«Рэгіструецца невялікі рост», міністр Піневіч пра сітуацыю з захворваннямі на грып і кавід

У Беларусі рэгіструецца невялікі рост вострых рэспіраторных захворванняў, грыпу і кавіду, аднак тэмп прыросту ў два разы ніжэйшы, чым восенню 2021 года, перадае словы міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч тэлеграм-канал “Официальный Минздрав”.

Па словах урадоўцы, рост захворвальнасці звязаны, у тым ліку, з умовамі надвор’я. «У гэты час заўсёды рост інфекцыйнай захваральнасці», цытуе яго БелТА.

«Цяпер невялікі рост існуе, але ён значна меншы, чым у летась. Мы працуем у зусім спакойным рэжыме», – кажа Дзмітрый Піневіч.

Ён заўважае, што ў параўнанні з нагрузкай, якую адчувалі медыкі летам, зараз яна, вядома, вышэйшая.

Адсутнасць звестак пра пачатак і завяршэнне будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў становіцца нормай. Працяг тэмы

На публікацыю пра адсутнасць датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва новага корпусу інфекцыйнай больніцы адрэагавалі чытачы Магілёў.media, даслаўшы фотаздымак з пацверджаннем, што на пашпарце аб’екту іншай лякарні таксама адсутнічаюць такія звесткі. Гаворка пра ўзвядзенне новага корпусу больніцы хуткай дапамогі.

З пашпарту аб’екту невядома, калі пачалося будаўніцтва і калі яно завершыцца. Радкі на інфармацыйным стэндзе не запоўненыя.

11 жніўня Магілёў.media апублікаваў матэрыял пра сітуацыю з узвядзеннем новага корпусу інфекцыйнай больніцы. У ім адзначалася, што згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя звесткі аб будаўніцтве аб’екту ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне. У матэрыяле падкрэслівалася, што адсутнасць такой інфармацыі можа выкарыстоўваецца чыноўнікамі, каб апраўдацца перад грамадствам за спыненне працаў на аб’екце, альбо іх зацягванне.

Што да новага корпусу больніцы хуткай дапамогі, то паводле інфармацыі з сайту Магілёўскага аблвыканкаму, гэты будзе шматфункцыянальны сяміпавярховы корпус замест старых пабудоў. Яшчэ ў лістападзе 2019 году аказаць «садзейнічанне ў рэалізацыі перспектыўнага праекту выказалі гатоўнасць міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц». Цяпер Каранік і Заяц займаюць іншыя службовыя пасады.

У верасні 2021 году ўжо новы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у шэрагу з іншымі медычнымі ўстановамі, якія ўзводзяцца ў Магілёве, згадаў і больніцу хуткай дапамогі.

«Яшчэ праз пару гадоў завершыцца будаўніцтва новых карпусоў гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі. Гэта дазволіць Магілёву да канца 2023 года стаць горадам з аптымальна адладжанай сістэмай аховы здароўя ад паліклінік да буйных медычных цэнтраў», – падавала словы чыноўніка БелТА.

Вызначыць пачатак будаўніцтва новага корпусу больніцы хуткай дапамогі няпроста. Бурыць старыя камяніцы лякарні пачалі яшчэ ўзімку. Іх знішчэнне выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.

У чэрвені агарадзілі пляцоўку пад будаўніцтва корпусу і ўзяліся капаць катлаван. Тады Магілёў.media напісаў, што на гэтым канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі.

«Актуальнасць праблемы, на жаль, будзе толькі ўзрастаць». Колькасць дзяцей з аўтызмам павялічваецца

Пад наглядам урача-псіхіятра-нарколага цяпер знаходзяцца 2770 дзяцей з разладам аўтыстычнага спектру. За апошнія 5 гадоў агульная колькасць такіх дзяцей вырасла ў 2,4 разы.

«Актуальнасць гэтай праблемы, на жаль, будзе толькі ўзрастаць», – прызнае міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго, падрыхтаваны праект загаду, які вызначае алгарытм аказання медычнай дапамогі пацыентам дзіцячага ўзросту з падазрэннем або прыкметамі разладу аўтыстычнага спектру і стварэнне асаблівых псіхалагічна камфортных умоў аказання ім дапамогі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, перадае інфармацыйнае агенцтва «Белта».

Паводле беларускіх чыноўнікаў, сусветныя навуковыя дадзеныя сведчаць, што распаўсюджанасць разладу аўтыстычнага спектру складае 1 выпадак на 160 нованароджаных.


Аўтызм – псіхічны разлад, які характарызуецца выяўленым дэфіцытам асобасных, сацыяльных, маўленчых і іншага развіцця, а таксама навыкаў зносін.

Аўтысты – асаблівыя дзеці або людзі, якія агароджваюць сябе ад уздзеяння з грамадствам і ім абыякавае меркаванні іншых. Прычыны падобнага адхілення працы мозгу вывучаюцца, але прычыны застаюцца невядомымі.


У клінічнай практыцы Беларусі дыягназ дзецям з аўтызмам стаіцца ва ўзросце 3 гадоў і старэй. Як кажуць медыкі галоўная задача – гэта выяўленне праблемы ў раннім узросце, тады ёсць шанец «на больш-менш сацыялізаванае жыццё ў грамадстве».

 

Перабояў з замежнымі медычнымі прэпаратамі няма, запэўнівае кіраўнік Міністэрства аховы здароўя

Па словах Дзмітрыя Піневіча з-за мяжы ў маі-чэрвені паступіла 1200 найменняў лекаў.

На тэлеканале СТВ ён казаў, што цяпер прыкладна 4 тысячы прэпаратаў абарочваюцца ў аптэчным і шпітальным сегменце. Калі раней на ягоным кантролі было прыкладна 40-50 прэпаратаў, то цяпер іх стала 120.

Па ягоных словах павялічваецца выраб беларускіх прэпаратаў.

Раней службоўцы гаварылі пра цяжкасці ў пастаўках лекаў і пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў.

Па словах дырэктара «Белфармацыі» Сяргея Літоша магчымымі партнёрамі могуць стаць пастаўшчыкі З Кітаю, Індыі, Турцыі.

«Мы працуем над тым, каб людзі не прыкмецілі праблемаў», – даводзіў ён.