Палітзняволеныя Дуброўская і Сцёпіна з Магілёва выйшлі на свабоду

Жанчыны былі асуджаныя ў гэтым чэрвені на 1,5 і 2 гады калоніі за каментарыі пра Лукашэнку.

Палітычны прапагандыст Юрый Васкрасенскі ў сваім інтэрв’ю прарасійскаму медыярэсурсу “Спутнік Беларусь” назваў імёны сямі новых памілаваных беларусак. Сярод іх дзве жыхаркі Магілёва – Алена Дуброўская і Наталля Сцёпіна.

«Восем жанчын былі памілаваныя па выніках паседжання камісіі. – заявіў Васкрасенскі – Адно прозвішча я ўжо называў у эфіры дзяржаўных СМІ. Гэта Гудкова, Гуцік, Драгун, Дуброўская, Макарава, Скраб, Сцёпіна і Патрус[а]ева»

У чэрвені 2024 года Алена Леанідаўна Дуброўская была асуджаная ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Наталля Аляксандраўна Сцёпіна (на фота) была асуджаная ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Магілёва паводле ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі). 18 чэрвеня 2024 года справу разгледзела суддзя Селядцова Алена. Яна прысудзіла Наталлі 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. 

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”