Паўнагадовы крычаўлянін здзекаваўся з 9-гадовай сястры, наносячы пабоі. Пракуратура ініцыявала адміністрацыйны працэс, а бацькі да ўчынкаў сына не маюць прэтэнзій.
У жніўні ў сацсетках з’явілася відэа агіднага зместу: хлопец здзекуецца над маленькай дзяўчынай, якая плача, б’е яе па твары тапком, рукамі па галаве, цягае за валасы, у той час, як яго сябар здымае гэта на камеру і смяецца. Відэа хутка было выдаленае, але супрацоўнікі міліцыі ім зацікавіліся і пачалі высвятляць абставіны.
Як аказалася, 18-хлопец вырашыў паздзекавацца з сваёй 9-гадовай сястры: наносіў пабоі, прычыняў боль, фізічныя і псіхічныя пакуты.
Пракуратура Крычаўскага раёна ініцыявала адміністрацыйны працэс у дачыненні да маладога чалавека. На дадзены момант справа перададзена ў суд, хоць бацькі хлопца прыцягваць хлопца да нейкай адказнасці не пажадалі і патлумачылі, што прэтэнзій да яго не маюць, заяву пісаць адмовіліся — паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Таксама поўнагадовы хлопец разам з бацькамі быў выкліканы на прафілактычную размову з пракурорам раёна Станіславам Прахарэнкам, дзе апошні ўшчуваў бацькоў за іх раўнадушша, а 18-гадовага “байца” за недапушчальныя і нізкія ўчынкі ў дачыненні да блізкага чалавека.
Фота ілюстрацыйнае