Дзень у гісторыі. 18 чэрвеня. Герб Нясвіжу. Нарадзіліся паўстанец М. Валовіч, філосаф В.Акудовіч. Дзень памяці В. Бялыніцкага-Бірулі, Я. Клімуця.

Дзень бацькі (Father’s Day) – трэцяя нядзеля чэрвеня.

Ружы – кветкі Дня бацькі: чырвоныя носяць, калі бацька жывы, і белыя, калі бацька памёр. У гэты дзень прынята дарыць свайму бацьку падарункі.

Гісторыя свята пачалася з таго, што амерыканка Санора Смарт у 1909 годзе ў царкве падчас службы, прысвечанай Дню маці, падумала аб тым, што пасля смерці маці яе і яшчэ пецярых дзяцей выхоўваў бацька Уільям Смарт.

Санора хацела, каб яе бацька ведаў, які ён асаблівы чалавек для яе, як яна яго любіць і шануе. Бо яе бацька ахвяраваў усім, каб выконваць усе свае бацькоўскія абавязкі і быў у вачах яго дачкі самым мужным, неэгаістычным і любячым чалавекам. Санора звярнулася да мясцовых улад з прапановай заснаваць новае свята.

Услед за ЗША Дзень бацькі ў трэцюю нядзелю чэрвеня адзначаюць у Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Францыі, Кітаі, Японія, Расіі, некаторых краінах СНД і іншых.

У ФРГ дзень бацькі адзначаюць у дзень Ушэсця Гасподняга, у Аўстраліі – у першую нядзелю верасня, у Італіі – 19 сакавіка.

Дзень медыцынскага работніка Беларусі.

Прафесія ўрача адна з самых старэйшых у свеце, і цяпер яна запатрабавана літаральна ўсюды.

На варце здароўя ў Беларусі знаходзяцца больш за 55 тысяч урачоў-спецыялістаў і 125 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

У цэлым дапамогу насельніцтву аказваюць звыш 2 300 амбулаторый і паліклінік, 595 бальніц і 142 станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

Прафесію медыка, згодна са статыстыкай, часцей выбіраюць жанчыны.

Нагадаем, што кожны год 12 мая адзначаецца Дзень медыцынскіх сясцёр, нязменных і абавязковых памочнікаў лекараў. 

1037 год. Пайшоў з жыцця Авіцэна (980-1037)

Персідскі філосаф, урач, прыродазнавец, паэт.

Аўтар 450 трактатаў па шырокаму колу пытанняў, у тым ліку “Кнігі лекавання”, “Канон медыцынскай навукі”. 

Лічыцца самым вядомым і ўплывовым прадстаўніком ісламскага залатога веку.

1586 год. Дараваны герб і магдебургскае права Нясвіжу.

Горад бярэ пачатак ад 1223 года, па іншых крыніцах – з 1446.

Яго праславілі дзеячы, якія ў ім жылі: Радзівілы, Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі і іншыя.

Цэнтр культуры, тэатральнага жыцця, кнігадрукавання, кальвінізму. Вядомы сваімі замкам Радзівілаў, паркамі, архітэктурай, навучальнымі ўстановамі.

1806 год. Нарадзіўся Міхаіл Валовіч (1806-1833).

Філарэт, філамат, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага, каб узняць сялянскае паўстанне. 

Кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне (1833). Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць яго сялянскі атрад над Шчарай

Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. 

11 чэрвеня 1833 года ў Гродне пачаўся судовы працэс, па вынікаў якога Валовіч быў прыгавораны да смерці. Яго павесілі  2 жніўня 1833 года. 

Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб ніхто яго не адшукаў і не зрабіў месцам таемных набажэнстваў, а Валовіч не стаў мучанікам. 

Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX стагоддзя.

1858 год. У в. Галоўчын (зараз – Бялыніцкі раён) нарадзіўся Лявонцій Галынец (1858-1896).

Беларускі вайсковы ўрач, доктар медыцыны, першы прыват-дацэнт медыцынскай статыстыкі і геаграфіі кафедры гігіены Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Даследчык санітарнага стану, насельніцтва Магілёва, умоў жыцця, асаблівасцяў фізічнага развіцця сацыяльных груп магілёўцаў. Прыйшоў да высновы аб нізкім адукацыйным узроўні жыхароў Магілёва і нігілізме іх у адносінах да асабістай гігіены.

Магілёў у часы Л. Галынца.

1863 год. У Магілёве пакараны смерцю кіраўнікі Чарнаруцкага (Магілёўскага) паўстанцага атрада браты Манцэвічы, В. Корсак і камандзір Быхаўскага атрада І. Анцыпа.

Чарнаруцкі атрад быў сфарміраваны 20 красавіка і меў да 40-50 чалавек з афіцэраў, дробных чыноўнікаў, студэнтаў,  дваровых людзей. 

Жадалі далучыцца да паўстанцаў і 24 гімназісты Магiлёўскай мужчынскай гімназіі, якія ішлі са зброяй, але не паспелі.

Актыўна дзейнічаў 3-9 мая 1863 года і быў разбіты рускімі карнікамі.

Т. Айдукевіч. Сцэна паўстання 1863 года.

1889 год. Нарадзіўся Уладзімір Каліноўскі (1889-1940).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык.

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі ўніверсітэт, прайшоў курсы Археалагічнага інстытута і Усходняй акадэміі ў Петраградзе.

Працаваў у Пецярбургскім судовым ведамстве, у наркаме харчавання РСФСР.

З ліпеня 1921 года жыў у Заходняй Беларусі. Быў абраны ў польскі сейм, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. У 1923 годзе польскім судом пазбаўлены дэпутацкага мандата і польскага грамадзянства, арыштаваны, потым высланы з Польшчы.

Са снежня 1923 года працаваў у Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце, на розных пасадах у ЦВК БССР,  дацэнтам кафедры гісторыі польскай культуры педагагічнага факультэта БДУ. Супрацоўнічаў з часопісамі «Полымя», «Савецкае будаўніцтва», газетамі «Савецкая Беларусь», «Звязда».

Пасля 1929 года далейшы лёс невядомы.

Беларускі сельскагаспадарчы інстытут, пачатак ХХ ст.

1889 год. Запатэнтаваны дзіцячы вазок.

У амерыканскім Балтыморы атрымаў патэнт Уільям Рычардсан: ён здзейсніў чарговую рэвалюцыю ў гісторыі вазкоў – прыдумаў рэверсіўную мадэль, у якой дзіця магло сядзець як тварам, так і спіной да бацькоў або выхавацелей, уключыў у сваю мадэль восі, што дадало вазку манеўранасці.

Сапраўдная мода на вазкі ўзнікла ў 1840 годзе, калі брытанская каралева Вікторыя, маці дзевяцярых дзяцей, захацела сама гуляць са сваімі малымі па каралеўскім парку. Неўзабаве мода на вазкі распаўсюдзілася ва ўсіх арыстакратычных колах Еўропы.

У першых вазках да кошыка або да кораба прымацоўваліся тры ці чатыры колы, а таксама прыладжвалася спецыяльная ручка, каб яго можна было везці за сабой. У вазкі запрагалі поні, казу ці сабак, каб яны каталі дзяцей.

1911 год. Нарадзіўся Аляксандр Шыдлоўскі (1911-2002).

Беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. 

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сустваральнік Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве. 

Артыст хору Р. Шырмы, аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор». 

1932 год. У Жэневе прынята рашэнне аб стварэнні Міжнароднай Федэрацыі баскетбольных асацыяцый FIBA.

Гэта адбылося на І Міжнароднай канферэнцыі нацыянальных баскетбольных асацыяцый.

У першы склад Федэрацыі ўвайшлі Аргенціна, Грэцыя, Італія, Латвія, Партугалія, Румынія, Швецыя, Чэхаславакія. У 1935 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт вынес рашэнне аб прызнанні баскетбола алімпійскім відам спорту.

У час берлінскай Алімпіяды 1936 года адбыўся першы кангрэс FIBA, дзе былі прыняты адзіныя міжнародныя правілы гульні.

Дэбют жаночага баскетбола на Алімпійскіх гульнях адбыўся ў 1976 годзе ў Манрэалі.

Сёння FIBA аб’ядноўвае 213 нацыянальных баскетбольных федэрацый і вызначае асноўныя напрамкі развіцця сусветнага баскетбола. Пад яе эгідай праводзіцца Чэмпіянат свету па баскетболе і іншыя міжнародныя спаборніцтвы.

Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).

1950 год. Нарадзіўся  Валянцін Акудовіч.

Беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык, спецыяліст па турызму.

Працаваў у штотыднёвіках «Культура», “Літаратура і мастацтва”, часопісах «Крыніца», «Фрагменты»,  «Перекрёстки», «Паміж». 

Аўтар шэрагу кніг, у т.л. «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці».

1957 год. Памёр ураджэнец Крынак (цяпер – Бялыніцкі раён) Вітольд Бялыніцкі-Біруля (1872-1957).

Найбуйнейшы беларускі жывапісец-пейзажыст, акадэмік жывапісу, АН БССР, Акадэміі мастацтваў СССР, Народны мастак БССР і РСФСР. 

У Магілёве працуе мастацкі музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі, яго імем названа вуліца ў Магілёве.

2022 год. Памёр Яраслаў Клімуць (1940-2022)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, педагог.

Скончыў БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

З 1975 года працаваў у Магілёўскім педінстытуце (МДУ) імя А. Куляшова: дацэнт, дэкан філалагічнага факультэта (1986-2000), прафесар.

Абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Якуб Колас і руская савецкая паэзія».

Сфера навуковых інтарэсаў – тэорыя літаратуры, гісторыя беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі, супастаўляльнае літаратуразнаўства, краязнаўства.

Аўтар больш за 150 навуковых і вучэбна-метадычных прац.

Украінская Вінніца пасля расійскай атакі. Медыкі змагаюцца за жыццё пацярпелага 7-гадовага хлопчыка (увага, жудасныя фота)

Ягоная маці загінула падчас абстрэлу цэнтру гораду, а сам ён з апёкамі 45 працэнтаў цела быў шпіталізаваны. Яго адправілі на лячэнне ў нямецкі Дрэздэн.

«Хлопчык знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Каля 45 працэнтаў цела дзіцяці пакрылі знешнія апёкі, яшчэ 35 працэнтаў – унутраныя. Яны настолькі глыбокія, што месцамі нават дасягаюць касцей. Абгарэў твар, верхнія і ніжнія канцавіны, дыхальныя шляхі. Да таго ж у Ромы закрыты пералом левай рукі і некалькі абломкаў ад снарада ў чэрапе«, – паведаміў старшыня Вінніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Барзоў у сваім тэлеграм-канале.

images.unian.net

Паводле яго, хлопчык разам з маці прыехаў са Львова ў Вінніцу. Яны хацелі наведаць бабулю з дзядулем і заадно ў клініцы атрымаць кансультацыю. Бацька дзіцяці застаўся ў Львове. 14 ліпеня каля 11:00 сувязь з сынам і жонкай знікла.

На днях па выніках ДНК-экспертызы было ўстаноўлена, што маці хлопчыка загінула ў выніку ракетнага абстрэлу.

images.unian.net

«Рому бацька адшукаў у Вінніцкай абласной больніцы, і толькі тры дні таму па выніках ДНК-экспертызы даведаўся аб смерці 29-гадовай жонкі Галіны«, – паведамляе Барзоў.

Вінніцу расійскія войскі атакавалі 14 ліпеня крылатымі ракетамі »Калібр«, запусціўшы іх з акваторыі Чорнага мора. Яны патрапілі ў цэнтр гораду, дзе было шмат людзей.

У выніку загінулі 26 чалавек, з іх 3 дзеці. Па медычную дапамогу звярнуліся больш за 200 чалавек, з якіх 68 былі шпіталізаваны.

Днямі ў Вінніцы пахавалі 4-гадовую Лізу Дзмітрыеву, якая таксама трапіла пад расійскі напад. Яе маці выжыла і ў цяжкім стане перабывае ў шпіталі.