Дзень у гісторыі. Раскол хрысціянскай царквы. Партызанскі парад. Заснаванне музею гісторыі Магілёва

16 ліпеня 1054 года адбыўся раскол Хрысціянскай Царквы.

Хрысціянства падзялілася на каталіцкую з цэнтрам у Ватыкане (Рым) і праваслаўную з цэнтрам у Канстанцінопалі (Візантыя, цяпер Стамбул, пасля акупацыі Асманскай імперыяй).


16 ліпеня 1944 года адбыўся ў Мінску Партызанскі парад

У ім бралі ўдзел 30 партызанскіх брыгад у асноўным Мінскага і Магілёўскага партызанскіх злучэнняў. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 тысяч партызан і 50 тысяч жыхароў гораду.


16 ліпеня 1976 года памёр Ян Станкевіч.

Мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч.

Імкнуўся выкарыстоўваць найперш уласныя рэсурсы мовы – дыялектнай, даўнейшай, часам наватворы – каб засведчыць яе жыццяздольнасць і адметнасць ад суседніх. Каб найбольш адметныя рысы беларускае старой ды жывой народнай мовы знаходзілі сабе месца ў сучаснай моўнай практыцы.


16 ліпеня 1990 года заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Месціцца ў будынку гарадской ратушы.

Асноўная экспазіцыя прысвечаная Магілёву ў часы Магдэбурскага права.

Сярод экспанатаў адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 году.

У канферэнц-зале праходзяць урачыстыя гарадскія імпрэзы.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

 

У Мінскім дэльфінарыі ўпершыню за дзесяць гадоў нарадзілася дэльфіня

Малы плавае разам з маці і вучыцца важным для жыцьця ў вадзе навыкам.

Імя дэльфіняці супрацоўнікі ўстановы яшчэ не прыдумалі. Пол таксама не вызначаны, бо маці не падпускае да яго. Іншыя дэльфіны прынялі папаўненне, перадае тэлеканал «ОНТ».

«На 6 месяцы цяжарнасць была ўсталяваная, і матуля была вызваленая ад скачкоў, кульбітаў, сальта. Гэта значыць, у яе была такая лёгкая нагрузка. Цяпер малы плавае разам з мамай, навучаецца нейкім важным навыкам, такім як затрымка дыхання», – апавядае арт-дырэктар дэльфінарыю Алеся Цітова.

На сайце дэльфінарыю навіны пра нараджэнне дэльфіняці няма згадкі.

фота: ОНТ

Дзень у гісторыі. Дзень незалежнасці ЗША. Перапахаванне Адама Міцкевіча. Тэракт на Дзень Незалежнасці. Плюшавы дэсант

4 ліпеня 1776 года прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Дзень незалежнасці ЗША.

Дэкларацыю зацвердзілі на Другім Кантынентальным кангрэсе, з’ездзе дэпутатаў ад 13 амерыканскіх калоніяў Вялікабрытаніі. 13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць 13 калоніяў (штатаў).

Абвяшчэнне незалежнасці стала вынікам дзесяцігадовага змагання еўрапейцаў, якія нарадзіліся ў Амерыцы, за існаванне іх краіны незалежна ад метраполіі.

external.polskieradio.pl


4 ліпеня 1890 года адбылося перапахаванне Адама Міцкевіча ў Вавельскім саборы ў Кракаве.

Польскі літаратар, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры.

Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ягоная «Ода да маладосці» была ўспрынятая як маніфест паўстання 1830–1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэм «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец вёскі Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі з Канстанцінопалю (Стамбул, Турцыя), дзе памёр.

У Наваградку, Стамбуле працуюць музеі Адама Міцкевіча. Яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі ў гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, помнік у Парыжы.

Вавельскі сабор, ці Сабор Святых Станіслава і Вацлава – пахавальня польскіх каралёў. Акрамя МІцкевіча там спачывае яшчэ адзін знаны польскі літаратар Юлівуш Славацкі.

wikimedia.org


4 ліпеня 1952 года памёр Язэп Варонка.

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст.

Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР. 

У ЗША ўзначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету «Беларуская трыбуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Памёр у ЗША.

wikimedia.org


4 ліпеня 2008 года адбыўся тэракт на святочным канцэрце да афіцыйнага Дня незалежнасці.

Выбухнула самаробная прылада, начыненая металічнымі гайкамі і цвікамі.

Пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

Падазраванымі ў тэракце пабывалі 120 чалавек. Іх трымалі па 10 сутак у СІЗА. Адбіткі пальцаў узятыя ў 1,3 мільёна чалавек. 12 тысячаў чалавек адмовіліся ад гэтай працэдуры.

2 ліпеня 2009 году Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Вінаватыя да гэтага не ўстаноўленыя, таксама як і не раскрытыя выбухі ў Віцебску. Гэта ганьба для праваахоўных органаў».

nmn.by


4 ліпеня 2012 года адбыўся «Плюшавы дэсант» альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія перасеклі мяжу беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом, даляцелі да мінскага Сухарава, скінулі з самалёта на парашутах цацачных мядзведзікаў. Да іх прывязаныя былі ўлёткі з надпісамі, якія заклікалі да выканання свабоды слова ў краіне.

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць факт пранікнення замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору парушэннем яе цэласнасці

26 ліпеня 2012 года Аляксандр Лукашэнка прызнаў факт парушэння мяжы, а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага пагранічнага камітэту генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады і віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса.

bnp.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

 

 

Дзень у гісторыі. Афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі. Гадавіна вызвалення Мінску з-пад акупацыі маскоўцаў. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч, літаратарка вядомая пад псеўданімам Цётка

3 ліпеня – Дзень незалежнасці Беларусі (Дзень Рэспублікі).

Галоўнае афіцыйнае дзяржаўнае свята.

Ад 1991 да 1996 году Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня. У 1990 годзе дэпутатамі Вярхоўнага савету 12 склікання была зацверджана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Праз год ёй быў нададзены статус закону.

3 ліпеня стала Днём незалежнасці рашэннем Аляксандра Лукашэнкі. З яго ініцыятывы ў 1996 годзе правялі рэферэндум, адным з пытаннем якога было змяненне даты адзначэння Дня незалежнасці. Ён быў прымеркаваны да Дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Той рэферэндум пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі. 1996 год лічыцца пачаткам усталявання ў Беларусі дыктатарскага рэжыму. Паводле апанентаў улады і міжнароднай супольнасці правядзенне рэферэндуму праходзіла з істотнымі парушэннямі заканадаўства.

novychas.online


3 ліпеня 1660 года войска Паўла Сапегі вызваліла Мінск з-пад акупацыі маскоўскага войска.

Мінск прабыў пад уладай маскоўцаў 5 гадоў. Тады трывала трынаццацігадовага вайна, распачатая ўсходнім суседам. Шырокай грамадскасці пра яе стала вядома з кнігі гісторыка Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна».

Наступствы той вайны для земляў Беларусі былі катастрафічныя. Да вайны насельніцтва Мінску складала 7 тысяч чалавек. Па вайне ў 1667-ым налічвалася толькі 300 двароў. Даваенную колькасць насельніцтва ўдалося аднавіць Мінску праз сто год.

kyky-public-storage.s3.eu-central-1.amazonaws.com


3 ліпеня 1876 года нарадзілася Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка.

Паэтэса, грамадскі дзеяч.

Адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара».

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

wikimedia.org


3 ліпеня (20 чэрвеня) 1896 года нарадзіўся Яраслаў Кастыцэвіч.

Педагог, грамадскі і царкоўны дзеяч.

Адзін з арганізатараў і дырэктар Беларускай дзяржаўнай гімназіі ў Бельску Падляскім, дырэктар беларускага ліцэю.

У Бельску Падляскім на будынку ліцэю імя Браніслава Тарашкевіча ў яго гонар усталявана мемарыяльная дошка. Яго імя носіць комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляскім.

wikimedia.org


3 ліпеня 1901 года нарадзіўся Аляксандр Крыт, вядомы як айцец Андрэй.

Рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Змагар за беларушчыну, праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Член Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, ЗША. Святар у прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе (штат Агаё).

wikimedia.org


3 ліпеня 1941 года пачалася 23-х дзённая абарона Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трывала да 26 ліпеня. Абаронцы Магілёва скавалі значныя войскі гітлераўцаў і развеялі міф пра іх непераможнасць.

Падзеі, звязаныя з абаронай Магілёва адлюстраваныя ў фільмах «Дняпроўскі рубеж», «Жывыя і мёртвыя». У памяць аб баях 172 стралковай дывізіі ў 1995 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

gubernsky.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя», а таксама з іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

Фотаальбом «Магілёў.media». Якім убачыў Мінскі заапарк жыхар Шклова?

Жыхар райцэнтру ў Мінскім заапарку разам з сям’ёю бавіўся цэлы дзень. Ён прызнаецца, што на чацьвёртым дзясятку свайго жыцця адкрыў даўно існуючую, цікавую і пазнавальную мясціну.

Свае прыгоды шклавянін фіксаваў на фота. Сэрыю фотаздымкаў даслаў у Магілёў.media. Яны папоўнілі фотаальбом выдання.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.


Атар ліста адзначае, што на плошчы ў 15 гектараў жывуць 450 відаў жывёлаў. Калекцыя рыб, паўзуноў, птушак, звяроў налічвае 2500 асобін.

Па яго словах, дзеці былі ў захапленні, пабачыўшы малпаў, гіен, зебраў, зубра з мянушкай Байнэт, вярблюда ды прадстаўнікоў фаўны.

«Калі мядзведзю ў прасторным вальеры ў спёку было не зусім камфортна, горача, то насельнікі экзатэрарыуму, тэрарыуму, з выгляду адчувалі сябе выдатна. У паводзінах вадаплаўных птушак, якія прыжыліся на натуральных затоках Свіслачы, таксама не было нечага незвычайнага», – заўважае ён.

Далей наведнік звярынцу піша, што на пляцоўцы «Вясковая сядзіба» у адноўленым вясковым асяроддзі пасвяцца свойскія жывёлы: трусы, куры, коні, парасяты, авечкі, козы. На іх ня толькі можна глядзець, але дакрануцца і нават пакарміць, адзначае ён.

«Хоць для жыхароў глыбінкі такія звяры не экзатычныя, але пабачыць іх у нязвыклай абстаноўцы было цікава», – піша далей шклавянін.

У звярынцы ёсць свае дыназаўры, праўда, не жывыя, а іх манекены, удакладняе ён. Іх трымаюць у «Дынапарку».

У канцы ліста аўтар паведамляе, што Мінскі заапарк размешчаны на ўскраіне горада. Ён быў утвораны 9 жніўня 1984 году, як заабатанічны сад Мінскага аўтазаводу.

Недалёка ад яго станцыя метро “Аўтазаводская”. Побач парк 900-годдзя Мінска і Чыжоўскае вадасховішча.

Дзень у гісторыі. Пачатак савецкай партызанкі. У Мінску пусцілі метро. Памёр Ксенафонт Гаворскі, даследнік беларускіх курганоў

29 чэрвеня 1440 года вялікім князем ВКЛ абраны Казімір Ягелончык. 

Быў таксама каралём польскім.

Вярнуў Вялікаму княству Літоўскаму Валынь, Падолле, Дарагічынскую зямлю.

Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. Выдаў Судзебнік, ліквідаваў удзельныя княствы.

wikimedia.org


29 чэрвеня 1941 года – афіцыйны пачатак савецкай партызанкі.

Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву, у якой заклікалі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых савецкай арміяй.

У Беларусі да канца чэрвеня 1941 году дзейнічалі 4 партызанскія атрады, у ліпені – 35, а ў жніўні – 61.

Спачатку атрады налівалі ад 25 да 70 чалавек, потым – 100–350, былі і ў 800 і больш партызан.

На Магілёўшчыне 1 ліпеня 1941 году была сфармавана Клічаўская партызанская зона, якая ахоплівала Клічаўскі, часткова Асіповіцкі, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Кіраўскі раёны.

archiwum.radyjo.net


29 чэрвеня 1984 года пачаўся рэгулярны рух мінскага метро.

Яго пракладалі ад 1977 году.

Цягнікі перавозілі пасажыраў спачатку ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры».

Цяпер мінскае метро мае 33 станцыі на трох лініях: 

Аўтазаводскай, Маскоўскай і Зялёналужскай.

У 2020 годзе мінскім метро было перавезена амаль 220 мільёнаў чалавек. У сярэднім за суткі паслугамі метрапалітэну карыстаюцца блізу 600 тысяч пасажыраў.

euroradio.fm


29 чэрвеня 1896 года нарадзіўся Уладзіслаў Казлоўскі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У час вучобы далучыўся да беларускага нацыянальнага руху.

3 1921 служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у дзейнасці беларускіх суполак. Адзін з лідараў правага радыкальнага крыла беларусканага нацыянальнага руху.

У 1930 году звольніўся ў запас у званні паручніка, пераехаў у Вільню і распачаў грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць. У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах.

У 1941–1943 у Мінску быў рэдактарам «Беларускай газеты». У рэдакцыі гэтай газеты быў забіты партызанамі.

Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

wikimedia.org


29 чэрвеня 1871 года памёр Ксенафонт Гаворскі.

Беларускі гісторык, археолаг, выдавец.

Піянер археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Займаўся археалагічнымі раскопкамі курганоў каля Полацка, Ушачаў, на рацэ Дрыса.

Першым у Беларусі падрабязна апісаў структуру курганных насыпаў. Даследчык царкоўнай гісторыі Беларусі.

wikimedia.org


29 чэрвеня 1958 года памёр Фабіян Ярэміч.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, сябра Рады БНР.

Адзін з арганізатараў і лідараў Беларускага сялянскага саюзу, Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.

У 1945-1956 гадах рэпрэсаваны. Па вызваленні з ГУЛАГу жыў у Вільні.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя”