Міжнародны дзень анімацыі (International Animation Day, з 2002 года).
Устаноўлены ў гонар дэманстрацыі 28 кастрычніка 1892 года ў Парыжы “аптычнага тэатра” Эміля Рэйна.
Таленавіты вынаходнік упершыню публічна прадэманстраваў свой апарат праксінаскоп, які паказваў рухомыя карцінкі.
Гэта дата стала адпраўным пунктам адліку анімацыйнага кіно.
У гонар гэтага дня сеансы мультфільмаў адначасова праходзяць ў больш чым 110 краінах свету!.
Як ужо паведамлялі Магілёў.media, ў абласным цэнтры да дня анімацыі 26–28 кастрычніка праводзіцца Юбілейны XXV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2022”.
tunnel.ru
1523 год. У Кракаве выйшла з друку паэма беларуска-польскага паэта Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра».
У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас.
Усе часткі твора аб’яднаны тэмай лёсу радзімы, адданасці роднай зямлі.
Паэма – мастацка-гістарычны гімн прыгажосці роднай зямлі.
Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго магутнасці.
wikimedia.org
1884 год. Нарадзіўся Фларыян Ждановіч.
Беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра.
Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі, Вільні, сустваральнік і кіраўнік Першага таварыства драмы і камедыі, Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер – Купалаўскага).
Зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і іншых.
Арыштаваны ДПУ БССР у 1930 годзе, асуджаны да 5 гадоў лагераў.
У 1937 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны ў 1938 ці ў 1942 годзе.
wikimedia.org
1886 год. Адбылося афіцыйнае адкрыццё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.
Падарунак французскіх грамадзян да 100-годдзя амерыканскай рэвалюцыі, прыбыў з Францыі 17 чэрвеня 1886 года і складаўся з 350 частак.
Стваральнікі Ф. Бартольдзі і Густаў Эйфель.
Статуя ўстаноўлена на востраве Свабоды ў вусці ракі Хатсан / Гудзон.
Багіня Свабоды трымае паходню ў правай руцэ і падабенства кнігі ў левай. Надпіс на ёй лацінскімі літарамі “JULY IV MDCCLXXVI” значыць “4 ліпеня 1776”. Гэта дата падпісання Дэкларацыі Незалежнасці ЗША.
Адна нага статуі абапіраецца на разбітыя кайданы.
Сем зубцоў у яе кароне сімвалізуюць сем мораў ці сем кантынентаў.
Вышыня ад зямлі да кончыка паходні – 93 метры, вышыня самой статуі, ад верху пастамента да паходні – 46 метраў.
Унутры цокаля знаходзіцца Музей засялення Амерыкі і гісторыі самой статуі.
У 1984 годзе статуя ўнесена ў спіс аб’ектаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
lifeglobe.net
1904 год. У в. Гайшын сённяшняга Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Парфён Савіцкі.
Беларускі гісторык, дзяржаўны дзеяч. Кандыдат гістарычных навук.
Працаваў дырэктарам пачатковай школы, старшынёй Гайшынскага сельсавета, сакратаром Прапойскага райвыканкама, на партыйных пасадах у Мінску.
У 1938-1941 і 1943-1946 гадах – рэктар БДУ, у 1941-1943 – рэктар Педагагічнага інстытута ў Ніжнім Тагіле.
У 1949-1952 гадах – дацэнт гістарычнага факультэта БДУ.
Памёр у 1968 годзе.
wikimedia.org
1922 год. Нарадзіўся Міхась Даніленка.
Беларускі пісьменнік.
Працаваў у газеце «Гомельская праўда».
Аўтар апавяданняў, васьмі зборнікаў аповесцей і апавяданняў, некалькіх кніг прозы для дзяцей.
1925 год. Створана Пінская каталіцкая дыяцэзія.
Уваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі, займае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Цэнтр у Пінску.
Дыяцэзія аб’ядноўвае Баранавіцкі, Брэсцкі, Гомельскі, Ляхавіцкі, Мазырскі, Пінскі і Пружанскі дэканаты.
wikimedia.org
1939 год. У Беластоку пачаўся Народны Сход Заходняй Беларусі. Скончыўся 30 кастрычніка.
Праходзіў у будынку гарадскога тэатра. На парадку дня сходу быў разгляд пытанняў:
Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР
Аб дзяржаўным ладзе.
Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.
Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.
Сход зацвердзіў Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.
ФОТА – Будынак беластоцкага тэатра па вул. Электрычнай, 12, у якім праходзіў Народны Сход Заходняй Беларусі.
wikimedia.org
1945 год. У Мінску закладзены парк Перамогі.
Буйнейшы парк сталіцы. Размешчаны побач з Камсамольскім возерам на плошчы 200 гектараў.
У парку 33 тысячы дрэў, 25 тысяч кустоў. На беразе возера размешчаны лодачная станцыя, водна-вяслярная база, дзіцячая зона з пляцоўкамі для гульняў і заняткаў спортам, Палац піянераў і школьнікаў.
Каля парка 2 ліпеня 2014 года адкрыты новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
20 верасня 2013 года парку была прысвоена назва Музейна-паркавы комплекс «Перамога».
wikimedia.org
1995 год. Адбыўся пажар у бакінскім метро – найбуйнейшы па колькасці ахвяр інцыдэнт у гісторыі метрапалітэнаў свету.
Загінула 3 выратавальнікі, 286 пасажыраў, у тым ліку 28 дзяцей. Колькасць параненых склала 270 чалавек.
У адным з вагонаў загарэўся цягавы рухавік. Машыніст спыніў цягнік у вузкім тунэлі. З-за дрэннай вентыляцыі і слабой асветленасці тунэлю многія пасажыры задыхнуліся або былі заціснуты ў паніцы.
tunnel.ru
2002 год. Памёр Леанід Давідзенка.
Беларускі скульптар, жывапісец, графік, педагог.
Унёс значны педагагічны ўклад у развіццё беларускай скульптурнай школы. Яго вучнямі з’яўляюцца А. Козел, А. Фінскі, У. Слабодчыкаў, М. Пятруль, А. Шапо, І. Арцімовіч, М.Шняк, А. Мядзведеў.
Аўтар многіх скульптур, у тым ліку «Лета» (фантан на праспекце Пераможцаў у Мінску), «Сымон-музыка», «Чорная панна» (Нясвіж).
У 1979 годзе скульптура «Юнак з вавёркай» экспанавалася на выставе ў Лондане.
Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і ў Рускім музеі.