Гектар канопляў знішчылі ў Касцюковіцкім раёне

У Касцюковіцкім раёне падчас спецаперацыі супрацоўнікаў міліцыі “Мак” была знішчана плантацыя дзікарослых канопляў, якая вырасла на плошчы каля аднаго гектара.

Расліна так разраслася, што ўручную было не справіцца. Для ліквідацыі канопляў прыйшлося нават прыцягнуць сельскагаспадарчую тэхніку. 

У выніку ачаг вырастання расліны быў знішчаны праз рыхленне глебы трактарам – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Паводле слоў старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандра Гракава, дзікарослыя каноплі няпроста вывесці з тых зямель, якія належным чынам не апрацоўваюцца. Таксама ён адзначыў, што каноплі і мак у перыяд іх паспявання з’яўляюцца наркатычным сродкам. Значыць, крымінальная адказнасць за захоўванне, перавозку і збыт у летні перыяд надыходзіць у поўнай меры.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.