У сацыяльных сетках з’явіўся ролік, запісаны ў магілёўскім Задняпроўі. Аўтар відэа задаецца пытаннямі – можа, гэтаму незвычайнаму снегу, падобнаму на крошку пенапласта, гараджане абавязаныя хімічнымі гігантамі, напрыклад, “Омск-карбону”?
Цікава, што падобны снег таксама быў заўважаны ў Мінску. Да сапраўднага снегу прымяшаўся незразумелы парашок – сцвярджалі жыхары вуліц Асаналіева і Сярова па паведамленні onliner.by. Быццам бы таксама дробны, белы, без асаблівага паху, але чамусьці ён не раставаў. Гэтае незвычайнае выпадзенне ападку мінчукі звязалі з дзейнасцю завода “Крыён”.
І сапраўды, як высветлілася, незвычайны снег – вынік правядзення на “Крыёне” рамонтных работ. Вось як гэта патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства:
— Гэта перлітавы пясок — натуральны цеплаізаляцыйны матэрыял, ён на сто працэнтаў бяспечны для людзей, жывёл і раслін, ніякіх таксічных уласцівасцяў ён не мае. Гэта, па сутнасці, пясок, які спецыяльна успушваюць (як папкорн) ля печы, каб надаць яму цеплаізаляцыйныя ўласцівасці.
Як ён апынуўся на вуліцы? У нас вядуцца рамонтныя работы, на адной з установак учора якраз праводзілася так званае расперлічванне, і адзін з мяшкоў з рэчывам з-за моцных парываў ветру разнесла па вуліцы. Гэта цалкам дакладна разавая з’ява: супала мноства розных фактараў.
З часам перліт перастане быць белым і стане незаўважным – як звычайны пясок. Паўтаруся, што перажываць няма чаго: гэта прыродны матэрыял, які не нясе пагрозы здароўю – патлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства.
Можна дапусціць, што заўважаны ў магілёўскім Задняпроўі незвычайны снег таксама насамрэч з’яўляецца перлітавым пяском і звязаны з нейкімі рамонтнымі работамі на гарадскіх прадпрыемствах.