Змяніўся дызайн і стала менш яркіх тонаў. Вытворцы малочнай прадукцыі без звыклага Tetra Pak

У Бабруйску на мясцовым філіяле «Бабушкінай крынкі» кажуць, што на назапашанай упакоўцы Tetra Pak пратрымаюцца чатыры месяцы. У мэтах эканоміі на прадпрыемстве вяршкі сталі ўпакоўваць у прасцейшы варыянт – эка-лайн.


Шведскі вытворца ўпакоўкі Tetra Pak сышоў з расійскага і беларускага рынкаў у сувязі з вайной ва Ўкраіне. Унікальнасць Tetra Pak у тым, што гэта ўпакоўка дазваляе працяглы час захоўваць прадукт, які хутка псуецца. У Беларусі чыноўнікі заяўляюць, што самі будуць вырабляць падобную упакоўку.


Стала менш яркіх тонаў

У Бабруйску, тым часам, дырэктар філіялу Сяргей Казлоў запэўнівае: на працы прадпрыемства дэфіцыт Tetra Pak пакуль не адбіўся.

«Існуючыя запасы тэтрапаку дазволяць нам працаваць яшчэ на працягу чатырох месяцаў. Адзінае – крыху змяніўся дызайн пакетаў. Стала менш яркіх тонаў» – апавядае ён інтэрнэт-рэсурсу Komkur.info.

Па яго словах, цяпер у мэтах эканоміі тэтрапаку вяршкі разліваюць ва ўпакоўкі эка-лайн – у выглядзе збана аб’ёмам 0,5 літра.

У беларускіх вытворцаў малочкі праблемы з упакоўкай Tetra Pak з’явіліся яшчэ ў траўні. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ёй.

Эксперыменты з упакаваннем малочнай прадукцыі

Спажыўцы звярнулі ўвагу на эксперыменты з упакаваннем малочнай прадукцыі. Напрыклад, у пакунках, прызначаных для малака сталі разліваць вяршкі. Альбо, малочку беларускаму спажыўцу прапаноўвалі ва ўпакоўцы з этыкеткамі на кітайскай мове.

Цяпер у магілёўскіх крамах малочная прадукцыя выстаўляецца ва ўпакаванай для экспарту ў іншыя краіны тары.

Міністр паскардзіўся Лукашэнку

Урадоўцы праблемы з Tetra Pak прызналі толькі на пачатку жніўня. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання прызнаў, што з упакоўкай ёсць складанасці з-за санкцый. Ігар Брыло даклаў пра праблему Лукашэнку і прызнаўся, што Tetra Pak не ўдаецца замяніць у поўным абʼёме.

Лукашэнка загадаў да канца году наладзіць выраб альтэрнатыўнай упакоўкі. Да канца году чатыры месяцы, акурат на столькі хопіць назапашанай бабруйскімі малочнікамі шведскай упакоўкі.

 

У мінскіх пакунках з-пад малака, аформленых на кітайскай мове, прадаюць горацкія вяршкі

Праблемы з пакункамі TetraPak дабраліся і да «Малочных горак». Гэта прадпрыемства знаходзіцца ў райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.

Мясцовыя спажыўцы малочнай прадукцыі звярнулі ўвагу, што ў пакунках, прызначаных для малака разлітыя вяршкі 10-працэнтнай тлустасці. Тое ўдакладняла налепка.

Сама ж упакоўка была не з «Малочных горак», а «Малочнага гасцінца», прадпрыемства з Мачулішчаў Мінскай вобласці. Акрамя расейскай мовы на этыкетках меўся надпіс на кітайскай мове, паведамляе рэсурс Horki.info.

Праблемы з упакоўкай днямі прызнаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – запэўніваў ён.

Раней беларускую прадукцыю з кітайскай мовай на этыкетках прадавалі ў Магілёве і Бабруйску. У тамтэйшыя крамы малако пастаўляла акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка», пісаў Магілёў.media.

Яе прадстаўнікі тлумачылі, што ў продаж прадукцыя з кітайскай мовай трапіла, бо прадпрыемства збіралася супрацоўнічаць з Кітаем.