Газета “УзГорак” спыніла выхад

Сёння быў надрукаваны апошні папяровы наклад газеты.

Рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад выдання – гаворыцца на сайце газеты. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца, пакідаючы права чытання паміж радкоў. 

“Спадзяемся, не назаўжды. – гаворыцца ў развітальнай нататцы – Прыйдуць іншыя часы, і мы будзем працаваць для вас і разам з вамі, як гэта было апошнія 12 год.”

Газета “УзГорак” стала яркай з’явай у рэгіянальнай журналістыцы, дасягнуўшы папулярнасці і вагі ў вырашэнні сацыяльных пытанняў і асвятленні жыцця рэгіёна. Газета асвятляла падзеі ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах. Яе можна было набыць у шматлікіх крамах і шапіках у Горках, да апошняга часу на “УзГорак” можна было падпісацца праз “Белпошту”. Цяпер падпіску таксама прыпынілі. Усім, хто падпісаўся на выданне да канца года, будуць вернутыя сродкі – паведамілі ў рэдакцыі.

Апошні нумар газеты выйшаў на 16 старонках. У ім змяшчаюцца прыватныя аб’явы з Горак і Дрыбіна, народныя прыкметы і месяцовы каляндар да канца кастрычніка, тры сканворды, астрапрагноз, афіша кінатэатра “Крыніца” і праграма тэлеканалаў. У гэтым нумары шмат фота і артыкулы аб людзях паўночна-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны.

На Мсціслаўшчыне вяскоўцаў тэрарызуюць ваўкі. Пяцярых забілі

Драпежнікаў вынішчыла адмысловая брыгада паляўнічых.

На паяўленне небяспечных жывёлаў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў паскардзіліся жыхары мясцовых вёсак Вароўскага, Добрае і Мушына. Паселішчы знаходзяцца за 15 кіламетраў на паўднёвы захад ад раённага цэнтру, у адносна бязлеснай мясцовасці.

Пасля скаргі на «прыбылых» ваўкоў арганізавалі паляўнічы атрад, – піша выданне Mstlife.by.

Некалькі дзён паляўнічыя пільнавалі ў мсціслаўскіх лясах ваўкоў. Аднаго застрэлілі ля вёскі Сялец. Яшчэ траіх паблізу вёскі Добрае. Яшчэ аднаго пацэліў паляўнічы, які выбраўся біць качак.

Спецыялісты мяркуюць, што найчасцей у памежныя раёны Магілёўшчыны ваўкі забрыдаюць з суседніх рэгіёнаў Расіі. «Прыбылых» драпежнікаў звычайна адстрэльваюць.

фота з адкрытых крыніц

Расіянам не дазволілі вывезці буйную партыю беларускай гародніны

Двое грамадзянаў Расійскай Федэрацыі везлі з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Гэта выявілі магілёўскія мытнікі.

Адзначаецца, што затрыманне расіян стала вынікам «спецыяльнага мерапрыемства» супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з кантрабандай сумесна з супрацоўнікамі мсціслаўскага ДАІ»

«Паблізу беларуска-расійскай мяжы на тэрыторыі Мсціслаўскага раёну былі спыненыя дзве грузавыя машыны пад кіраваннем грамадзян Расійскай Федэрацыі» – паведамляе тэлеграм-канал «MOGILEVNEWS».

Што зрабілі з выяўленай кантрабанднай прадукцыяй, праўладны рэсурс не паведамляе.

 

У Бабруйску машынай збілі лася. Падобнае днямі здарылася ў Бабруйскім і Мсціслаўскім раёнах

Здарэнне ў Бабруйску адбылося на выездзе з гораду.

У машыне ехала маладая пара. Хлопец і дзяўчына не пацярпелі, а жывёла загінула, піша «Бобруйский курьер».

Ад удару лася адкінула з дарогі на некалькі метраў. Аўтамабіль атрымаў сур’ёзныя механічныя пашкоджанні.

Здарылася тое на шашы Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы.

Днямі ў Бабруйскім раёне была падобная гісторыя. Машынай ля вёскі Міхайлаўка збілі лася, які выйшаў на праезную частку.

Тое ж адбылося і ў Мсціслаўскім раёне.

У апошніх двух здарэннях, справакаваных дзікімі жывёламі, пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця.