Цяжарная жанчына, жыхарка адной з вёсак Бабруйскага раёну адправілася на матаблоку на рыбалку. Там выпіла два літры піва і на тым жа транспартным сродку а дзясятай вечара вярталася дахаты, калі яе спыніў экіпаж ДАІ – паведамляе прэсс-служба абласнога УУС. Праверка паказала 1,5 праміле ў крыві жанчыны, што знаходзілася на восьмым месяцы цяжарнасці.
Разявакі сталі ахвярамі зламыснікаў за апошні час ажно тройчы ў Магілёве. На пасядзелках у адным з дамоў на Дняпроўскім бульвары двое прыяцеляў выпівалі, а калі адзін з іх страціў пільнасць, то другі незаўважна выцягнуў у яго і прысабечыў мабільны тэлефон коштам у 200 рублёў.
Падобны выпадак адбыўся ў адным з бараў гораду ноччу – паведамляюць у міліцэйскай прэс-службе. Маладая жанчына пакінула на барнай стойцы свой тэлефон, коштам у 1 300 рублёў. Гэта заўважыў 34-гадовы, раней судзімы мужчына, што адпачываў побач. Ён незаўважна забраў тэлефон і пакінуў бар. Аднак, аператыўнікі здолелі ўстанавіць яго асобу па гарачых слядах і арыштаваць.
63-гадовы магілёвец паскардзіўся ў аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС. Як высветлілася, мала знаёмай яму жанчыне ён аддаў у часовае карыстанне сваю банкаўскую картку, і з яе знікла каля 900 рублёў. З жанчынай яны пазнаёміліся за некалькі дзён да гэтага, калі разам вярталіся з прадуктовай крамы. Разгаварыліся і вырашылі разам выпіць. Каб схадзіць за дабаўкай мужчына аддаў новай знаёмай сваю картку, а калі яна вярнулася з крамы, забыў забраць картку назад.
Жанчына некалькі дзён потым карысталася карткай самастойна, бо мужчына пасля сыходу новай знаёмай так і не змог успомніць яе імя і прозвішча, каб знайсці і папрасіць вярнуць карту.
Адзначым, што ў міліцэйскіх зводках гэтая гісторыя праходзіць пад грыфам «Кіберзлачынства».