Навіны пабрацімаў. Мікалаеў на дзень народзінаў расійскія войскі не пакінулі ў спакоі. Затапілі старое судна

Горад расіяне сталі «віншаваць» з 233-годдзем абстрэлам уночы. Адна з ракет пацэліла ў старое, спісанае судна, што выклікала шквал жартаў. Страляніна па Мікалаеве абышлася без ахвяр.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, Мікалаеў зазнаў абстрэл блізу гадзіны ночы. Атакаваныя былі таксама і паселішчы вобласці.

Пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы, прыватныя прадпрыемствы, транспартныя сродкі і іншыя аб’екты інфраструктуры, дадае выданне «Новости N».

img.novosti-n.org

Адна з першых выпушчаных ракет па Мікалаеве трапіла ў спісанае судна. Яно перавярнулася і затанула. Пашкоджанні атрымаў і сам прычал.

Судна ўжо даўно было выведзена з эксплуатацыі і стаяла ля прычала ў чаканні ўтылізацыі на металалом. Папярэдне вядома, што расіяне выпусцілі па ім ракету С-300.

img.novosti-n.org

«Сёння акупанты вырашылі «павіншаваць» Мікалаеў з Днём гораду. Рашысты ўдарылі ракетамі, аднак яны зноў змарнавалі сілы і грошы на «вельмі важны абʼект», – адрэагаваў на затапленне судна прэс-афіцэр абласной ваеннай адміністрацыі Дзмітрый Пляцянчук.

«Арыгінальна (не) расійскія акупанты павіншавалі з 233-годдзем горад карабелаў, затапіўшы старое спісанае судна сваёй ракетай. Сімвалісты хр*новы. Шалеюць ад сваёй немачы», – адзначыў ён.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».