Дзень у гісторыі. 1 снежня. Разгром савецкага паўстання ў Эстоніі. З’явіўся часопіс “Playboy”. Сустрэча пад Ла-Маншам. Загінуў адзін з першых партызанаў Ціхан Бумажкоў.

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам (World AIDS Day, з 1988 года) заснаваны па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. 

Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі застаецца адным з самых вострых медыцынскіх і сацыяльных глабальных выклікаў. Агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ каля 40 мільёнаў чалавек, з пачатку эпідэміі ад звязаных са СНІДам хвароб памерла каля 37  мільёнаў.

Па стане на канец 2021 года ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывала больш за 23 тысячы чалавек. Больш за ўсё хворых у Гомельскай вобласці з лідарам г. Светлагорскам. Лідар у Магілёўскай вобласці – Асіповічы. 

За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ – на яго долю прыпадае больш за 80% выпадкаў, якія выяўляюцца ўпершыню.

 

1783 год.  Французскі фізік Жак Шарль здзейсніў палёт на вадародным аэрастаце. 

У палёт ён адправіўся сам разам з памагатым Роберам з саду Цюільры ў Парыжы. Абалонку дыяметрам 8 м за тры дні напоўнілі вадародам і шар узляцеў. Палёт працягваўся 2 гадзіны 5 хвілін на вышыні каля 400 м на адлегласць каля 40 км.

У той жа дзень у другім палёце Шарль падняўся яшчэ вышэй – на 2000 м. 

Гэта не было першым вандраваннем людзей на паветраным шары (10 днямі раней, 21 лістапада 1783 гады, Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд ужо паднімаліся ў паветра на цеплавым аэрастаце канструкцыі братоў Мангальф’е), але вадародам абалонка шара была напоўненая ўпершыню.

 

1826 год. На 96-м годзе пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэялогіі заходнерусізму. аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».

У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены  мармуровы бюст.

Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.

 

1867 год. Нарадзіўся Ігнацы Масціцкі. 

Польскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, вучоны-хімік. Акадэмік Акадэміі навук Польшчы ў Кракаве.

Прэзідэнт Польшчы (1926-1939). Рэалізоўваў палітычную лінію, якую падтрымліваў і шэраг дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

 Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку.

Аўтар навуковых прац, патэнтаў у галіне хімічных тэхналогій, арганізатар хімічнай прамысловасці ў Польшчы. Распрацаваў прамысловы метад атрымання азотнай кіслаты з паветра.

Памёр 2 кастрычніка 1946 года.

У яго гонар названы канал у Брэсцкім раёне і ў Валынскай вобласці Украіны, правы прыток ракі Заходні Буг. 

1896 год. У Зэльве нарадзіўся Іона Фрэйдзін. 

Савецкі географ, эканаміст, доктар геаграфічных навук, прафесар.

Кіраваў даследаваннямі па складанні схемы перспектыўнага развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл Мурманскай вобласці, працаваў у Маскоўскім філіяле Геаграфічнага таварыства, кансультантам Цэнтральнага эканамічнага НДІ Дзяржплана РСФСР.

Увёў паняцце «Кольская Поўнач». Быў адказным рэдактарам зборнікаў «Прырода і гаспадарка Поўначы», «У падножжа Хібін», суаўтарам і рэдактарам «Геаграфіі Мурманскай вобласці», шматлікіх навукова-папулярных выданняў.

 

1924 год. У Эстоніі правалілася Першаснежанскае паўстанне. 

Няўдалая спроба ўзброенага захопу ўлады эстонскімі і засланымі з СССР камуністамі ў Эстонію для ўсталявання Савецкай улады і далучэння Эстоніі да СССР.

Пры падтрымцы СССР баявыя групы паўстанцаў сталі фармавацца з лета 1924 гады ў дзясятках гарадоў Эстоніі, пры вайсковых частках. Агульная колькасць паўстанцаў да лістапада 1924 г. склала каля 1000 чалавек, з іх у Таліне каля 400.

1 снежня змоўшчыкамі быў забіты 21 чалавек, у тым ліку міністр шляхоў зносін Эстоніі К. Карк. Паўстанне было задушана ў той жа дзень. 12 паўстанцаў было забіта падчас баявых дзеянняў, яшчэ некалькі чалавек загінулі пры супраціве арыштам. Паводле савецкіх крыніц, на працягу 2-3 месяцаў пасля паўстання было расстраляна некалькі сотняў чалавек, звыш 2 000 было арыштавана. Гісторык Тоомас Хіё пацвярджае пакаранне больш за 100 удзельнікаў перавароту.

Фота: план паўстання ў Эстоніі

 

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Дамарад

Беларускі графік.

З натхненнем пісаў  эцюды старажытных Віцебска, Бабруйска.

На вайне служыў снайперам, паміж баямі маляваў сваіх аднапалчан, а тыя адсылалі партрэты дадому замест фотакартак.

Пасля вайны працаваў у бабруйскім тэатры, узначальваў фонды гарадскога краязнаўчага музея, ствараў мастацкі летапіс Бабруйшчыны.

Па яго творах можна вывучаць усе маляўнічыя куткі Бабруйшчыны.

Памёр 2 лютага 2005 года.

Яго імя прысвоена дзіцячай мастацкай школе г. Бабруйска.

 

1919 год. Памёр Вандалін Шукевіч. 

Беларускі археолаг і этнограф,  член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук.

Даследаваў археалагічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку. Даследаваў 16 курганаў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII – XIV стагоддзяў, у 1903 годзе адкрыў грунтовыя магілы. Даследаваў Троцкі, Лідскі і Радунскі замкі.

Запісваў народныя паданні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах.

Свае археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі вучоны перадаў у музей Таварыства сяброў навук у Вільні, у зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Пэўныя рэчы трапілі таксама ў музеі Пецярбурга і Масквы.

На жаль, віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны.

 

1931 год. Нарадзіўся Валянцін Малышаў. 

Заслужаны архітэктар Беларусі.

Працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект”, быў яго галоўным архітэктарам.

Асноўнымі яго работамі з’яўляюцца: Мінскі палац спорту, кінатэатр “Кастрычнік”, Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, генеральны план акадэмічнага гарадка, Дом праектных арганізацый Дзяржбуда, Палац культуры ў Салігорску, конна-спартыўны манеж у Ратамцы, будынкі санаторыяў “Беларусь” у Друскінінкай, Юрмале, серыі буйнапанэльных жылых дамоў для Гродна, Гомеля, Бабруйска, Брэста.

1939 год. Нарадзіўся Уладзімір Платонаў. Беларускі матэматык, Акадэмік НАНБ, АН СССР, Расійскай, Хенаньскай, Індыйскай акадэмій навук. Прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук. Заслужаны дзеяч навукі.

Вядомы даследаваннямі па алгебры, алгебраічнай геаметрыі, алгебраічнай тэорыі лікаў, групах Лі, лінейных групах і тапалагічнай алгебры, прыкладной алгебры і крыптаграфіі.

Вырашыў праблему моцнай апраксімацыі ў алгебраічных групах і праблему Кнезера-Тытса. Распрацаваў прыведзеную К-тэорыю і вырашыў на гэтай аснове праблему Танака-Артына. Вырашыў праблему рацыянальнасці спінорных многаўтварэнняў.

Даказаў асноўную апраксімацыйную тэарэму для лінейных груп з канечным лікам утваральных. Адкрыў новы лакальна-глабальны прынцып для функцыянальных гіперэліптычных палёў, акрэсленых над полем алгебраічных лікаў.

 

1941 год. Загінуў Ціхан Бумажкоў

Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі, Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся 30 чэрвеня 1910 года ў Прыморскім краі ў сям’і сялян з-пад Магілёва. У 1922 годзе вярнуўся на радзіму, у 1930 годзе скончыў школу рабочай моладзі ў Княжыцах.

З’яўляецца арганізатарам і камісарам аднаго з першых партызанскіх атрадаў на Беларусі (чэрвень 1941). Яго атрад «Чырвоны Кастрычнік» 16-18 ліпеня разграміў штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага раёна.

6 жніўня 1941 года Бумажкоў і камандзір атрада Ф. Паўлоўскі першымі з партызан былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У жніўні 1941 года быў адкліканы ў Чырвоную Армію. Загінуў пры выхадзе з акружэння ў баі ў Палтаўскай вобласці.

У яго гонар у г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік, названы чыгуначная станцыя ў Акцябрскім раёне, вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Мазыры, Акцябрскім, Петрыкаве, в. Парэчча Акцябрскага раёна.

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро. 

Паміж рэкамі Сож і Дняпро, на паўночным захадзе ад Гомеля, савецкія войскі працягвалі весці наступальныя баі, падчас якіх занялі некалькі населеных пунктаў. У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі некалькі населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр Палескай вобласці Нароўля.

 

1953 год. У газетных шапіках Чыкага з’явіўся першы нумар мужчынскага часопіса “Playboy”. 

Выданне выйшла накладам 70 тысяч паасобнікаў, і яго заснавальнік Х’ю Хэфнер спачатку сумняваўся, што калі-небудзь выпусціць другі нумар. Аднак яго асцярогі не апраўдаліся – за тыдзень разышліся тры чвэрці выдання, а да канца першага дзесяцігоддзя часопіс прадаваўся тыражом больш за 1 000 000 асобнікаў.

Чыннік поспеху зразумелы. Справа ў тым, што часопіс Хэфнера кардынальна адрозніваўся ад тагачасных мужчынскіх выданняў, якія асвятлялі ў асноўным спартыўныя падзеі, турызм, яхты, ды пікнікі. 

Хэфнер прыдумаў раз у месяц змяшчаць на разгорнутым унутраным укладышы часопіса фотаздымак прыгожай аголенай дзяўчыны. Першы нумар “Плэйбоя” ўпрыгожыў здымак аголенай Мэрылін Манро з эратычнага календара за 1949 год. Яна ж была і першай мадэллю на цэнтральным развароце. У розныя гады для часопіса пазіравалі Мэрылін Манро, Элізабэт Тэйлар, Сіндзі Кроўфард, Памэла Андэрсан і іншыя вядомыя мадэлі.

1990 год. Праходчыкі француз Філіп Козет і брытанец Грэхэм Фаг, якія будавалі Еўратунэль з французскага і брытанскага бакоў, сустрэліся адзін з адным пад Ла-Маншам.

Будаўнікі паціснулі адзін аднаму рукі і выпілі шампанскага за самы доўгі ў свеце падводны тунэль – каля 50 км, 39 з якіх пракладзена пад марскім дном, у сярэднім на 45 метраў ніжэй за яго ўзровень.

Еўратунэль большай часткай праходзяць пад пралівам Ла-Манш, злучае кантынентальную Еўропу з Вялікабрытаніяй. Дзякуючы тунэлю стала магчыма наведаць Лондан, адправіўшыся з Парыжа, усяго за 2 гадзіны 15 хвілін. У самім тунэлі цягнікі знаходзяцца ад 20 да 35 хвілін.

Тунэль урачыста адкрыты 6 траўня 1994 гады. З’яўляецца трэцім па працягласці чыгуначным тунэлем у свеце. Яму належыць рэкорд па працягласці пад вадой – 39 км, а таксама як самага доўгага міжнароднага тунэлю.

Амерыканскае таварыства інжынераў-будаўнікоў аб’явіла Еўратунэль адным з сямі цудаў свету сучаснасці.

Дзень у гісторыі. 21 лістапада. Разгром рускіх войск Альгердам. Першы палёт на паветраным шары. Асвячэнне Чырвонага касцёла. Адкрыццё драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Сусветны дзень прывітанняў (World Hello Day, з 1973 года). 

У 1973 годзе, у разгар халоднай вайны амерыканцы Браян і Майкл Маккорман са штата Небраска ў знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці адправілі лісты з ветлівымі прывітаннямі ва ўсе канцы свету і папыталі адрасата проста павітаць каго небудзь яшчэ.

Яны нікому не навязвалі сваіх ідэй барацьбы за мір ва ўсім свеце. Яны толькі прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь, яшчэ ну хаця б чалавек з дзесяць.

Гэта ідэя была падтрымана ў больш як 180 краінах. З таго часу Сусветны дзень прывітанняў адзначаюць і грамадзяне ўсіх прафесій і ўзростаў, і буйныя палітычныя лідэры, і прамысловыя магнаты, і сусветна вядомыя асобы кіно і тэлебачання.

Сусветны дзень тэлебачання (World Television Day, з 1998 года). 

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар даты правядзення першага Сусветнага тэлевізійнага форума 1996 года. 

Дзяржавам было прапанавана адзначаць гэты дзень, абменьваючыся тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі такім праблемам, як мір, бяспека, эканамічнае і сацыяльнае развіццё і пашырэнне культурнага абмену.

У тэлебачання няма адзінага вынаходніка. Дзякуючы намаганням савецкіх навукоўцаў Б. Розінга, С. Катаева, А. Канстанцінава, П. Цімафеева, П. Шмакава, амерыканскіх У. Зварыкіна, Ф. Фарнсуорта, брытанскага А. Кэмпбэла-Суінтана і іншых тэлебачанне з’явілася на пачатку 1930-х гадоў.

У Еўропе масавае распаўсюджванне тэлевяшчанне атрымала толькі ў 1950-я, у астатнім свеце – на пачатку 1970-х гадоў.

Сёння ў свеце не засталося дзяржаў, якія не ахоплены тэлевяшчаннем. Да найбольш буйных тэлекампаній свету адносяцца: CBC, NBC, ABC – у ЗША; BBC, ATV – у Вялікабрытаніі; Раі – у Італіі; NHK – у Японіі і іншыя.

У 1933 годзе быў  створаны Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР. У Беларусі тэлевяшчанне з Масквы пачалося ў 1939 годзе. 1 студзеня 1956 года на Беларусь пачаліся рэтрансляцыі праграм маскоўскага Цэнтральнага тэлебачання, з’явілася “Беларускае тэлебачанне”. У верасні 1991 года Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

1368 год. На Увядзенне адбылася Тросненская бітва. Найбольш буйная перамога ВКЛ над Вялікім княствам Маскоўскім у XIV стагоддзі. 

Цяжкаўзброеная літоўская конніца на чале з вялікім князем Альгердам на рацэ Тросне ўшчэнт разграміла лёгкую, дрэнна ўзброеную і тактычна недасведчаную маскоўскую, абодва ваяводы – Дзмітры Мінін і Акінф Шуба – і амаль усе ратнікі былі забіты ці ўтапіліся ў рацэ. 

“Первая Литовщина” маскоўскіх летапісаў была распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Вялікага княства Цвярскога. 

Раптоўнае з’яўленне Альгерда “в силе тяжце”, забяспечанае поўнай сакрэтнасцю руху войска, заспела вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя і яго саюзнікаў знянацку.  

Перамога адкрыла Альгерду шлях на Маскву, трохдзённая аблога якой была, аднак, безпаспяховай. За год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі крэмль. 

Альгерд хадзіў на Маскву яшчэ двойчы – у 1370 і 1372 гадах.

На фота: Помнік Альгерду ў Віцебску, planetabelarus.by

1783 год. Адбыўся першы ў гісторыі палёт чаловека на паветраным шары.

Французы Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд здзейснілі палёт на паветраным шары братоў Мангольф’е (сферы, якія напаўняюцца цёплым паветрам, сталі называцца  мангальф’ерамі). 

Напоўнены гарачым паветрам шар вышынёй 22,7 м і дыяметрам 15 м падняўся з саду замка дэ ла Мюэт у заходнім прыгарадзе Парыжа. Паветраплавальнікі дасягнулі вышыні 915 м і за 25 хвілін пакрылі адлегласць 9 міль, а затым шчасліва прызямліліся ў полі каля дарогі на Фантэнбло.

Да гэтага, 27 жніўня 1783 года, француз Жак Шарль напоўніў сферу вадародам (такія шары сталі называцца шарльерамі) і запусціў яе з Марсава поля ў Парыжы, але яна была без пасажыраў.  

19 верасня 1783 года браты Мангальф’е ў Версалі адправілі ў палёт першых жывых істот: барана, пеўня і качку. Палёт заняў каля 8 хвілін, шар праляцеў 3 км. На вышыні 500 м сфера прарвалася, аднак спусцілася на зямлю настолькі плаўна, што ні адна жывёліна не пацярпела. Гэта натхніла на запуск у палёт людзей.

1790 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў, з іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

wikimedia.org

1869 год. Нарадзіўся Казімір Стаброўскі. 

Беларускі жывапісец, педагог.

Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі.

Падарожнік па Малай Азіі (Бейрут, Палесціна, Канстанцінопаль), Еўропе, Расіі, Егіпту.

Заснавальнік і кіраўнік (1904-1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, аб’яднання мастакоў «Sursum Corda».

Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн, у тым ліку С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і іншых.

59 яго прац захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Памёр 8 чэрвеня 1929 года.

1910 год. У Мінску асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Чырвоны касцёл. 

Каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі пабудаваны ў1905-1910 гадах на сродкі грамадска-палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча (1847-1928) у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях – Сымоне і Алене Вайніловічах. 

Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Помнік культуры і гісторыі. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Э. Вайніловіч.

Увечары 26 жніўня 2020 года, у час адной з мірных акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў, пачаліся масавыя затрыманні. АМАП зачыніў усе дзверы ў касцёл, заблакаваўшы на 40 хвілін некалькі дзясяткаў людзей, якія там схаваліся. Дзеянні праваахоўных органаў выклікалі абурэнне ў грамадскасці. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў рашучы пратэст на дзеянні АМАПу. Яго падтрымаў біскупскі вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. 27 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў да раследвання неадэкватных і супрацьпраўных дзеянняў, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога: 

“Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”. 

У той жа дзень вакол касцёла жанчыны са звязанымі рукамі ўтварылі ланцуг салідарнасці. Падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

wikimedia.org

1921 год. Нарадзіўся Янка Юхнавец

Беларускі паэт.

У Вялікую Айчынную вайну, у пачатку акупацыі, арыштаваны СД, летам 1944 года вывезены ў Германію. Скочыў Вольны універсітэт у Мюнхене. З 1949 года жыў у ЗША.

Аўтар трох зборнікаў паэзіі, кніг выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

Шмат твораў Я. Юхнаўца не выдана.

Памёр 6 студзеня 2004 года ў Нью-Ёрку.

1925 год. Нарадзіўся Сямён Герус. 

Беларускі графік.

Першы выкладчык графічнага аддзялення мастацкага факультэта  Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, студэнтаў навучаў тэхнікам графічнага мастацтва – лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту і іншым, заахвочваў звяртацца да гістарычнай тэматыкі.

Сярод яго вучняў – Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і іншыя.

Член  мастацкай суполкі «Пагоня».

Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Аўтар цыклу графічных твораў, што прысвечаны К. Каліноўскаму і Ф. Скарыне, партрэтаў вядомы дзеячаў культуры і гісторыі, серый пейзажаў «Плошча Перамогі», «Стары Мінск», кампазіцыі «Мы – беларусы», «Янка Купала ў Вязынцы» і іншых.

Прамёр у 1998 годзе.

1926 год. У Віцебску створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. 

Адзін з найстарэйшых прафесійных беларускіх тэатраў. Створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды прынялі ўдзел Янка Купала, Райніс, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны. 

21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. 

У 1946 годзе за спектакль «Несцерка» В. Вольскага тэатру прысуджана Сталінская прэмія. 

З 1964 года тэатр працуе ў будынку на плошчы Тысячагоддзя (да 1974 – Тэатральная).

wikimedia.org

1928 год. Нарадзілася Ганна Арашонкава. 

Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за ўдзел у комплексе прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, Мінскім педінстытуце.

Даследавала сучасную беларускую мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію.

Суаўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», “Беларуская граматыка”, «Слоўнік беларускай мовы», «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» і «Кароткі слоўнік беларускай мовы»,«Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі».

Гэты дзень у гісторыі: 12 красавіка

12 красавіка Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі.

12 красавіка 1961 года Юрый Гагарын (1934-1968) на касмічным караблі «Усход-1» упершыню ў свеце здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі (за 108 хвілін). У СССР у 1962 г. быў абвешчаны Дзень касманаўтыкі. У 2011 г. Генеральная Асамблея ААН абвясціла 12 красавіка Міжнародным днём палёту чалавека ў космас. У космас зляталі 5 беларусаў, у т.л. першая жанчына-касманаўт В. Церашкова. У Магілёве ёсць вуліца і пл. Касманаўтаў, вуліцы Гагарына, Камарова, завулак Цітова.

12 красавіка 1541 года нарадзіўся Іпацій Пацей (1541-1613), царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст.

12 красавіка 1709 года ў бітве пад Ляхавічамі войска гетмана вялікага літоўскага Казімера Яна Сапегі перамагло войска гетмана польнага літоўскага Рыгора Агінскага, хаўрусьніка Пятра I.

12 красавіка 1827 года зацверджана паштова-дыліжансная лінія Пецярбург-Радзівілаў (зараз у Ровенскай вобласці Украіны) праз Віцебск, Магілёў.

12 красавіка (31 сакавіка) 1839 года нарадзіўся Мікалай Пржавальскі (1839-1888), сусветна вядомы падарожнік, географ і натураліст, генерал-маёр, даследчык Цэнтральнай Азіі. З беларуска-літоўскай шляхты, гербу Лук, які быў дараваны каралём Стэфанам Баторыем.

12 красавіка 1912 года ў Рэчыцы нарадзіўся Яфім Капелян (1912-1975), акцёр, Народны артыст СССР, вядомы па шматлікіх ролях, у т.л. Бурнаша ў фільме “Карона Расійскай імперыі, або Зноўку няўлоўныя”.

12 красавіка 1919 года ў Маскве на станцыі Масква-Сарціровачная адбыўся першы Камуністычны суботнік. Падобныя мерапрыемствы без дадатка “камуністычны” у Беларусі лічацца нормай.

12 красавіка 1926 года ў Вільні распачаўся «Працэс 94-х» — суд, учынены польскімі ўладамі над дзеячамі беларускага нацыянальнага руху.

12 красавіка 1934 года на амерыканскай метэастанцыі Маунт-Вашынгтон зафіксаваны самы моцны наземны вецер у свеце, 371,75 км у гадзіну. Максімальная хуткасць ветра ў Беларусі – 40 м/с (144 км/гадз.) рэгістравалася ў Докшыцах (1967, 1969 гг.), у Слуцку (1959).

12 красавіка 1962 года ў Маскве ў сям’і выхадцаў з Магілёўскай губерні нарадзіўся спявак, заснавальнік групы «Хор Турэцкага» Міхаіл Турэцкі.

12 красавіка 2014 года пачатак супрацьстаяння ў г.Славянску, першы бой у войне на Данбасе арміі Украіны і сепаратыстамі ДНР, якіх патрымала Расія.

12 красавіка 2019 года міністр культуры Расіі У. Мядзінскі заявіў аб памяньшэнні рускай мовы на шыльдах ў Мінску. І гэта ва ўмовах амаль поўнага знікнення беларускай мовы ў краіне. Цікава, што ўраджэнец г. Смела Чаркасскай вобласці Украіны Мядзінскі, з’яўляецца кіраўніком расійскай дэлегацыі на перамовах паміж Расіяй і Украінай пасля нападу Расіі на Украіну.

12 красавіка 2022 года – сустрэча прэзідэнтаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Жэшаве на пазачарговым саміце, каб прадэманстраваць салідарнасць з Украінай у барацьбе з Расійскай агрэсіяй.

12 красавіка 2022 года чарговая сустрэча А. Лукашенкі і У. Пуціна запланавана на касмадроме “Усходні” ў Амурскай вобласці Расіі.

фота: РИА НОВОСТИ