуральна, былі звернутыя да старшыні дачнага кааператыва. Але і ён, як высветлілася, стаў ахвярай нападу – нядаўна бадзяжная сабака-маці, хворая на шаленства, яго падрапала. Зараз старшыні кааператыва прыйдзецца прайсці курс вакцынацыі.

Жыхары пасёлка ўжо склалі петыцыю, з заклікам разабрцца з сітуацыяй, а таксама з просьбай аб гуманным абыходжанні з шчанятамі – каб іх не ўсыплялі, у выпадку, калі будуць здаровымі.

Характэрна, што да гэтага часу няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую надзвычайную сітуацыю.

Фота: “Белыя халаты”

Больш за дваццаць дзяцей маглі заразіцца шаленствам пад Магілёвам?

Яны гуляліся з шчанюкамі бадзяжнага сабакі, у якога выявілі хваробу – паведамляе Тэлеграм-канал “Беларусь за МКАДам”.

У пасёлку Хімік пад Магілёвам каля 20-ці дзяцей былі шпіталізаваны з падазрэннем на заражэнне шаленствам.

– Дваццаць дзяцей на сённяшнюю раніцу шпіталізаваны. І паступаюць новыя. Абласная дзіцячая бальніца ўжо размяркоўвае дзяцей па розных аддзяленнях – прыводзіць рэсурс словы жыхаркі пасёлка.

Мясцовыя жыхары звязваюць гэта з тым, што дзеці гулялі са шчанюкамі бяздомнага сабакі, які апынуўся хворым на шаленства. Дарэчы, жыхары пасёлка неаднаразова звярталі ўвагу мясцовых уладаў на праблему своечасовага прыбірання смецця і бяздомных жывёл.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сітуацыю, што склалася ў пасёлку, не публікавалася. З іншых крыніц пакуль таксама не паступала звестак пра абставіны, выкладзеныя ў Тэлеграм-канале.

подозрение на бешенство

Фота: “Беларусь за МКАДам