Жыхар Глускага раёна 1960 года нараджэння быў затрыманы напрыканцы мінулага года за тое, што трымаў у сваім доме слоік з 0,02 грама марыхуаны. Як высветлілася, у лістападзе і снежні 2023 года 64-гадовы мужчына ездзіў на ровары ў поле і збіраў там дзікія каноплі, якія потым сушыў і ўжываў.
На судзе было ўлічана, што пенсіянер мае станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы і пражывання, ніколі не затрымліваўся міліцыяй у п’яным выглядзе, а сабраную марыхуану гатаваў толькі для свайго ўласнага ўжытку, а не на продаж. У выніку суд Глускага раёна асудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію, а таксама ў пенсіянера быў канфіскаваны ровар як сродак здзяйснення злачынства – піша газета “Радзіма”.
Па заключэнні судовай медыцынскай псіхіятрычнай экспертызы, мужчына пакутуе на наркаманію, таму суд таксама прызначыў яму прымусовае лячэнне.
Фота ілюстрацыйнае