З чэрвеня гэтага года “Культура беларускай дуды” ўключаная ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Носьбітамі гэтага майстэрства афіцыйна лічыцца 30 чалавек па ўсёй краіне, і адзін з іх жыве на Магілёўшчыне, у вёсцы Вяззе Асіповіцкага раёна.
Мікалай Забаўскі – прафесійны музыка, кіраўнік самадзейнага аркестра народных інструментаў. Пятнаццаць гадоў таму, падчас працы над рэканструкцыяй мясцовага вясельнага абраду да яго прыйшла думка адрадзіць на вяселлі гучанне беларускай дуды. Пра матывы Мікалай Забаўскі расказвае так:
– Мае продкі, прадзеды па матчынай лініі, былі Саўка ды Грышка. Вось і атрымалася, як у беларускай песні: “Саўка ды Грышка ладзілі дуду”. З гэтай гісторыі нарадзілася такая думка, што я таксама павінен граць менавіта на гэтым музычным інструменце. Лічу, што дуда – самы каларытны і самы народны інструмент, які бытуе на Беларусі ўжо доўгія стагоддзі.
Інструмент Мікалай Забаўскі вырашыў замовіць у мінскага майстра за грошы, якія адкладаў на падарожжа. У выніку яго сям’я адправілася ў круіз па Заходняй Еўропе, а музыка здзейсніў сваю даўнюю мару – стаў вучыцца граць на дудзе.
Гэта аказалася няпроста – капрызны і наравісты інструмент улоўлівае нават энергетыку навакольных людзей. Для адных ён гуляе цудоўна, а для іншых – маўчыць, нягледзячы на ўсе майстэрства дудара.
– Усё вельмі непрадказальна, бо інструмент жывы, драўляны. – дзеліцца музыка – Гэта не жалезная прылада – зварыў, і матэрыял ужо нікуды не дзенецца. Не адразу ўсё атрымліваецца: гук залежыць нават ад вільготнасці паветра, таму складанасці ёсць. Але ўсё роўна, дуда – для душы, для майго эстэтычнага задавальнення.
Часцей за ўсё Мікалай Забаўскі іграе на дудзе беларускія мелодыі і прыпеўкі – гэта традыцыйны дударскі рэпертуар. Матывы гэтых песень ён памятае яшчэ з дзяцінств. Ёсць як “вясельныя”, так і “жалобныя” кампазіцыі. Бывае і так, што ўдзельніцы калектыву сельскага дома культуры, салісткі народнага ансамбля “Вязынка”, зацягнуць сваю мелодыю, і менавіта гэтая песня найлепшым чынам кладзецца на інструмент – атрымліваецца вельмі гарманічная і кранальная кампазіцыя – піша пра асіповіцкага дудара БелТА.
Фота: БелТА