16 верасня прайшоў год з дня забойства іранскай паліцыяй нораваў 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні за “няправільнае” нашэнне хусткі. Гэта выклікала буйнейшыя акцыі пратэсту ў краіне. The Guardian расказвае, чым жыве моладзевы пратэст у Іране праз год пасля пачатку хваляванняў.
Маладыя іранцы перавялі свае пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму ў падполле праз год пасля смерці ў зняволенні 22-гадовай Махсы Аміні. Яе смерць 16 верасня мінулага года прывяла да найбуйнейшай за апошнія гады хвалі народных пратэстаў у Іране і іх жорсткага разгону спецслужбамі, у выніку чаго сотні мужчын, жанчын і дзяцей былі забітыя і тысячы атрымалі раненні.
Маладыя іранцы, якія размаўлялі з выданнем, кажуць, што працягваюць таемна пратэставаць. «Магчыма, мы часова сышлі з вулічных пратэстаў, але мы не сышлі [наогул] з пратэстаў» – кажа Рэза, тэгеранскі ды-джэй і студэнт універсітэта, які грае «рэвалюцыйную» музыку, каб падтрымліваць «імпульс».
«Я пратэставаў першыя два месяцы і неяк здолеў не трапіць пад раздачу. Неўзабаве пасля таго, як мы даведаліся пра першы расстрэл, нас папярэдзілі бацькі і выкладчыкі, каб мы кінулі пратэставаць на вуліцах. Вось тады ў нас і ўзнікла ідэя начных пратэстаў».
Рэза і яго калегі па ўніверсітэце, хлопцы і дзяўчаты, арганізавалі ў сталіцы падпольную акцыю. «Адзін з нашых любімых спосабаў пратэсту – хадзіць каля дзяржаўных установаў і пакрываць сцены плакатамі свабоды. Мы вяртаемся і граем музыку, асабліва песні, якія не ўспрымае рэжым.
«У нас быў пратэст Шэрвіна Хаджыпура [іранскага спевака, арыштаванага пасля таго, як яго песня пратэсту стала віруснай] увечары пасля таго, як ён выйграў прэмію «Грэмі», каб адзначыць нашу барацьбу за свабоду. Усё, што мы робім у гэтых начных акцыях пратэсту, лічыцца нармальным для падлеткаў на Захадзе – напрыклад, жанчыны танцуюць, спяваюць, не носяць шалік – але мы павінны рабіць гэта таемна.
«Гэтыя сустрэчы аб’ядноўваюць нас і матывуюць працягваць змагацца ўсімі магчымымі спосабамі».
Голназ, 19-гадовая студэнтка эканомікі з Ісфахана, рэгулярна наведвае падпольныя акцыі пратэсту. Яна накіравала сваю любоў да мастацтва ў форму нязгоды. «Многія думаюць, што тусоўкі адбываюцца толькі ў дамах, на гарышчах ці ў гаражах. Мы выходзім на вуліцу і пратэстуем рознымі спосабамі» – кажа яна.
«Рызыкуючы быць злоўленай, я ездзіла на ровары без хіджаба і паспяхова пакрывала сцены графіці. Затым мы вяртаемся дамоў да аднаго з нашых сяброў, не спім, танцуем, спяваем і спрабуем вярнуць нашых універсітэцкіх калегаў на вуліцы ў знак пратэсту.»
«Ад падпольных пратэстаў да сямейных сходаў, мы зразумелі, што менавіта гэтыя невялікія пратэсты ў прыватных колах падтрымліваюць жаданне свабоды сярод моладзі Ірана» – кажа Саед, студэнт з горада Мехшэда. «Дзякуй тым жанчынам і дзяўчатам, якія настолькі адважныя, што ўсё яшчэ пратэстуюць на адкрытым паветры, здымаючы хусткі. Яны сапраўдныя героі, за якіх мы працягваем змагацца. Паколькі свабодзе слова няма месца ў Іране, людзі павінны выкарыстоўваць кожны форум, каб выказаць сваю барацьбу за свабоду».
Фота: Guardian