Беларускія ваенныя інструктары навучаюць ваяваць мабілізаваных на вайну расійскіх рэзервістаў пад Асіповічамі. Рэха выбухаў стала мясцовай штодзённасцю.
Афіцыйна анансавана, што ў Беларусь на розныя палігоны ў бліжэйшы час прыбудуць 9 тысяч расійскіх салдат. Частка з іх размешчана на Магілёўшчыне.
Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расіяне пачалі прыбываць у Асіповічы яшчэ да таго, як было афіцыйна абвешчана аб стварэнні “сумеснай групоўкі войскаў”. Сур’езных канфліктаў паміж расіянамі і беларусамі пакуль не назіраецца. Хаця любоў мабілізаваных ваяк да паходаў у харчовыя магазіны за так званымі “моцнымі” прадуктамі штодзённага ўжывання, асіпаўчане ўжо прыкмецілі. А да кананады ад выбухаў тутэйшы люд ужо прызвычаіўся.
“Сталіцай беларускай артылерыі” пафасна называе Асіповічы дзяржаўная прэса. У савецкія часы ў горадзе кватаравала артылерыйская дывізія. Цяпер жа ў ваенным гарадку Паўднёвы суседнічаюць 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада і 465-я ракетная брыгада.
фота: sb.by
Не дзіўна, што на палігоне пад Асіповічамі вядзецца падрыхтоўка расійскіх артылерыстаў.