Міністэрства абароны паведаміла пра смерць вайскоўца

Прычынамі здарэння называецца «парушэнне правілаў эксплуатацыі тэхнікі».

«Падчас правядзення планавых заняткаў у 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у выніку парушэння правілаў эксплуатацыі тэхнікі вайсковец, інструктар ваджэння, атрымаў траўму, несумяшчальную з жыццём», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што камісіяй Міністэрства абароны ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі праваахоўных органаў праводзіцца праверка па высмятленні прычын і ўмоваў здарэння.

Вайна ва Ўкраіне. У вызвалены ад расійскіх войск Ізюм наведаўся прэзідэнт Уладзімір Зяленскі

Ізюм, горад у Харкаўскай вобласці, знаходзіўся пад расійскай акупацыяй з сакавіка. Вызвалілі яго 11 верасня і тады ж над цэнтрам гораду быў вывешаны украінскі сцяг.

14 верасня прэзідэнт Зяленскі ўзяў удзел ва ўрачыстым узняцці сцягу ў вызваленым украінскімі дэсантнікамі Ізюме. Разам з Зяленскім горад наведалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Паводле выдання ў Харкаўскай вобласці вызваленыя больш за 40 паселішчаў.

Міністэрства абароны Расіі прызнала, што расійскія войскі адступаюць з рэгіёну.

Украінскія вайскоўцы вызвалілі ад расіян больш за 300 паселішчаў на Харкаўшчыне

Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр настойвае, што рэальная колькасць вызваленых тэрыторый у Харкаўскай вобласці амаль удвая большая і абяцае агучыць іх 14 верасня.

Пакуль жа, паводле Ганны Маляр, пачынаючы ад 6 верасня вызваленыя ад расійскіх войск 3 800 квадратных кіламетраў тэрыторыі рэгіёну.

«Больш за 300 паселішчаў і каля 150 тысяч нашых людзей сталі свабоднымі ад акупацыі, дзе яны фактычна былі закладнікамі«, – кажа яна.

Ганна Маляр адзначае, што аперацыя працягваецца і будзе трываць да поўнага вызвалення Харкаўскай вобласці, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Выданне нагадвае, што 6 верасня Узброеныя Сілы Украіны пачалі контрнаступальную кампанію на акупаваныя тэрыторыі Харкаўскай вобласці.

11 верасня Міністэрства абароны Расіі прызнала, што кантроль амаль над усёй захопленай часткай рэгіёну страчаны.

Пасля ў Генштабе ўкраінскіх узброеных сіл пацвердзілі, што «варожыя сілы збеглі з Харкаўскай вобласці».

Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

Магілёўскае прадпрыемства гатовае абшываць расійскіх сілавікоў. Прадукцыю паказвала на выставе Міністэрства абароны Расіі

Акцыянернае таварыства «Магатэкс», якое лічыцца лідарам тэкстыльнай галіны Беларусі, шукае заказы для загрузкі сваёй вытворчасці.

Вядома, што «Магатэкс» другі год запар спрацоўвае ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў, пісаў Магілёў.media.

У ліпені быў звольнены з пасады шматгадовы кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч. На яго месца паставілі былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Пацёмкіна. Ён, як вынікае з ягонай біяграфіі, найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах доўга не затрымліваўся.

«Магатэкст» шукае пакупнікоў сваёй прадукцыі пераважна на расійскім рынку. Прадпрыемства і раней прадавала там багата вырабаў.

На ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022», які шмат год склікае Міністэрства абароны, магілёўскае прадпрыемства прадставіла тканіну для дэмісезоннай і зімовай формы супрацоўнікаў сілавых структур і форменнае адзенне з іх, а таксама іншыя віды тканіны, з рознымі відамі ахоўных і спажывецкіх уласцівасцяў, зацверджаных у сілавых ведамствах.

На сайце «Магатэкс» напісана, што выстава ў Падмаскоўі для яго – «адна з ключавых пляцовак для дэманстравання як традыцыйных класічных узораў прадукцыі, так і перспектыўных распрацовак».

Да вайны ва Ўкране «Магатэкс» ездзіў на выставы ў Еўропу. У 2017 годзе прадстаўнікі прадпрыемства пабывалі ў Германіі. Паведамлялася, што там былі перамовы аб пастаўцы тканін і атрыманні заказаў на пашыў гатовых вырабаў у Польшчу, Германію, Кітай, Грэцыю, Украіну, Сербію, Партугалію, Італію, Румынію, Вялікабрытанію, Ірландыю, Данію, Латвію, Венгрыю, Канаду.

У тым жа годзе «Магатэкс» паказваў сваю прадукцыю ў Чылі і разлічваў мець заказы для сілавых структураў краін Паўднёвай Амерыкі.

фота: mogotex.com

Падчас баявой падрыхтоўкі параніўся вайсковец — Міністэрства абароны

Агнястрэльную траўму атрымаў салдат тэрміновай службы аднаго з механізаваных падраздзяленняў.

Ваеннаслужачаму аказана медычная дапамога, адзначана у  тэлеграм-канале «Министерство обороны Республики Беларусь»

У паведамленні гаворыцца, што камісіяй Міністэрства абароны ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі праваахоўных органаў праводзіцца праверка на ўстанаўленне абставін здарэння.

 

фота з рэсурсу https://ukranews.com/news