Палітзняволеныя Дуброўская і Сцёпіна з Магілёва выйшлі на свабоду

Жанчыны былі асуджаныя ў гэтым чэрвені на 1,5 і 2 гады калоніі за каментарыі пра Лукашэнку.

Палітычны прапагандыст Юрый Васкрасенскі ў сваім інтэрв’ю прарасійскаму медыярэсурсу “Спутнік Беларусь” назваў імёны сямі новых памілаваных беларусак. Сярод іх дзве жыхаркі Магілёва – Алена Дуброўская і Наталля Сцёпіна.

«Восем жанчын былі памілаваныя па выніках паседжання камісіі. – заявіў Васкрасенскі – Адно прозвішча я ўжо называў у эфіры дзяржаўных СМІ. Гэта Гудкова, Гуцік, Драгун, Дуброўская, Макарава, Скраб, Сцёпіна і Патрус[а]ева»

У чэрвені 2024 года Алена Леанідаўна Дуброўская была асуджаная ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Наталля Аляксандраўна Сцёпіна (на фота) была асуджаная ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Магілёва паводле ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі). 18 чэрвеня 2024 года справу разгледзела суддзя Селядцова Алена. Яна прысудзіла Наталлі 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. 

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Яшчэ чатырох чалавек з Магілёўскага рэгіёна ўключылі ў спіс “экстрэмістаў”

23 жніўня былі ўнесены дапаўненні ў “Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, што складаецца Міністэрствам унутраных спраў – паведамляе “Вясна”.

У выніку Спіс ужо ўключае ў сябе 4 353 прозвішчы. Некалькі жыхароў Магілёўшчыны былі ўнесеныя ў абноўлены варыянт спіса. Гэта мастачка і керамістка Алена Карпенка (на фота), якая зняла парушэнне на выбарчым участку і была асуджаная да палутара гадоў калоніі. Таксама ў адноўлены спіс трапілі:

  • Наталля Аляксандраўна Сцёпіна, 1972 года нараджэння. Асуджаная судом Кастрычніцкага раёна г. Магілёва.
  • Алейнікаў Дзяніс Аляксандравіч, 1990 года нараджэння з г. Круглае. Асуджаны ў Мінску.
  • Кірава Алена Валер’еўна, 1994 года нараджэння, з г. Бабруйска. Асуджаная ў Мінску.

Фота з сацыяльных сетак.