Больш за ўсё наркаманаў у Магілёўскай вобласці – у Бабруйску, Магілёве і Асіповічах.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2022 год наркалагічнай службай вобласці ўзята пад назіранне 293 наркаспажыўцы (за 2021 год – 231). Рост на 71% – прыводзіць дадзеныя Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Узята пад дыспансернае назіранне з залежнасцю ад наркатычных сродкаў 49 чалавек (за 2021 год – 30), то бок маецца рост паказчыка на 63%.
Пад прафілактычнае назіранне ўзята спажыўцоў наркатычных сродкаў 244 чалавек (за 2021 год – 201) – больш на 21%. У тым ліку непаўналетніх – 17. Зза 2021 год было 14, гэта дэманструе рост паказчыка на 21%.
На 1 сакавіка 2023 пад наглядам наркалагічнай службы вобласці знаходзіцца 656 спажыўцоў наркатычных сродкаў (год назад іх было 644 чалавек), у тым ліку на дыспансерным уліку з залежнасцю ад наркатычных сродкаў – 285 чалавек (у 2022 годзе – 318), пад прафілактычным назіраннем – 371 чалавек (2022 год – 326) і тут рост паказчыка складае 13,8%. Сярод апошніх – 11 непаўналетніх асоб, як і ў мінулым годзе.
Найбольшая колькасць наркаспажыўцоў, якія знаходзяцца пад наглядам наркалагічнай службы, жывуць у Бабруйску – 52,9% (347 чалавек), Магілёве – 23,5% (154) і Асіповічах – 8,2% (54).
Сярэднестатыстычны наркаспажывец у Магілёўскай вобласці – гэта мужчына 30-50 гадоў, гараджанін, раней судзімы, з сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, не жанаты, беспрацоўны.
Штогод у Беларусі памірае да 100 чалавек ад перадазіроўкі наркотыкаў. Праблема наркаманіі ідзе поруч з праблемай распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, вірусных гепатытаў.
У краіне назіраецца тэндэнцыя амаладжэння асоб, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркотыкаў. Сведчаннем таго з’яўляецца павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх.
Аналіз наркасітуацыі ў краіне паказвае, што наркаманы раней аддавалі перавагу марыхуане, гераіну, метадону. У цяперашні час шырокае распаўсюджванне сярод наркаспажыўцоў атрымалі сінтэтычныя псіхастымулятары – альфа-pvp і мефедрон.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц