У Магілёўскім гарвыканкаме распавялі, як была знесена капліца на могілках нямецкіх ваеннапалонных

Магілёўскія чыноўнікі хацелі, каб рамонт капліцы, пастаўленай за нямецкія ахвяраванні, аплацілі таксама немцы.

Continue reading “У Магілёўскім гарвыканкаме распавялі, як была знесена капліца на могілках нямецкіх ваеннапалонных”

Агароджа нямецкіх могілак у Магілёве руйнуецца вандаламі, а мясцовыя ўлады не звяртаюць на гэта ўвагі

Пахаванне нямецкіх ваеннапалонных, якія адбудавалі раён аўтамабільнага завода імя Кірава пасля Вялікай Айчыннай вайны, было добраўпарадкавана ў канцы 1990-х гадоў. Цяпер яно паступова знішчаецца, верагодна, збіральнікамі чорных і каляровых металаў. 

Ахова любога некрапаля – справа гонару цывілізаванай дзяржавы. Канфесійныя і нацыянальныя пахаванні маюць яшчэ і міжнароднае значэнне. Таму дзейнасць варвараў, якія нішчаць могілкі, злачынна не толькі ў маральным і матэрыяльным аспектах, але і ў міжнародным.

У пошуку залатых зубоў

Могілкі ўтварыліся ў 1945 – 1948 гг. Нямецкія салдаты з’яўляліся ваеннапалоннымі і паміралі ў шпіталі пасёлка Халмы, а таксама падчас аднаўленчых прац у горадзе. Тут на ўскрайку горада, у пачатку Любужскага лесапарку пахавана па афіцыйных дадзеных больш за 200 нямецкіх салдат, а па неафіцыйных – каля 1000. 

У савецкія часы могілкі былі закінуты і не ахоўваліся. Мясцовы люд праводзіў самадзейныя раскопкі пахаванняў у пошуку залатых зубоў. Пра неабходнасць гуманных адносін да магіл былых акупантаў ніхто асабліва не задумваўся. 

Упарадкаваў рэктар нямецкага ўніверсітэта за свой кошт

З атрыманнем незалежнасці Беларусі часы сталі больш гуманнымі. Упарадкаванне памерлых пасля вайны нямецкіх ваеннапалонных адбылося на сродкі рэктара Хільдэбургскага ўніверсітэта Тэа Вольфа ў 1996 г. На месцы пахавання ўзведзена Капліца з чырвонай цэглы, а каля яе пастаўлены памятны знак. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна абнесла частку могілак агароджай, усталявала крыж і гранітную пліту з надпісамі на нямецкай і беларускай мовах.

І вось праз чвэрць стагоддзя пачалося знішчэнне агароджы некропаля. Паступова знікаюць адна за другой металічныя секцыі. Найбольш верагоднымі злодзеямі з’яўляюцца так званыя чорныя металісты – асобы, якія часцяком жабруюць, вядуць асацыяльны вобраз жыцця ці не маюць сталага месца жыхарства.

Памяць пра працу нямецкіх ваеннапалонных захоўваюць дамкі ў мікрараёне Кірава непадалёк ад могілак. 

Прыпыніць дзікунства і знайсці злодзеяў адносна не цяжка. У пунктах прыёму другаснай сыравіны ведаюць сваіх сталых кліентаў. Але падобна на тое, што мясцовай уладзе няма справы да гэтай праблемы.