У еўрапейскіх гарадах вуліцы ў цэнтры звужаюць, каб абмежаваць рух аўтамабіляў, а ў Магілёве наадварот – пашыраюць.
Рэканструкцыя вуліцы Камсамольской дайшла да прыпынка “Каледж мастацтваў”, і стала бачна, што праезджую частку пашыраюць за кошт пешаходных тратуараў.
Магілёўскія гарадскія актывісты звярнулі ўвагу на брукаванку, якую знайшлі каля Драматычнага тэатру. Яе ўжо знялі і некуды прыстроілі.
Але цяпер стала зразумелым, што беды магілёўцаў на гэтым не скончыліся. Гарадская архітэктура аказваецца, вырашыла, што машынам і аўтобусам цесна на Камсамольскай, і звужае і так вузкія каля Каледжа мастацтваў пешаходныя дарожкі.
У многіх еўрапейскіх гарадах для машын звужаюць вуліцы, каб абмежаваць рух транспарту. Там уводзяць аплату за ўезд у цэнтр, выносяць дарогі ў тунэлі, развіваюць велаінфраструктуры і г.д. Гэта робіць цэнтры гарадоў вальнейшымі ад аўтамабіляў і больш экалагічнымі, а людзей здаравейшымі.
На вуліцы Камсамольскай усё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Што дасць з’яўленне новай паласы для аўтобусаў і тралейбусаў? Праезд для аўтамабільнага транспарту стане сапраўды лягчэйшым. Але пешаходам да раварыстам і сёння там цяжка разыйсціся. А заўтра гэта стане зусім цяжкавырашальнай задачай.
Фота: mogilev.media